Рэалізацыя Дэкрэта № 18. Па слядах сямейнага недабрабыту

Важнае Здарэнні і бяспека

На чарговым пасяджэнні каардынацыйнага савета райвыканкама па кантролі за выкананнем Дэкрэта № 18 разгледжаны пытанні аб прызнанні дзяцей з дзвюх сем’яў, дзе выяўлены прыкметы недабрабыту, у сацыяльна небяспечным становішчы.

 

Што даражэй: сын ці гарэлка?

Службы прафілактыкі адрэагавалі на паведамленне аб пагаршэнні сітуацыі ў сям’і, дзе гадуецца непаўналетні хлопчык, і правялі сацыяльнае расследаванне. Яго вынікі паказалі, што прыкметы сацыяльнага недабрабыту сапраўды ёсць.

Пасля разводу бацькоў сын жыве з маці, з бацькам бачыцца рэдка. Жыць да сябе іх прыняла бабуля жанчыны, выдзеліла асобны пакой ў доме. Аднак апошнім часам да бабулі прыйшоў яшчэ і яе беспрацоўны сын, які злоўжывае спіртнымі напоямі, таму атмасфера па месцы жыхарства склалася неспрыяльная.

Раней непаўналетні з-за маці, якая злоўжывала алкаголем і прыцягвалася да крымінальнай адказнасці, ужо быў у сацыяльна небяспечным становішчы, нават прызнаваўся маючым патрэбу ў дзяржаўнай абароне. Тады жанчына ўзялася за розум, прайшла стацыянарнае лячэнне ад алкагольнай залежнасці, змагла вярнуць дзіця. На жаль, цяпер гісторыя паўтараецца. Маці пачала ўжываць алкаголь, доктара-нарколага наведвае нерэгулярна, некалькі месяцаў таму была заўважана нецвярозай на працоўным месцы, нядаўна дапусціла прагул, суседзі расказваюць, што рэгулярна бачаць жанчыну ў п’яных кампаніях.

Бацька хлопчыка, які таксама быў выкліканы на пасяджэнне каардынацыйнага савета райвыканкама па кантролі за выкананнем Дэкрэта № 18, расказаў, што ў хуткім часе яму абяцалі выдзеліць кватэру ад гаспадаркі, дзе працуе, тады ён паспрабуе забраць сына да сябе. Мужчыну патлумачылі, што месца жыхарства непаўналетняга давядзецца вызначаць праз суд, дзе бацька павінен будзе даказаць, што здольны самастойна гадаваць дзіця.

Пакуль жа хлопчыка прызналі ў сацыяльна небяспечным становішчы, распрацавалі прафілактычныя мерапрыемствы работы з сям’ёй, адным з галоўных – з’яўляецца ўмова, што маці зноў павінна прайсці лячэнне ад алкагольнай залежнасці. Калі жанчына не возьмецца за розум, яна рызыкуе быць пазбаўленай бацькоўскіх правоў.

Дачку напалохалі словы бацькі

Двое дзяцей, старэйшая дзяўчынка і малодшы хлопчык, з гэтай сям’і раней былі ў сацыяльна небяспечным становішчы і прызнаваліся маючымі патрэбу ў дзяржаўнай абароне. Родная маці дзяўчынкі пазбаўлена бацькоўскіх правоў, непаўналетніх гадуе бацька і яго сужыцелька – маці хлопчыка. Падставай для сацыяльнага расследавання, якое пацвердзіла прыкметы недабрабыту, стала сварка бацькі з дачкой. Да дзяўчынкі прыехаў стрыечны брат, а калі яна вярнуліся з дыскатэкі, бацька, які ў той вечар быў п’яны, пачаў сварыцца, што дачка спазнілася. Пры гэтым мужчына паводзіў сябе вельмі агрэсіўна, трымаў у руках нож. Спыніць канфлікт змог стрыечны брат, а раніцай бацька ўжо не памятаў, што адбылося. Цяпер у акалічнасцях выпадку разбіраюцца праваахоўнікі. Агрэсію ў адносінах блізкіх мужчына праяўляе не першы раз. Раней сужыцелька з дзецьмі была вымушана некаторы час жыць у крызісным пакоі.

Сярод прыкметаў недабрабыту гэтай сям’і не толькі агрэсіўныя паводзіны гаспадара, але і нездавальняючы санітарны стан жылога дома і прылеглай да яго тэрыторыі.

Члены каардынацыйнага савета райвыканкама па кантролі за выкананнем Дэкрэта № 18 прызналі двух непаўналетніх у сацыяльна небяспечным становішчы, з сям’ёй будуць працаваць структуры раёна. Дарослых папярэдзілі аб недапушчэнні жорсткага абыходжання з дзецьмі ў далейшым, інакш непаўналетніх прызнаюць маючымі патрэбу ў дзяржаўнай абароне.

Аляксандр ЮРКЕВІЧ,
намеснік пракурора Дзятлаўскага раёна
Уладзімір СВЯТОХА,
першы намеснік начальніка АУС Дзятлаўскага райвыканкама
Святлана ЗАЛУЧАН,
намеснік старшыні каардынацыйнага савета па кантролі за выкананнем Дэкрэта № 18 райвыканкама
Ірына СТЫРНІК,
карэспандэнтка газеты “Перамога”