На чарговым пасяджэнні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама разгледжаны дзве пастановы аб спыненні справаў па адміністрацыйных правапарушэннях непаўналетніх, якія не дасягнулі ўзросту, калі надыходзіць адказнасць за падобныя ўчынкі, а таксама пытанне аб магчымасці вяртання маці двух дзяцей, прызнаных маючымі патрэбу ў дзяржаўнай абароне.
Недзявочыя паводзіны
Навучэнку адной са школ райцэнтра выклікалі на пасяджэнне камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама з-за адміністрацыйнага пратакола. У міліцыю са скаргай на паводзіны дзяўчынкі звярнулася маці яшчэ адной навучэнкі школы. Аказалася, што ў раздзявалцы паміж школьніцамі ўзнікла сварка. Спачатку яны высвятлялі адносіны з дапамогай словаў, затым у ход пайшлі кулакі.
Выкліканая на пасяджэнне камісіі непаўналетняя патлумачыла, што не змагла стрымаць свой гнеў і некалькі разоў ударыла дзяўчынку, хоць тая была меншая ростам і слабейшая. Педагогі расказалі, што для юнай парушальніцы характэрна рэзкая змена настрою, яна не хоча прыслухоўвацца да чужога меркавання, нярэдка бывае правакатарам у розных сітуацыях.
Непаўналетняй расказалі, што яна пакуль не дасягнула ўзросту адказнасці, таму адміністрацыйная справа спынена, але гэта не значыць, што супрацьпраўны ўчынак проста забудуць. З дзяўчынкай ужо адбылася прафілактычная размова. Надалей будзе распрацаваны план індывідуальнай прафілактычнай работы. Школьніцу і яе блізкіх папярэдзілі, што, калі падобныя дзеянні паўторацца, яна можа трапіць у навучальную ўстанову закрытага тыпу.
Работу над памылкамі выканала
Двое непаўналетніх дзяцей, якіх маці гадуе адна, былі прызнаны маючымі патрэбу ў дзяржаўнай абароне. Прычынай таму сталі паводзіны як самой жанчыны, так і яе блізкіх. Справа ў тым, што маці не мае ўласнай жылплошчы і жыве з дзядулем дзяцей і двума іх роднымі дзядзькамі. Блізкія нярэдка ўжывалі алкаголь, чым падвяргалі жыццё непаўналетніх небяспецы. З моманту адабрання сітуацыя ў доме, хоць не адразу, але палепшылася. Жанчына, калі стала абавязанай асобай, выйшла на працу. За некалькі месяцаў яна дапусціла толькі адзін прагул (прыйшла на работу нецвярозая і была адхілена ад выканання працоўных абавязкаў у гэты дзень). Апошнім часам маці ўзялася за розум: яе не бачылі п’янай, дома разам з роднымі робяць рамонт, ёсць прадукты харчавання і ўмовы, неабходныя для дзяцей, пагашаецца запазычанасць за харчаванне ў дзіцячым садку. Праблемы па-ранейшаму стварае адзін з братоў жанчыны, які злоўжывае спіртнымі напоямі, але хутка ён будзе накіраваны ў лячэбна-працоўны прафілакторый.
Паколькі асноўныя прычыны сямейнага недабрабыту ўхілены і маці стала на шлях выпраўлення, члены камісіі прынялі рашэнне вярнуць ёй дзяцей. Тым не менш, далі рэкамендацыі вырашыць праблему з жыллём і грашовымі запазычанасцямі. Сям’я будзе знаходзіцца пад пільным кантролем.
Учынак сапраўднага мужчыны?
На жаль, некаторыя падлеткі мяркуюць, што дарослымі іх могуць зрабіць не добрыя ўчынкі і пачуццё адказнасці, а выпітае спіртное і выкураная цыгарэта. “Па-даросламу” вырашыў адсвяткаваць 23 лютага непаўналетні жыхар аднаго з гарадскіх пасёлкаў нашага раёна. У гэты дзень ён ужываў піва разам з сябрам, у выніку чаго “зарабіў” адміністрацыйнае парушэнне.
На пасяджэнні камісіі па справах непаўналетніх аматару спіртнога патлумачылі, што адміністрацыйная справа спынена, паколькі ён яшчэ не дасягнуў узросту адказнасці, аднак яго могуць паставіць на ўлік да нарколага, таксама будзе распрацаваны план індывідуальнай прафілактычнай работы. Гэта не першы супрацьпраўны ўчынак хлопца, таму яго папярэдзілі, што пры новых парушэннях ён можа быць накіраваны ў навучальную ўстанову закрытага тыпу.
Уладзімір СВЯТОХА,
першы намеснік начальніка АУС Дзятлаўскага райвыканкама
Святлана ЗАЛУЧАН,
намеснік старшыні каардынацыйнага савета па кантролі за выкананнем Дэкрэта № 18 райвыканкама
Ірына СТЫРНІК,
карэспандэнтка газеты “Перамога”