Ва ўмовах супрацьдзеяння распаўсюджванню рэспіраторных інфекцый Цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна працуе ў актыўным рэжыме.
Як зазначае дырэктар установы Таццяна Нікіпорчык, спецыялісты прыкладаюць максімум намаганняў, каб дапамагчы пажылым людзям і інвалідам нашага раёна бяспечна перажыць складаны перыяд.
Пачатак месяца выдаўся багатым на прафілактычныя мерапрыемствы. Напрыклад, да чарговага дня выплаты пенсій у аддзяленні кругласутачнага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў гарадскога пасёлка Казлоўшчына рыхтаваліся грунтоўна. Ва ўстанову, якая цяпер закрыта для наведванняў у мэтах бяспекі, разам з паштальёнам аддзялення паштовай сувязі гарадскога пасёлка Казлоўшчына Марынай Мазоль выехалі дырэктар Цэнтра Таццяна Нікіпорчык, бухгалтар Наталля Рунцо, спецыяліст, яна ж старшыня раённай арганізацыі Таварыства Чырвонага Крыжа Галіна Касцюк. Разам з пенсіямі ў аддзяленне было вырашана даставіць дадатковыя электронныя тэрмометры, антыбактэрыяльныя сурвэткі, марлевыя маскі, папкі з інфармацыяй аб мерах перасцярогі, інвалідную каляску і пустыя канверты. Навошта спатрэбіліся яшчэ і канверты, патлумачыла Таццяна Нікіпорчык:
– Штомесяц пажылым насельнікам аддзялення іх пенсіі прыносіць паштальён, а наша бухгалтар адразу ж вылічвае з кожнага грошы за пражыванне ў аддзяленні. Гэта ўжо адлажаны алгарытм, у які мы вырашылі ўнесці карэктывы ў сувязі з распаўсюджваннем рэспіраторных інфекцый. Даведаліся, што каранавірус можа захоўваць актыўнасць на паперы тры дні. Адсачыць, каму ў рукі траплялі грашовыя купюры, складана. Таму паштальён перад кожным з пенсіянераў лічыла іх пенсію, бухгалтар у іх на вачах ажыццяўляла вылік. Астатнія грошы мы перад артымальнікамі клалі ў канверт і аддавалі з просьбай пачакаць тры дні і толькі тады карыстацца банкнотамі без рызыкі заразіцца.
Загадчыца аддзялення кругласутачнага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў гарадскога пасёлка Казлоўшчына Валянціна Белая вельмі адказны чалавек. Яна робіць усё магчымае, каб не падвяргаць насельнікаў аддзялення лішняй рызыцы. Разам з ёй мы тлумачылі пажылым людзям, як сябе паводзіць у час распаўсюджвання інфекцый, і раілі, каб яны самі не выходзілі да аўталаўкі, якая прыязджае на тэрыторыю аддзялення, а прасілі сацыяльнага работніка зрабіць пакупкі. Таксама перадалі пенсіянерам новыя марлевыя маскі.
Дарэчы, цікава было даведацца ў Таццяны Сямёнаўны, што ў Цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна наладжана свая вытворчасць марлевых масак. Кіраўнік аб’яднання па інтарэсах “Чароўная іголачка” Валянціна Баландзіна для патрэбаў сацыяльных работнікаў і іх падапечных пашыла ўжо 240 масак і прадаўжае гэту работу.
А старшыня раённай арганізацыі Таварыства Чырвонага Крыжа Галіна Касцюк у Сусветны дзень здароўя ў фае Цэнтра правяла акцыю па раздачы масак ад Чырвонага Крыжа ўсім наведвальнікам установы, заадно тлумачыла ім, як засцерагчыся ад заражэння.
Спецыялісты цэнтра з аптымізмам глядзяць у будучыню і спадзяюцца, што меры перасцярогі, якія яны прымаюць, не дазволяць інфекцыі распаўсюдзіцца сярод іх падапечных і блізкіх.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup