Чарговае пасяджэнне клуба “Нам гады не бяда” прайшло ў Цэнтры сацыяльнага абслуговання насельніцтва Дзятлаўскага раёна.
Удзел у сустрэчы таксама прынялі прадстаўнікі Дзятлаўскай бібліятэкі і краязнаўца Міхаіл Лук’янчык.
Праграма мерапрыемства была вельмі цікавай і багатай на конкурсы, жарты, песні. Многа прыгожых пажаданняў і кампліментаў прагучала ў адрас жанчын з нагоды свята 8 Сакавіка.
Загадчыца аддзялення і кіраўнік клуба “Нам гады не бяда” Галіна Касцюк павіншавала ўдзельніц клуба са святам і пажадала ім дабрабыту ў сем’ях, моцнага здароўя, заўсёды заставацца такімі ж прыгожымі, мудрымі і клапатлівымі.
Конкурсная праграма ўтрымлівала шмат заданняў. Трэба было прайсціся мадэльнай хадой, не даўшы кнізе ўпасці, прыдумаць самую цікавую сукенку з падручных матэрыялаў. Праверылі і веданне жаночых імёнаў, а таксама танцавальныя навыкі: вядучыя прапанавалі ўдзельнікам станцаваць папулярныя танцы.
Было заўважана, што ўдзельнікі клуба старанна падрыхтаваліся да свята, і таму ў час сустрэчы прагучала шмат прыгожых вершаў, кампліментаў, лірычных песень і нават прытчаў.
Пасля конкурсаў удзельнікаў урачыстасці чакаў салодкі стол з сапраўднымі кандытарскімі шэдэўрамі, аб якіх паклапаціліся жанчыны-гаспадыні. Акрамя таго, у час мерапрыемства ўдзельнікам клуба была прапанавана выстава рукадзельных сувеніраў, створаных наведвальніцай клуба Ліліяй Коласавай.
Марыя ПАПОВА
Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup