Масленіца. Бывай зіма! Вітаем вясну! (+відэа)

Галоўнае Культура і адпачынак Свежыя навіны

Традыцыйнайнае свята провадаў зімы і сустрэчы вясны прайшло ў Дзятлаве ў першы вясновы дзень.

Масленіца – вясёлае народнае свята, у час якога адбываецца развітанне з зімой. І хоць сёлета зіма была занадта скупая на снег і марозы, на снежныя забавы, аднак падзякаваць яе варта за тое, што была да людзей лагоднай ды аддае-такі свае паўнамоцтвы вясне.

Вясну здаўна людзі чакалі з нецярпеннем, успрымалі яе, як абнаўленне, як пачатак новага жыцця, таму віталі і шанавалі сонца з вялікай радасцю, не тое што зіму, пахмурную і сцюдзёную. Нашы продкі верылі, што разам з круглым, румяным бліном, падобным да сонейка, яны атрымліваюць часцінку яго шчодрасці і сілы.

Па сакрэту – усяму свету пра бліны

Вось і на галоўнай плошчы Дзятлава яшчэ да пачатку тэатралізаванай дзеі разгарнулася блінная выстава. Можна было падзівіцца на майстэрства гаспадыняў, якія з бліноў і іншых прысмакаў стварылі незвычайныя кампазіцыі. Спачатку паглядзець, а пазней, калі намаганні былі ацэнены, калі кулінарнымі шэдэўрамі ўдосталь налюбаваліся, нафатаграфавалі, то і ацаніць іх смак.

У конкурсе пад назвай “Бліновае пано” ўдзельнічалі сем установаў і арганізацый. Яны аформілі свае дэгустацыйныя месцы адметна: з бліноў выклалі разнастайныя кампазіцыі, упрыгожылі іх. Адным словам, было на што паглядзець: бліны з

тварагом, мёдам, варэннем, згушчонкай, ікрой, рыбай, грыбамі, ліверам, курыцай, мясам, салам, каўбасой, блінныя тарты…

Парупіліся ўсе. Дзятлаўскі філіял ААТ “Молочный Мир”, акрамя бліннай выставы, наладзіў дэгустацыю сыроў.

Кухары санаторыя “Радон” напяклі добрую сотню бліноў і лялькай-вясной аздобілі свае пачастункі.

КСУПы “Белагурна”, “Жукоўшчына”, “Хвінявічы”прыгатавалі такія разнастайныя блінныя пачастункі, што проста вочы разбягаліся.

Прадстаўнікі райспажыўтаварыства і СШ № 1 горада Дзятлава прапанавалі на суд журы блінныя “падзелкі”: хатку з бліноў, сонейка, профіль дзяўчыны…

Няпроста было журы выбраць пераможцаў, бо стараліcя ўсе. І ўсё ж першае месца было прысуджана КСУП “Жукоўшчына”. Блінныя шэдэўры тут стварылі загадчыца жукоўшчынскай сталовай Клаўдзія Мамаджанава і бухгалтар сельгаспрадпрыемства Алена Юшкевіч.

Другое месца ў конкурсе заняла СШ № 1, і заслуга ў гэтым настаўніцы Марыі Цімошка, а таксама павароў Святланы Арэф’евай і Барыса Макуцы.

Трэцяе месца было прысуджана калектыву райспажыўтаварыства. Яго працаўнікі не толькі прынялі ўдзел у выставе, але і забяспечылі харчаваннем прысутных на свяце, у іх можна было набыць дахаты разнастайныя бліны.

Бліны былі галоўнай стравай, якой частавалі, якой прысвячалі рыфмы, прыпеўкі, гульні.

Своеасаблівы блінны “фестываль” — якраз нагода вызнаць сакрэты: як выходзяць бліны такімі смачнымі?

Пагадзілася падзяліцца Крысціна Статкоўская, якая працуе ў КСУП “Белагурна”вартаўніком. Яна напякла на выставу “квашаных” бліноў. А сакрэт у тым, што цеста два дні “квасіцца” і толькі на трэці дзень пякуцца бліны. У першы дзень 300 грамаў прасеянай мукі “заквашвае” паўлітрам сыроваткі. У цёплым месцы бліны падходзяць. На другі дзень гаспадыня іх “падкормлівае” дзвюмя шклянкамі мукі і яшчэ крыху сыроваткай. І толькі на трэці дзень дадае крыху соды, солі і чатыры здзёртыя бульбіны. Бліны выходзяць мяккія. Са шкваркамі ды яйкамі – смаката! Вось такія бліны, якія тры дні трэба чакаць!

Хто самы ўмелы блінаед?

Адначасова з тэатралізаванай дзеяй “Як вясну ратавалі”, выступленнямі роставых лялек”, ансамбляў Ятранка”, “Прымакі”, групы “Бархат”, самадзейных артыстаў на плошчы праходзілі “масленічныя” спаборніцтвы. У іх прымалі ўдзел сем каманд: жылкамунгаса, лясгаса, Хвінявіцкай школы, КСУП “Жукоўшчына”, ААТ “Граніт-Агра”, ТАА “Ізакам” і Вензавецкай СШ. Спаборнічалі ў пяці конкурсах.

Так, у конкурсе “Дартс біятлонны” самымі трапнымі былі прадстаўнікі Вензавецкай школы.

Жартоўны конкурс “Лыжы-хадуны” паказаў, што самыя прыстасаваныя да бясснежнай зімы і згуртаваныя гранітаўцы. Каманда перамагла ў гэтым конкурсе.

Конкурс “Хакейнае пары” выйграў РУП ЖКГ. На рахунку жылкамунгасаўцаў – 19 закінутых шайб.

А яшчэ ў двух конкурсах — “Ударым па зіме”, дзе трэба было забіваць цвікі, і “Вясёлыя бліны”, дзе на хуткасць з’ядаўся блін, — перамаглі прадстаўнікі ТАА “Ізакам”.

Тройчы на сцэну для ўзнагароджання падымаліся прадстаўнікі “Ізакама”, паколькі і ў камандным заліку па выніках усіх конкурсаў былі лепшыя. За гэту каманду выступаў Аляксандр Пятроўскі. Гэта ён паставіў “пераможную кропку”, з’еўшы найхутчэй блін – за 1 хвіліну і 32 секунды. Яго калегі па камандзе – Дзяніс Добыш, Ігар Шульц, Валерый Альховік, Аляксандр Жыбарт.

Другое месца ў агульнакамандным заліку — за КСУП “Вензавец”, трэцяе — заняў жылкамунгас.

Сямейныя старты

У вясёлым сямейным конкурсе пагадзіліся прыняць удзел пяць сем’яў – Дварчанін, Урбановіч, Горбач, Целехавец, Магбіці. Вядучая конкурснай праграмы Ірына Цяцерына прапанавала выпрабаванні татам, матулям, дзецям і ўсяму сямейнаму саставу. Самай спартыўнай аказалася сям’я Магбіці – Майкл, Кацярына, Дэвід, Кевін, Эмілія.

Як расказала мама Кацярына, конкурсы ім спадабаліся, асабліва апошні, дзе трэба было па падказках родных збіраць з завязанымі вачыма кардонныя “бліны”. І дзякуючы зладжанасці, “сабралі” больш за іншых — сем бліноў. Сям’я Магбіці заняла ў сямейных стартах першае месца, Целехавец – другія, Горбач – трэція.

Масленічнымі забавамі першы дзень вясны не закончыўся. Спартсмены гулялі ў футбол, а аматары песні атрымалі запрашэнне ў раённы Дом культуры і народнай творчасці на канцэрт беларускага эстраднага артыста Руслана Аляхно.

Інэса МІХАЙЛОЎСКАЯ
Фота Вольгі ЮШКЕВІЧ