Так можна сказаць пра нашага земляка Аляксея Аляксандравіча Яновіча.
Ён дзяржаўны і грамадскі дзеяч, ганаровы грамадзянін Карэліцкага раёна.
Ёсць меркаванне, што на долю кожнага пакалення выпадае свая ноша цяжкасцяў і ўзрушэнняў. Аляксей Аляксандравіч Яновіч – з тых людзей, якія ніколі не стаялі ў баку ад жыцця народа, ад яго праблем. Яго прафесійная дзейнасць была звязана з самымі складанымі момантамі ў жыцці СССР і Беларусі. Сам лёс вёў яго ў рэгіёны, дзе адбываліся вострыя, значныя гістарычныя падзеі: асваенне цалінных земляў, чарнобыльская катастрофа, развал Савецкага Саюза, станаўленне суверэннай Рэспублікі Беларусь.
Нарадзіўся Аляксей Яновіч у Дзятлаўскім раёне ў вёсцы Зачэпічы. Шасцігадовы хлапчук пайшоў у школу ў 1945 годзе. Настаўнік у яго быў вельмі цікавы, мясцовы – Іван Пятровіч Івашэвіч. Паэт, пісаў пад псеўданімам Пятрусь Граніт, друкаваўся ў раённай газеце. Яго Аляксей Яновіч успамінае з вялікай удзячнасцю і цеплынёй.
Куды ісці вучыцца пасля школы, выбіраў нядоўга. Яго, як і большасць сельскіх хлапчукоў, цягнула да тэхнікі. Так што дамовіўся Аляксей з адным сваім сябрам ехаць паступаць у Беларускі інстытут механізацыі сельскай гаспадаркі. Тады ён толькі адчыніў свае дзверы для абітурыентаў, па-за конкурсам ішлі залатыя і сярэбраныя медалісты. У выніку – вельмі вялікі конкурс: 16 чалавек на месца. Аднаго бала Аляксею не хапіла. Вярнуўся дадому, працаваў год у родным калгасе ў будаўнічай брыгадзе на розных работах. А потым паехаў у Гродна паступаць у сельгасінстытут на аграфак.
За гады вучобы хлопцу давялося тройчы папрацаваць на цаліне. Два гады запар ездзіў па камсамольскіх пуцёўках, а ў 1959 годзе – на практыку. Яго нават узнагародзілі медалём “За асваенне цалінных земляў”.
Да моманту заканчэння інстытута дэкана аграфака прызначылі начальнікам Гродзенскага абласнога ўпраўлення сельскай гаспадаркі. І той угаварыў некаторых выпускнікоў ісці да яго працаваць. Сярод тых выпускнікоў быў і Аляксей Яновіч.
Праз шэсць гадоў яго запрасілі на працу ў абкам партыі. Потым паехаў у Карэлічы першым сакратаром райкама партыі, дзе адпрацаваў 11 гадоў.
З Карэлічаў Аляксей Яновіч вярнуўся ў Гродна намеснікам старшыні аблвыканкама па сельскай гаспадарцы, але праз гады паўтара-два прыйшло новае прызначэнне – стаў загадваць сельгасаддзелам ЦК Кампартыі Беларусі. У студзені 1985 года Аляксея Яновіча абралі старшынёй Магілёўскага аблвыканкама.
Большую частку свайго жыцця адпрацаваўшы на Гродзеншчыне, Аляксей Аляксандравіч многае ўспрыняў як нязвыклае, адрознае. На ўсходзе вобласці было дрэнна з дарогамі. У многіх гаспадарках бракавала кадраў, асабліва механізатараў і жывёлаводаў. А тут якраз год выдаўся цяжкі – бясконцыя дажджы.
– Мы папрасілі дапамогі, прыехала шмат людзей з гарадоў, – успамінае Аляксей Аляксандравіч. – Кіраўніцтва рэспублікі тады зрабіла з сітуацыі важныя для Магілёўшчыны высновы: камбайнаў не хапае, механізацыю вобласці трэба падымаць, будаваць дарогі. І дапамаглі нам з тэхнікай цэнтралізавана. Так што да наступнага года на Магілёўшчыне рыхтаваліся з добрым настроем.
Але ў 1986 годзе здарылася страшная бяда: 26 красавіка – аварыя на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі.
– Спачатку нам, нават кіраўніцтву, нічога не казалі. Адзінае, што стала вядома: нямецкія спецыялісты ў той дзень манціраваць абсталяванне на прадпрыемстве “Хімвалакно” не выйшлі. У іх дазіметры былі, зафіксавалі павышаны ўзровень радыяцыі, – успамінае Аляксей Аляксандравіч.
Аляксей Яновіч патэлефанаваў начальніку штаба грамадзянскай абароны, генерал-лейтэнанту Аверкію Грышагіну. Той адкрыта казаць нічога не захацеў, толькі намякнуў, што ў Гомелі бяда. Але супакоіў, што Магілёва гэта не датычыцца.
Тым не менш, сядзець склаўшы рукі Аляксей Аляксандравіч не мог. Паслаў у бок Гомеля дзве групы з дазіметрамі ДП-5. Групы замяралі радыяцыю: у Быхаўскім раёне зафіксавалі значнае павышэнне, у Краснаполлі – яшчэ вышэйшае. Аднак уся ўвага кіраўніцтва краіны ў тыя дні была звернута выключна на Гомельшчыну.
Гэта былі самыя складаныя дні. Давялося спраўляцца сваімі сіламі, сваёй уладай, грашыма абласнога бюджэту. Вызвалілі пансіянаты, дамы адпачынку, перавезлі туды жанчын з дзецьмі, цяжарных з забруджаных тэрыторый. Некалькі тысяч чалавек. Глядзелі, як робіць Гомельшчына, і рабілі тое ж самае.
Кіраўніцтва ж ездзіла па ўсёй вобласці, не звяртаючы ўвагі на паказанні дазіметраў, хоць тыя былі ў машыне. А яшчэ мелі з сабой гумовыя боты. Але як могуць боты выратаваць ад радыяцыі? У Чэрыкаўскім раёне была самая высокая шчыльнасць цэзію: больш за 1000 кюры. А людзі праблемы не бачылі, значыць, не разумелі небяспекі, нават мясцовыя кіраўнікі. Гэта ўжо потым прыехалі навукоўцы, ваенныя, пачаліся абследаванні. І дзякуючы ім высветліўся ўвесь трагізм становішча. Пачалі тэрмінова праводзіць дэзактывацыю. Але толькі 14 чэрвеня Саўмін СССР прыняў рашэнне, якое афіцыйна прызнавала, што і Магілёўшчыне патрэбны сур’ёзныя мерапрыемствы. І тады паўстала пытанне пра адсяленне людзей з забруджаных тэрыторый.
Праз год пасля чарнобыльскай трагедыі Яновіча выклікалі ў Мінск да першага сакратара ЦК Яфрэма Сакалова. Маўляў, трэба ехаць у Маскву. Нават асаблівых падрабязнасцей не паведамілі. Толькі тое, што хочуць яго забраць на працу ў ЦК. Яновічу не вельмі хацелася пакідаць Беларусь, але і адмаўляцца тады было нельга.
Два гады адпрацаваў інспектарам у аргаддзеле ЦК. Неўзабаве паўстала пытанне падрыхтоўкі рэформы дзяржаўнага кіравання. Прайшла 18-я партыйная канферэнцыя. Ішлі размовы аб маючым адбыцца з’ездзе, выбарах, дэмакратызацыі. Першым намеснікам Міхаіла Гарбачова тады быў Анатоль Лук’янаў, ён і прапанаваў Аляксею Аляксандравічу перайсці на працу ў Вярхоўны Савет. Паколькі Яновіч працаваў старшынёй аблвыканкама ў Беларусі, гэта значыць, меў вопыт падобнай працы, пагадзіўся.
Рыхтавалі знакаміты 1-ы з’езд народных дэпутатаў СССР 1989 года. Усе чакалі і прагнулі навацый. Усе разумелі, што трэба нешта рабіць з эканомікай, кіраваннем.
Запомніліся Яновічу на з’ездзе выбары прэзідэнта СССР. Але Саюз трашчаў па швах. Пачаліся канфлікты на міжнацыянальнай глебе. Яновіч у гэты час працаваў першым намеснікам кіраўніка апарата Вярхоўнага Савета, які адказваў за працу і жыццядзейнасць ведамства.
Пасля ліквідацыі СССР Аляксей Аляксандравіч яшчэ некаторы час працаваў у Маскве намеснікам пастаяннага прадстаўніка Беларусі. Аднак вельмі хацеў вярнуцца на радзіму. І праз год яму прапанавалі ўзначаліць Кіраўніцтва аграпрамысловага комплексу Савета Міністраў Беларусі.
Гэта былі складаныя і цяжкія гады для ўсёй рэспублікі. Асноўным дасягненнем таго перыяду Аляксей Аляксандравіч лічыць тое, што не дапусцілі развалу буйных гаспадарак. І дзякуючы гэтаму пасля атрымалася хутчэй стабілізаваць становішча.
Актыўная жыццёвая пазіцыя не дазваляе Аляксею Аляксандравічу расслабляцца і сёння: працягвае працаваць, з’яўляецца дарадцам у закрытым акцыянерным таварыстве “Белагразамежгандаль”. Ён душой хварэе за развіццё аграпрамысловага комплексу.
– Патрэбны стымул, каб і спецыяліст, і кіраўнік клапаціліся пра фінансавыя вынікі сваёй арганізацыі. І, вядома, пабольш самастойнасці неабходна даваць кіраўніку. Кіраўнік гаспадаркі павінен сам вырашаць, колькі, чаго і дзе яму сеяць. Галоўнае – вынік. Адказваць трэба сваёй працай, паказчыкамі, эфектыўнасцю. У гаспадарак павінна быць зацікаўленасць у продажы сваёй прадукцыі. Мы ў рэспубліцы вырабляем больш, чым можам спажыць. Пытанне: як гэта ўсё прадаць? І калі мы будзем маларухомымі, нічога добрага з гэтага не выйдзе. Расія актыўна развівае ўласныя птушкагадоўлю і свінагадоўлю, садаводства, і нам будзе з кожным годам усё складаней і складаней утрымацца на іх рынку, – разважае Аляксей Яновіч.
Рашэнне Аляксей Аляксандравіч бачыць у стымуляванні працы як кіраўнікоў гаспадарак, так і кожнага работніка. Грошы не павінны раздавацца, іх трэба зарабляць. Але калі чалавек працуе добра, ён павінен добра і зарабляць. Лепш папрацуеш – больш заробіш. Гэта формула, на думку Аляксея Яновіча, і павінна стаць асноватворнай у сучаснай сельскай гаспадарцы.
Аляксей Аляксандравіч Яновіч выбіраўся дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Рэспублікі Беларусь, узнагароджаны ордэнам Кастрычніцкай Рэвалюцыі, двойчы адзначаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга, медалямі.
Пра Аляксея Аляксандравіча можна ўпэўнена сказаць: шчаслівы муж і бацька. Жонка, Галіна Міхайлаўна, доктар-анколаг, з мужам поруч больш за пяцьдзясят гадоў, заўсёды была надзейным тылам, дзяліла і гора, і радасць. У іх дзве дачкі, дзве дарослыя ўнучкі, два праўнукі.
У Дзятлаве Аляксей Аляксандравіч бывае раз у год абавязкова. Тут жыве яго аднакурсніца, Зінаіда Сямёнаўна Вырко, з яе сям’ёй звязвае даўняе сяброўства, тут жывуць родныя, з якімі хочацца сустракацца, тут яго малая радзіма.
Алена АБРАМЧЫК,
старшы навуковы супрацоўнік Дзятлаўскага гісторыка-краязнаўчага музея