У Дзятлаве прайшло пасяджэнне каардынацыйнага савета па ідэалагічнай рабоце

Важнае Свежыя навіны Улада

11 сакавіка прайшло пашыранае пасяджэнне каардынацыйнага савета па ідэалагічнай рабоце пры Дзятлаўскім раённым выканаўчым камітэце, удзел у якім прыняла ідэалагічная вертыкаль Дзятлаўшчыны.

Абмяркоўвалі актуальныя пытанні. Тон размове задаў намеснік старшыні райвыканкама Ігар Кухарэвіч. Зазначыў, што ў цэлым работа ідэалагічнага актыву раёна наладжана спраўна, на жаль, яшчэ сустракаюцца выпадкі перакладвання на ідэалагічных работнікаў не ўласцівых ім функцый. Так быць не павінна, бо поле дзейнасці гэтых спецыялістаў і без таго шырокае: ад маральнага клімату ў калектыве да работы з ненадзейнымі сем’ямі. Вельмі важна, каб ідэалагічная вертыкаль была забяспечана граматнымі і адказнымі спецыялістамі.

Аб кадравым забеспячэнні ідэалагічнай работы ў КСУП “Вензавец”, “Хвінявічы”, “Жукоўшчына”, у ААТ “Дзятлаўскі лікёра-гарэлачны завод “Алгонь”, “Дварэцкі льнозавод”, “Новаяльнянскі КХП”, у Дзятлаўскім філіяле Гродзенскага аблспажыўтаварыства расказала галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Марына Абрамчык. Яна нагадала, што адпаведна Указу Прэзідэнта “Аб удасканаленні кадравага забеспячэння ідэалагічнай работы ў Рэспубліцы Беларусь” арганізацыя ідэалагічнай работы ў калектывах ускладаецца на аднаго з намеснікаў кіраўніка. На 1 сакавіка 2020 года ў ідэалагічны актыў Дзятлаўшчыны ўваходзяць 45 чалавек. Праблемнымі ў плане забяспечанасці ідэалагічнымі кадрамі пакуль застаюцца вышэй пералічаныя арганізацыі. Абавязкі спецыялістаў-ідэолагаў там перакладзены на іншых работнікаў, нягледзячы на наяўнасць у штатным раскладзе адпаведнай пасады.

З вынікамі інвентарызацыі формаў увекавечання, якія знаходзяцца на тэрыторыі Дзятлаўскага раёна, прысутных азнаёміў галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Аляксей Якаўчык. Ён расказаў, што згодна з рашэннем райвыканкама адбылася інвентарызацыя помнікаў і пахаванняў, скіраваная на выяўленне праблем, што сёлета павінны быць вырашаны. На Дзятлаўшчыне знаходзіцца 89 формаў увекавечання, сярод якіх 58 – воінскія пахаванні, на якія заведзены пашпарты. Як паказаў маніторынг, практычна ўсе яны ў здавальняючым стане. Сёлета добраўпарадкаванне пахавання праведзена ў вёсцы Трахімавічы па звароце жыхара. У праблемным стане застаюцца помнікі ў вёсках Хадзяўляны і Апаліна-Басіна. У бягучых рамонтах маюць патрэбу помнікі ў вёсках Міроўшчына, Вялікая Воля, Погіры, мемарыял “Дзеці ліхалецця” на дзятлаўскіх могілках. У належны стан неабходна прывесці і пахаванні, якія знаходзяцца ў лясных масівах. Распрацаваны планы работ, якія неабходна ажыццявіць да 15 красавіка. Адказныя за іх правядзенне – арганізацыі, за якімі замацаваны помнікі, кантроль за якасцю работ ускладзены на мясцовыя выканаўчыя камітэты і РУП ЖКГ. Напярэдадні 75-годдзя Вялікай Перамогі пытанне знаходзіцца на пільным кантролі не толькі ў раёне, але і ў вобласці.

Як на Дзятлаўшчыне ідзе падрыхтоўцы да святкавання 75-годдзя Вялікай Перамогі і 80-годдзя ўтварэння Дзятлаўскага раёна, расказала начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Наталля Калодка. Сярод пытанняў, на якія варта звярнуць увагу пры падрыхтоўцы да юбілея Перамогі, – тэматычнае аздабленне тэрыторый і іх добраўпарадкаванне; аналіз сацыяльна-бытавых умоваў ветэранаў і ўдзельнікаў вайны, аказанне ім неабходнай дапамогі; добраўпарадкаванне помнікаў і пахаванняў; правядзенне працоўных акцый да святаў і высадка юбілейных алеяў. Таксама ў раёне будзе запушчаны шырокамаштабны праект “Вялікай Перамозе – 75”, мерапрыемствы якога пройдуць у сельскіх саветах раёна і завершацца на ўрачыстым святкаванні ў Дзятлаве. Праект дасць старт такім акцыям, як “Перамогі яблыневы цвет”, “Мы аб вайне гаворым сёння”, а таксама ў розных кутках раёна будуць ладзіцца выступленні канцэртна-франтавых бырыгад. Юбілей Дзятлаўшчыны адзначым 3 ліпеня адначасова з Днём Незалежнасці, хаця мерапрыемствы, прымеркаваныя да яго, будуць праходзіць на працягу 2020 года. З гэтай нагоды Наталля Калодка заклікала ўстановы і арганізацыі раёна прысвячаць юбілейнай даце адкрыцці новых аб’ектаў, правядзенне капітальных рамонтаў, высадку алеяў памяці, ушанаванне работнікаў, імёны якіх заносяцца на Дошкі гонару, іншыя важныя падзеі, а таксама расказала пра конкурс музейных куткоў, прысвечаны юбілею.

На неабходнасць павышэння эфектыўнасці дзейнасці добраахвотных дружын у 2020 годзе ўвагу прысутных скіраваў Аляксей Якаўчык. У раёне створаны 13 такіх фарміраванняў, але работа большасці з іх арганізавана на недастатковым узроўні. Запланаваны шэраг мерапрыемстваў, які дазволіць вырашыць праблемныя пытанні ў гэтым кірунку.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup



Теги: