Святло і дабрыня настаўніцкага сэрца

Важнае Хто крылы расправіў на роднай зямлі

Сёлета жыхарка Дзятлаўшчыны Марыя Нікіфараўна Стэльмах пераступіла парог вельмі  шаноўнай даты – яна адзначыла свой 90-гадовы юбілей, сорак з якіх прысвяціла любімай справе – настаўніцкай дзейнасці.

У дзень нараджэння павіншаваць юбілярку прыехалі настаўнікі Раклевіцкага дзіцячага сада-базавай школы: старшыня пярвічнай раённай арганізацыі ГА “Беларускі саюз жанчын”, завуч школы Ларыса Гаўрош, старшыня пярвічнай прафсаюзаюзнай арганізацыі, настаўніца пачатковых класаў  Жанна Жых і настаўніца старэйшых класаў Алена Бурдун, якой на пачатку працоўнага шляху пашчасціла папрацаваць побач з Марыяй Нікіфараўнай і шмат чаму ў яе павучыцца.

Дзяцінства Марыі Нікіфараўны Стэльмах прайшло ў Мсціслаўскім раёне Магілёўскай вобласці, дзе ў 1941 годзе яна скончыла Каробчынскую чатырохгадовую школу. Вучылася маленькая Марыя добра, асабліва праяўляла здольнасці да дакладных навук, але, будучы чалавекам рознабаковым, асабліва захаплялася і мовамі, і літаратурамі.

Па заканчэнні пачатковай школы думала працягнуць вучобу ў гарадской сямігодцы ў Мсціслаўлі. Аднак планам дзяўчынкі, як і планам усіх савецкіх дзяцей, чыё дзяцінства прыпала на саракавыя гады мінулага стагоддзя, не ўдалося спраўдзіцца – вайна ўнесла свае жорсткія карэктывы ў лёс кожнага.

– Я добра помню той жудасны час, з яго надыходам у нас у адначассе скончылася дзяцінства, – успамінае Марыя Нікіфараўна. – У адно імгненне развеяліся дзіцячыя мары, а з першымі зруйнаванымі хатамі пачалі рушыліся і надзеі на будучыню.

У пяты клас Мсціслаўскай сямігодкі  падрастаючай Марыі давялося пайсці толькі пасля вайны – у 1945 годзе. Менавіта тут, дзякуючы стараннасці і мэтанакіраванасці самой вучаніцы, а таксама клопатам і парадам былога класнага кіраўніка і настаўніка фізікі Леаніда Іванавіча, у будучай выпускніцы ўзнікла неад’емнае жаданне звязаць свой жыццёвы лёс з настаўніцкай дзейнасцю.

Адразу пасля заканчэння сямігодкі Марыя Нікіфараўна паступіла ў Мсціслаўскае педагагічнае вучылішча, дзе атрымала спецыяльнасць настаўніка пачатковых класаў. Па накіраванні Гродзенскага абласнога аддзела народнай адукацыі маладая настаўніца была размеркавана ў Радунскі раён Гродзенскай вобласці і адразу назначана на пасаду загадчыцы Саліжскай пачатковай школы. Менавіта ў сценах гэтай установы адукацыі і пачаўся адлік часу педагагічнай дзейнасці.

На пасадзе загадчыцы Саліжскай школы Марыя Нікіфараўна адпрацавала сем гадоў.

– У той час у школе было чатыры класы, у якіх займаліся 52 вучні, – успамінае жанчына. – У адносінах з дзецьмі асаблівых цяжкасцяў не помню. З першых урокаў мы знайшлі агульную мову, пасябравалі. Да кожнага маленькага сэрца я  спрабавала падабраць індывідуальны ключык, імкнулася дапамагчы дзецям як мага больш развіць уласныя здольнасці і ўменні.

Многія з яе вучняў паспяхова скончылі школу і атрымалі вышэйшую адукацыю, ёсць і тыя, хто ўзначаліў адказныя кіраўніцкія пасады. І ў гэтым, несумненна, заслуга іх першай настаўніцы.

У  час работы ў Саліжскай пачатковай школе Марыя Нікіфараўна сустрэла сваё першае каханне і будучага спадарожніка жыцця –Міхаіла Сцяпанавіча. Крыху пазней маладыя прынялі рашэнне пабудаваць новы дом у вёсцы Ахонава Дзятлаўскага раёна.

Па прыбыцці на пастаяннае месца жыхарства Марыя Нікіфараўна стала працаваць выхавальніцай у прышкольным інтэрнаце.

– Цяжка часам даводзілася, – успамінае яна. –  Дзяцей было шмат, усе рознага ўзросту: ад першага да дзясятага класа. І вось я, зусім маладзенькая, іду ў такія велізарныя класы з такімі дарослымі дзецьмі… хвалявалася, доўга настройвала сябе. Але ўсё атрымалася. Часта я чула ад іх: “Вы ў нас цудоўная настаўніца”, і тут жа адказвала ім на добрыя словы: “Гэта не я цудоўная, гэта вы ў мяне цудоўныя”.

У інтэрнаце дзеці знаходзіліся пад кругласутачным наглядам: кожнага неабходна было дагледзець, сагрэць цеплынёй, супакоіць, калі неабходна, з кожным належыла разабраць вучэбны матэрыял, якасна выканаць дамашнія заданні, правесці дадатковыя заняткі, арганізаваць вольны час дзяцей. Марыі Нікіфараўне, як і іншым педагогам савецкіх часоў, даводзілася быць для вучняў і настаўніцай, і выхавальніцай, і нянькай.

– Складана паверыць, але маім першым вучням цяпер больш за 60 гадоў, – разважае, гледзячы на фотаздымкі мінулага стагоддзя, былая настаўніца.

Галоўнай падтрымкай і апорай жыцця, непахісным тылам Марыя Нікіфараўна лічыць сваю сям’ю. З мужам Міхаілам Сцяпанавічам яны прайшлі поруч праз усё жыццё . Сёлета пара адзначыць яшчэ адну радасную юбілейную дату – 65-годдзе іх сумеснага жыцця.

– Не было ў нашым жыцці месца для разладаў і неразуменняў, – дзеліцца з намі Міхаіл Сцяпанавіч. –  Я заўсёды яе аберагаў, увесь час помніў: другую такую не знайду. Сумеснымі намаганнямі  мы імкнуліся знайсці адзін у адным падтрымку і разуменне, дапамогу і павагу. Праз гады пранеслі сваё каханне, не растрацілі.

Разам Марыя Нікіфараўна і Міхаіл Сцяпанавіч выхавалі дваіх дзяцей, дапамаглі ім расправіць крылы і знайсці сябе ў прафесіі. Старэйшая дачка Валянціна жыве ў Мінску, яна стала эканамістам, шмат гадоў адпрацавала ў піваварнай кампаніі, цяпер на пенсіі. Малодшы сын Леанід пайшоў па шляху Марыі Нікіфараўны, абраў прафесію педагога і стаў матэматыкам. Ужо 32-гі год запар ён працуе на пасадзе дырэктара гарадскіх школ ў Лідзе, апошнія восем – дырэктарам 8-й гарадской лідскай школы. Звязалі жыццё з педагогікай, тым самым умацавалі настаўніцкую дынастыю, і абедзьве ўнучкі.  Кацярына працуе псіхолагам у адным са сталічных дзіцячых садкоў, Вольга – лагапедам у лідскай школе.

У Марыі Нікіфараўны і Міхаіла Сцяпанавіча пяцёра ўнукаў і трое праўнукаў.

Юбілярка – чалавек неардынарны, яна і цяпер знаходзіцца ў пастаянным пошуку інтарэсаў, як магніт прыцягваючы да сябе такіх жа энергічных, таленавітых людзей. Дзверы яе хаты заўсёды адчынены не толькі для былых вучняў, але і для сяброў, калегаў, якіх каля яе заўсёды было вельмі шмат.

Вось і сёлетні вельмі шаноўны юбілей Марыя Нікіфараўна пачала адзначаць загаддзя: спачатку сустрэлася са сваімі малодшымі калегамі – блізкімі па духу людзьмі, былымі выпускнікамі, прыняла  шэраг тэлефонных віншаванняў.  Апошняй стала самая дарагая сустрэча ў кампаніі родных і блізкіх людзей.

Доўгіх гадоў вам, Марыя Нікіфараўна, і новых юбілеяў.

Аксана АНДАЛЮКЕВІЧ