Залаты юбілей Новаяльнянскага дзіцячага сада

Важнае Грамадства

Сёлета Новаяльнянскі яслі-сад адзначае свой 50-гадовы юбілей.

Павіншаваць установу са святам сабралася шмат гасцей. Акрамя юбіляраў, на святочны вечар завіталі ганаровыя госці: Аляксандр Бараноўскі, старшыня Дзятлаўскага раённага Савета дэпутатаў; Наталля Белаус, начальнік аддзела адукацыі Дзятлаўскага райвыканкама; Алена Чайкоўская, галоўны спецыяліст аддзела адукацыі Дзятлаўскага райвыканкама; Кацярына Гайдук, метадыст аддзела адукацыі Дзятлаўскага райвыканкама; Ірына Кунахавец, старшыня Новаяльнянскага сельвыканкама. На свята запрасілі ветэранаў працы і тых, хто некалі наведваў Новаяльнянскі яслі-сад.

Шмат прыгожых словаў прагучала ў адрас юбіляраў у святочны вечар. Госці дзякавалі калектыву сада за гады плённай і самаадданай працы, жадалі моцнага здароўя, дабрабыту і поспехаў, выказвалі надзеі, што залаты юбілей стане далёка не апошнім у гісторыі ўстановы, а сярод выпускнікоў з кожным годам будзе ўсё больш выдатных і таленавітых людзей.

Юбілей немагчымы без падарункаў ‒ і іх на свяце было шмат: ад невялікіх, але прыемных сэрцу сувеніраў да тэхнікі, якая сёння неабходна садку. Выхаванцы сада прапанавалі гасцям музычны падарунак.

У час мерапрыемства вядучыя запрасілі гасцей паглядзець відэаролік пра гісторыю Новаяльнянскага яслі-сада. Потым падняліся на сцэну тыя, для каго ўстанова стала важнай старонкай жыцця ‒ ветэраны працы і былыя выхаванцы. Яны падзяліліся ўспамінамі, выказалі словы падзякі калектыву дзіцячага сада за клопат, цярпенне і любоў да навучэнцаў, а таксама за адказнае стаўленне да працы.

Напрыканцы мерапрыемства кіраўнікі ўстановы прапанавалі гасцям свята салодкі пачастунак ‒ торт, пасля чаго ўсе жадаючыя змаглі зрабіць сумеснае фота на памяць.

Марыя ПАПОВА

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup