Праўда гэта ці не, але ходзіць па інтэрнэце легенда пра з’яўленне ваеннага гарадка Гезгалы.
Нібыта напачатку меркавалася будаваць яго каля Дзятлава, а потым вайскоўцы, якія займаліся падборам месца, патрапілі ў наваколле вёскі Гезгалы і былі проста зачараваны тымі мясцінамі. Дзе, як не сярод цудоўнай прыроды адпачываць душой пасля напружаных дзяжурстваў вайскоўцам-ракетчыкам? Мясціны каля Гезгалаўскага вадасховішча падыходзілі выдатна.
Пад дахам дома аднаго
Архіўныя звесткі сведчаць, што ў 1964-м распачалася тут будоўля першых дамоў. Праз тры гады пабудавалі дзіцячы сад, магазіны, чацвёрты і пяты дамы, затым – паштовае аддзяленне. А ў 1982 годзе ў ваенным гарадку з’явіўся Дом афіцэраў, цяперашні Дом культуры.
Праз два гады ўстанове споўніцца 40, а 24 гады з іх тут працуе Святлана Русак. Цяпер яе пасада называецца – загадчыца аддзела культуры і адпачынку “Гезгалаўскі дом культуры”.
У Святланы Анатольеўны пацікавіліся, як ладзіцца культурнае жыццё ў былым ваенным гарадку, цяперашнім аграгарадку Гезгалы.
–Пасля вайскоўцаў застаўся вялікі будынак і ўсё занята Домам культуры?
–Не. Пад адным дахам месцяцца тут не толькі Дом культуры, але і бібліятэка, сектар рамёстваў, філіял Дзятлаўскай школы мастацтваў. Дарэчы, напрыканцы года закончаны рамонт, і ўсе мы размяшчаемся пад новым дахам. Нават тады, калі доўжыўся рамонт, і мы былі пазбаўлены магчымасці карыстацца глядзельнай залай, мерапрыемствы праводзілі на іншых пляцоўках: у фае, малой зале, мясцовай школе, у цёплы час – на вуліцы. Напрыканцы года будаўнікі сышлі, і першае значнае мерапрыемства, якое правялі на сцэне Дома культуры – шанаванне былых воінаў-ракетчыкаў. На сустрэчу сабраліся не толькі мясцовыя ветэраны-вайскоўцы, прыязджаліз іншых гарадоў. Сустрэча атрымалася цёплая і памятная.
–З таго часу, як вывелі ракетныя палкі, хутка будзе чвэрць веку. Той, хто застаўся тут жыць, зразумела, людзі сталага веку. Ці ўдаецца завабіць іх, былых афіцэраў, прапаршчыкаў, іх жонак, да ўдзелу ў вашых мерапрыемствах?
–З мясцовай ветэранскай арганізацыяй у нас добрыя, надзейныя стасункі. Многія з былых воінаў-ракетчыкаў не толькі прыходзяць паглядзець, а і самі прымаюць непасрэдны ўдзел увечарынах, канцэртах. Некаторыя наведваюць заняткі ў вакальнай групе “Сустрэча”. Гэта для іх магчымасць і сустрэцца, і прыемна бавіць час.
–А ўвогуле, аматарскіх аб’яднанняў у вас багата? Ёсць як рэалізаваць свае здольнасці маладым танцорам, спевакам?
–Так. У нас працуюць дзіцячы танцавальны гурток “Фэнтэзі”, сольных спеваў – “Нотка”, народнай песні і традыцый “Спадчына”, гурток “Майстэрства вядучага”, таксама ёсць тэатр мініяцюр “Сюрпрыз”, аматарскае аб’яднанне “Непаседы”, жаночы клуб “Сударушка”, яшчэ адзін гурток сольных спеваў “Мелодыя” і ўжо названы – “Сустрэча”. Усяго маем дзевяць аб’яднанняў на розны ўзрост і густ.
–А дасягненнямі пахваліцца можаце, паколькі, кажаце, спяваеце, танцуеце?
–Можам. Назаву вам прозвішчы нашых дыпламантаў: гэта Ксенія Жыляніна, Нэллі Санюк, Анастасія Сазановіч, Аляксандра Барабан, Віталь Крэйдзіч. Мяркую, што колькасць пераможцаў і прызёраў павялічыцца, паколькі маем намер удзельнічаць сёлета ў разнастайных фестывалях, конкурсах, святах,а іх шмат прымеркавана да 80-годдзя ўтварэння нашага раёна і 75-годдзя Вялікай Перамогі.
–А якія мясцовыя “брэндавыя”святы будзеце ладзіць? Была ж у вас традыцыя рыбакоў збіраць…
– Штосьці апошнім часам рыба кепска клюе. А калі сур’ёзна, то разнастаілі мерапрыемствы святам ягад. Летась правялі “Смак лета”, а сёлета запросім на “Ягадны бум”. У нас жа мясціны лясныя, багатыя на ягады.
“Сузор’е” хоча вярнуцца
Прыгожыя мясціны вабяць на адпачынак. Вось і педагогам сярэдняй школы № 34 горада Гродна спадабаліся Гезгалы. Так нарадзіўся сумесны праект аздараўленчага летніка “Сузор’е”. У Гезгалаўскую школу на дзевяць дзён мінулым летам прыязджалі гарадскія дзеці разам са сваімі выхавальнікамі.
–Такі праект – адпачынак гарадскіх дзяцей у сельскай мясцовасці – мы рэалізоўвалі ўпершыню, — расказала метадыст раённага вучэбна-метадычнага кабінета Наталля Пазняк. – І ён аказаўся паспяховым: навучэнцы 6-7 класаў не толькі пабылі на прыродзе, набегаліся, надыхаліся, але і пазнаёміліся з Дзятлаўшчынай. Для іх ладзілі экскурсіі, разнастайныя мерапрыемствы. Усё прадугледзела наш дырэктар летніка Марыя Уладзіміраўна Міхайлоўская.
А яшчэ, што таксама вельмі важна, у летніку смачна кармілі. Па водгуках, усе засталіся задаволеныя адпачынкам. Нават просяць прыняць гарадскіх дзяцей зноў гэтым летам.
Лета, калі многія ідуць у адпачынак, для гезгалаўскіх школьных павароў – гарачая пара. Трэба карміць адпачывальнікаў шматлікіх аздараўленчых летнікаў.
Цяпер тут працуюць два повары і кухонны работнік, якія кормяць 119 вучняў Гезгалаўскай школы. У 2018 годзе харчблокбыў капітальна адрамантаваны.
Як расказала тэхнолаг па харчаванні раённага аддзела адукацыі Алена Крывіцкая, у Гезгалаўскай школе да капрамонту харчблока не было вытворчых цэхаў, а цяпер ёсць мяса-рыбны, агароднінны, гарачы цэх, мыечная, складскія памяшканні.Для шэф-повара абсталяваны кабінет, можна карыстацца аўтаматызаванай праграмай выпіскі меню для навучэнцаў. Усталявана новае сучаснае тэхналагічнае і халадзільнае абсталяванне.
Капітальны рамонт харчовага блока абышоўся ў 300 тысяч рублёў, 46,5 тысячы з якіх пайшло на замену кухоннага і сталовага посуду. Умовы для працы і харчавання школьнікаў, адпачывальнікаў летнікаў створаны належныя.
Курортныя вабныя мясціны
Сваю назву “аграгарадок” Гезгалы атрымаў у 2013 годзе. Сёння паселішча налічвае 1369 жыхароў. Гэту лічбу мне паведаміў старшыня Жукоўшчынскага сельвыканкама Валерый Верамейчык, які валодае любой інфармацыяй пра Гезгалы, паколькі аграгарадок адносіцца цяпер да Жукоўшчынскага сельскага савета.
Валерый Пятровіч зладзіў нам невялікую экскурсію па аграгарадку.
У спадчыну пасля вываду адсюль вайскоўцаў засталіся жылыя дамы – дзесяць шматпавярховак, крамы, два бары, кулінарыя, дзіцячы садок, школа, пошта, аддзяленне банка, амбулаторыя, аптэка, Дом быту, Дом культуры. Спадчына багатая, але і клопату патрабуе не меншага. Асабліва жыллё.
Асфальтаванай дарожкай падышлі да шматпавярховак. Будаўнікі рыхтаваліся пакідаць прылеглую да дома № 3 тэрыторыю: раўнялі газон, прыбіралі будаўнічае смецце. Капітальны рамонт аднаго з першых пабудаваных у тагачасным ваенным гарадку дамоў № 3 закончаны: адрамантаваны дах, балконы, пастаўлены шклопакеты, заменены трубы. Дом набыў вабны выгляд, як і яго “блізнец” пад нумарам адзін, рамонт якога зроблены раней.
Пакуль шукалі лепшы ракурс для здымак, падышлі жанчыны з дзіцячай каляскай. Загаманілі са старшынёй сельвыканкама пра рамонт іншых дамоў, выказалі спадзяванне, што стануць з часам такімі ж вабнымі, як і гэтыя, дагледжаныя.
Вядзецца ў аграгарадку і добраўпарадкаванне прылеглых да дамоў тэрыторый: пакладзена тратуарная плітка і ўладкаваны бардзюры каля дома № 7, праведзены рамонт ліўнёвай каналізацыі ўздоўж цэнтральнай вуліцы аграгарадка, дзе размешчаны асноўныя ўстановы сацыяльна-культурнага прызначэння.
Варта зазначыць,што за час існавання без вайскоўцаў пасёлак займеў некаторыя “спецыфічныя” ўстановы. Паколькі насельніцтва і былога ваеннага гарадка, і наваколля, ды і раёна ў цэлым, як і самі паселішчы, пастарэла, то з’явіліся тут бальніца сястрынскага догляду, дом сумеснага самастойнага пражывання, а летась — кватэра сумеснага пражывання для грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў.Гэтыя ўстановы, як і іншыя сацыяльнага прызначэння, забяспечваюць працай, з якой у аграгарадку па-ранейшаму існуе праблема.У адрозненні ад іншых пасёлкаў раёна тут жа няма прадпрыемстваў, якія давалі б занятак. Таму патэнцыял паселішча бачыцца ў аграэкатурызме, уладкаванні тут адпачынку. Мясціны прыгожыя. Нездарма ж некалі іх аблюбавалі вайскоўцы. Можа, калі-небудзь знойдуцца людзі, якія захочуць зрабіць Гезгалы турыстычна-вабнымі, па-сапраўднаму курортным месцам?
Інэса МІХАЙЛОЎСКАЯ
Фота Вольгі ЮШКЕВІЧ
Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup