У Гезгалаўскім яслях-садзе адбыўся агульны бацькоўскі сход з удзелам інспектара прапаганды і ўзаемадзеяння з грамадскасцю Дзятлаўскага РАНС Марты Мілаш.
Першае, на што звярнула ўвагу бацькоў Марта Уладзіміраўна, гэта бяспека дзяцей дома, найперш – у пакоі кухні, дзе знаходзяцца небяспечныя для дзяцей прадметы: запалкі, газавая пліта, нажы, посуд і іншыя рэчы. Затым яна акцэнтавала ўвагу на тым, што многія бацькі лічаць, што калі іх дзіця дома, то нічога дрэннага з ім быць не можа. Але гэта не так. Небяспека можа чакаць усюды. Вядомы выпадкі, калі дзеці ненарокам атрымлівалі апёкі, выпадалі з вокнаў, атрымлівалі бытавыя траўмы. Гэтага ўсяго можна пазбегнуць, калі стварыць для дзяцей бяспечныя умовы жыццядзейнасці. А ўсё гэта – у руках бацькоў.
Інспектар звярнула ўвагу на неабходнасць устаноўкі ў жылых пакоях аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў, якія дапамагаюць папярэдзіць надзвычайныя сітуацыі і выратаваць жыццё. Яна заклікала бацькоў вучыць сваіх дзяцей правілам бяспекі, адзначыла, што у гульнявой форме дзеці лепш засвойваюць матэрыял.
Напрыканцы бацькоўскага сходу загадчык С. Гурская нагадала бацькам пра стварэнне бяспечных умоў жыццядзейнасці дома і на вуліцы, адказнасць за пакіданне дзяцей без нагляду дарослых.
Гаўрош Галіна,
педагог сацыяльны Гезгалаўскага ясляў-сада