“Тэрміновы рамонт абутку” без платы за хуткасць

Важнае Грамадства

У Дзятлаве цяжка знайсці чалавека, які хоць раз не звяртаўся б у майстэрню “Тэрміновы рамонт абутку”, якая працуе на другім паверсе Дома быту на плошчы 17 Верасня.

Тут кліентаў гасцінна сустракае прыватны прадпрымальнік, ён жа майстар па рамонце абутку Георгій Залучан. З 9 да 18 гадзін па буднях і з 9 да 13 гадзін па суботах Георгій Георгіевіч выконвае заказы. Выхадны дзень – нядзеля.

Цікаўлюся, з чаго пачынаўся яго невялікі, але запатрабаваны ў насельніцтва бізнэс.

– Першую майстэрню адкрыў пяць гадоў таму ў Доме быту на трэцім паверсе, пазней для зручнасці кліентаў “пераехаў” на другі паверх. Назваў “Тэрміновы рамонт абутку”, што па першым часе аказала “мядзведжую паслугу”: людзі меркавалі, што ў кошт заказу будзе  ўваходзіць плата за хуткасць. Аднак гэта не так, нават за заказы “з нагі” дадатковых грошай не бяру. Абутак мне прыносяць усе: ад школьнікаў да пенсіянераў. Найчасцей звяртаюцца жанчыны, якія нясуць рамантаваць абутак усёй сям’і. Мужчыны таксама заходзяць, але нясуць звычайна свой.

– А што найчасцей аддаюць у рамонт?

– Некаторыя кліенты прыносяць адну і тую ж пару гадамі, бо не ў сілах адмовіцца ад зручнага і любімага абутку. Увогуле, нясуць усё: ад амаль новага да таго, што праляжала ў шафе 20 гадоў.

– Ці магчыма такое адрамантаваць?

– Калі верх скураны і абутак якасны, магу замяніць падэшву, якая звычайна крышыцца ад часу. Наогул, выконваю шырокі спектр работ. Пастаянна запатрабавана замена набоек, маланак, прафілактыка падэшвы, умацаванне абцасаў і замена супінатараў, розныя віды праклеек і латак, у тым ліку з частковай ці поўнай прашыўкай падэшвы, замена ліпучак і бегункоў. Летам жанчыны часцей просяць вусцілкі з мяккай скуры ў басаножкі, туфлі, іншы адкрыты абутак.

Буйныя рамонты – гэта замена падэшвы, жаночых і мужчынскіх абцасаў. У комплексе з іншымі работамі многія просяць размякчыць пяткі, каб не націралі нагу, або надаць абутку больш “свежы” выгляд за кошт яго перафарбоўкі. Часам людзі хочуць замяніць маланку на сумцы ці дублёнцы – прымаю і такія заказы.

– Якая тэхніка дапамагае вам спраўляцца з такой разнастайнасцю работ?

– У мяне ёсць станок для апрацоўкі матэрыялаў і швейная машынка, усё астатняе – ручны інструмент. Карыснаму рамяству ў свой час мяне навучыў сябар, які ўжо пятнаццаць гадоў займаецца рамонтам абутку ў Баранавічах, а якасць маёй работы ацанілі кліенты.

– А што новага можна чакаць кліентам майстэрні “Тэрміновы рамонт абутку”?

– У бліжэйшы час планую заняцца расцяжкай абутку, якая бывае некалькіх тыпаў: можна расцягнуць (пашырыць) абутак у ступні, у костачцы, расцягнуць халявы ў ботах ці паўчаравіках. Аднак наколькі ўдасца ажыццявіць расцяжку, можна вызначаць, толькі ўбачыўшы абутак і ацаніўшы якасць матэрыялу.

Камфортны абутак для чалавека – гэта яшчэ і добры настрой, калі ўдаецца падарыць яго кліенту ў дадатак да выкананай паслугі, мне вельмі прыемна.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup