80-гадовы юбілей з дня заснавання сёлета адзначае Дзятлаўскі аддзел міліцыі – равеснік нашага раёна.
Першая старонка яго “гістарычнага летапісу” датуецца 26 лютага 1940 года – днём стварэння аддзела. Тагачасныя праваахоўнікі шмат намаганняў прыкладалі для навядзення парадку ў раёне, але ўжо праз некалькі месяцаў пачалася Вялікая Айчынная вайна, Дзятлаўшчына была акупавана нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Пасля вайны раённым аддзяленнем народных камісараў унутраных спраў кіраваў капітан М. Дзяменцьеў, аддзел знаходзіўся ў Наваельні. Міліцыя была ўкамплектавана камуністамі і камсамольцамі, пераважна з ліку былых партызан. Супрацоўнікі ліквідавалі банд-фарміраванні, змагаліся са злачыннасцю, ахоўвалі правапарадак. На пасадзе кіраўніка М. Дзяменцьева змянілі спачатку А. Гарбуноў, затым М. Лузін. У 1962 годзе ў сувязі з расфарміраваннем раёна супрацоўнікі мясцовага аддзела ўнутраных спраў былі пераведзены на службу ў Ліду, Слонім, Навагрудак. У студзені 1965 года Дзятлаўскі раён як адміністрацыйная адзінка быў адноўлены. У розныя гады калектыў дзятлаўскай міліцыі ўзначальвалі П. Кароза, У. Капціловіч, П. Грымута, А. Ламака, А. Панкевіч, І. Верамейка, Ю. Таўсцюк, А. Жалнерчык.
Цікава было даведацца ў праваахоўнікаў, чым іх прывабіла служба ў міліцыі, як сёння праходзяць будні аддзела, якія традыцыі тут падтрымліваюцца.
Аляксандр Біль, начальнік АУС Дзятлаўскага райвыканкама:
– Калектыў нашага аддзела – гэта згуртаваная каманда прафесіяналаў, матываваная на абарону грамадзян ад супрацьпраўных замахаў. Ёсць ў нас і сямейныя міліцэйскія дынастыі: Ламакаў і Лазутаў. Па выніках работы за 2019 год сярод райаддзелаў другой катэгорыі ад міліцыі Гродзенскай вобласці дзятлаўскі райаддзел быў намінаваны на прысваенне пераходнага ганаровага прыза імя батальёна міліцыі Канстанціна Уладзімірава. Не меншым поспехам можна лічыць і тое, што дзятлаўская міліцыя дасягае добрых вынікаў па ўстанаўленні асобаў, якія ўчынілі злачынствы, што па вуліцах нашага горада і раёна можна спакойна хадзіць у любы час сутак, не баючыся за сябе і блізкіх. Радуе, што на працягу апошніх трох гадоў у раёне не ўчыняліся забойствы, што з кожным годам становіцца менш фактаў нанясення цяжкіх цялесных пашкоджанняў. У 2020 годзе нас чакаюць такія знакавыя падзеі, як 75-годдзе Вялікай Перамогі, 80-годдзе Дзятлаўскага раёна, выбары Прэзідэнта. У планах дзятлаўскай міліцыі забяспечваць належны парадак у час масавых мерапрыемстваў, а таксама надаваць больш увагі прафілактыцы рэцыдыўнай злачыннасці, сямейнага гвалту, злачынстваў у сферы высокіх тэхналогій. Напярэдадні свята жадаю праваахоўнікам, каб служба прыносіла задавальненне і хацелася ісці на працу, каб сем’і для іх былі сапраўдным домам, куды хочацца вяртацца, дзе пануюць спакой і паразуменне. Ветэранам службы – моцнага здароўя, дабрабыту, цвёрдасці духу.
Аляксандр Ламака, старшыня ветэранскай арганізацыі АУС Дзятлаўскага райвыканкама:
– Наша ветэранская арганізацыя налічвае 49 удзельнікаў. Аказваем дапамогу пажылым супрацоўнікам, віншуем ветэранаў службы з юбілеямі, днямі нараджэння, дзяржаўнымі святамі, удзельнічаем у мерапрыемствах аддзела і спартыўных святах, працуем з моладдзю. Я 25 гадоў аддаў службе ў міліцыі і ні разу аб гэтым не пашкадаваў. З 1987 па 1993 гады быў начальнікам Дзятлаўскага райаддзела. Якраз у той час узводзіўся адміністрацыйны будынак, дзе цяпер знаходзіцца дзятлаўская міліцыя. Многае тут памянялася, на дапамогу праваахоўнікам прыйшла сучасная аўтамабільная і камп’ютарная тэхніка, мабільныя тэлефоны, відэарэгістратары. А калі я працаваў участковым інспектарам міліцыі, мне выдзелілі спачатку каня, а ўжо пазней матацыкл К-750, на якім ездзіў і зімой, і летам. У лютыя маразы рухавік даводзілася грэць паяльнай лямпай. Тым не менш, служба ў міліцыі заўсёды была пачэснай справай. Усім, хто цяпер носіць ганаровае званне “міліцыянер”, жадаю ахоўваць законнасць, быць ветлівымі з людзьмі, берагчы гонар мундзіра. Няхай у вашай памяці застаюцца самыя лепшыя ўспаміны аб днях службы, бадзёрасці духу вам, дабрабыту, доўгіх гадоў жыцця.
Ігар Хітро, намеснік начальніка АУС Дзятлаўскага райвыканкама па ідэалагічнай рабоце і кадравым забеспячэнні:
– У міліцыі служу з 1998 года. Па спецыяльнасці я настаўнік, таму службу пачынаў у інспекцыі па справах непаўналетніх у Навагрудку, затым там жа быў супрацоўнікам групы кадраў. Намеснікам начальніка АУС Дзятлаўскага райвыканкама прызначаны ў 2013 годзе. Работа праваахоўніка прываблівае тым, што яна цікавая, тут кожны новы дзень не падобны на папярэдні. Аднак супрацоўнікі міліцыі павінны быць дысцыплінаванымі, мэтанакіраванымі, мабільнымі. Пры падборы кадраў перавагу аддаём тым, хто скончыў міліцэйскія навучальныя ўстановы, усе астатнія, як правіла, ужо ў час службы ў нашым аддзеле атрымліваюць дадатковую адукацыю па спецыяльнасці. Праваахоўнікі павінны быць адукаванымі, ветлівымі, уважлівымі, умець правільна даць тлумачэнні грамадзянам, бо часам ад іх слоў залежаць лёсы людзей. Ветэранам працы і калегам з нагоды прафесійнага свята жадаю ажыццяўлення мараў і каб дома панавала цёплая сямейная атмасфера.
Віктар Лазута, участковы інспектар міліцыі:
– У міліцыю я прыйшоў услед за бацькам, служу з 1998 года. Спачатку быў малодшым інспектарам адміністрацыйнай практыкі, участковым інспектарам міліцыі працую з 2005 года. Служыць у міліцыі падабаецца, бо цікава разбіраць жыццёвыя сітуацыі, сустракацца з прадстаўнікамі розных сацыяльных групаў, дапамагаць людзям. За час службы даводзілася рэагаваць на розныя правапарушэнні: ад дробных крадзяжоў маёмасці да хатняга гвалту і бытавых злачынстваў. Нягледзячы на складанасці, аб жыццёвым выбары не шкадую. Работнікам міліцыі жадаю цярпення, удачы, моцнага здароўя.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup