Захапіце з сабой спартыўную форму і добры настрой: стартаваў раённы моладзевы праект “ТатаЗала”

Важнае Свежыя навіны Спорт і турызм

Здаровую альтэрнатыву кмп’ютарам, смартфонам і тэлевізару ў суботні вечар знайшлі актывісты грамадскага аб’яднання “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі”.

Вось і на Дзятлаўшчыне з ініцыятывы раённага камітэта ГА “БРСМ” 29 лютага стартаваў моладзевы праект з інтрыгуючай і загадкавай назвай – “ТатаЗала”. Паўдзельнічаць у ім бясплатна могуць таты раёна і іх дзеці. Кожную апошнюю суботу месяца з 16 да 17 гадзін дзверы для іх адкрывае трэнажорная зала дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы горада Дзятлава па адрасе: вуліца Чапаева, 18.

Гэты моладзевы праект дапамагае бацькам зблізіцца з дзецьмі за спартыўнымі гульнямі і трэніроўкамі, а таксама дае адпачынак ці магчымасць заняцца неадкладнымі хатнімі справамі матулям дзетак.

Што цікавага адбылося ў дзень старту праекта, карэспандэнтка даведалася, далучыўшыся да яго ўдзельнікаў і завітаўшы на адкрыццё.

Ініцыятыву БРСМ ацанілі сем’і Урбановічаў, Бахараў, Добышаў. Так сталася, што ў першы дзень праекта ў зале сабраліся таты і сыны, затое настрой тут панаваў па-сапраўднаму спартыўна-баявы.

Прысутных павітала першы сакратар раённага камітэта ГА “БРСМ” Кацярына Хілімончык. Яна расказала, што праект “ТатаЗала” скіраваны на фізічнае, спартыўнае, культурнае развіцце дзяцей і моладзі. Ён заклікае да здаровага ладу жыцця і дае магчымасць татам падаваць прыклад сваім дзецям, каб і яны далучаліся да актыўнага ладу жыцця і заняткаў фізкультурай і спортам. “Запусціць” праект вырашылі на базе трэнажорнай залы дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы, у далейшым запыты яго ўдзельнікаў будуць вывучацца і, магчыма, заняткі будуць перанесены і ў спартыўныя залы, і на пляцоўкі пад адкрытым небам. Моладзевы лідар заклікала і іншых татаў раёна разам з сыночкамі і дочкамі прыходзіць у “ТатаЗалу”, а таксама зазначыла, што ёсць ідэя ў перспектыве арганізаваць на Дзятлаўшчыне і “МамаЗалу”.

Заняткі пачаліся пад гукі дынамічнай музыкі, таты і дзеці выбіралі трэнажоры на свой густ і па сваіх сілах. Калі ім была патрэбна парада ці падказка, на дапамогу прыходзіла інструктар-метадыст Кацярына Скрабук.

Праз гадзіну трэніровак карэспандэнтка пацікавілася ў дзяцей і дарослых, як яны звычайна бавяць час суботнім вечарам і ці спадабалася ім моладзевая ініцыятыва.

Сям’я Бахараў, тата Яўген:

– Традыцыйны суботні адпачынак для мяне – гэта лазня, прырода, сям’я. Звычайна аддаю перавагу актыўным відам заняткаў, таму паход у “ТатаЗалу” быў вельмі дарэчы. Уражанні проста цудоўныя, бо раней я захапляўся цяжкай атлетыкай. Вось і сёння, пакуль наша матуля займаецца суботняй ўборкай і прыглядвае за малодшым Багданам, які захварэў, мы з Маркам з задавальненнем патрэніраваліся. У наступны раз прыйдзем сюды абавязкова, спадзяюся ўжо і з малодшым сынам, якому тры з паловай гадкі. Ён вялікі непаседа, яму тут, безумоўна, спадабаецца.

Сын Яўгена – Марк, першакласнік:

– Мне больш за ўсё спадабалася бегавая дарожка. Я люблю бавіць час з татам. Разам мы гуляем у шашкі і мяч, глядзім тэлевізар, ходзім на двор. Вельмі хачу прыйсці сюды яшчэ, бо тут цікава і шмат трэнажораў.

Сям’я Урбановічаў, тата Аляксей:

– Суботнім вечарам мы можам дома з сям’ёй наладзіць турнір па дартсе, у які паспяхова гуляе нават наша мама. У мяне трое сыноў і я стараюся, каб яны былі актыўнымі, таму ў кожнага ёсць свой мяч, клюшка, веласіпед, разам бываем і ў басейне. Праз дарогу ад нашага дома лес, туды пастаянна ходзім гуляць з сабакам. На жаль, сёння дома засталіся двое сыноў, якія захварэлі. Гэта чацвёртакласнік Ваня і выхаванец дзіцячага садка Міця. У “ТатаЗалу” мы прыйшлі ўдваіх з Кірылам. Спадзяюся, што ў наступны раз наша “каманда” будзе ў поўным складзе. Заняткі ў трэнажорнай зале – гэта выдатны адпачынак, праўда, у будні на яго не хапае часу. А вось суботнім вечарам – самае тое.

Сын Аляксея – Кірыл, шасцікласнік:

– Я люблю спорт. З татам больш за ўсё падабаецца катацца на веласіпедах. Таксама наведваю заняткі па хакеі, футболе, у гімназіі, дзе вучуся, гуляю з сябрамі ў тэніс. У трэнажорнай зале мне таксама вельмі спадабалася, прыйдзем сюды ў наступны раз абавязкова.

Развітваліся наведвальнікі заняткаў па-сяброўску цёпла і да наступных сустрэч. А моладзевы праект прадаўжаецца, прыходзьце у “ТатаЗалу” кожную апошнюю суботу месяца – не пашкадуеце!

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup