Дыялог улады са святарамі (+відэа)

Важнае Свежыя навіны Улада

12 сакавіка прайшоў семінар-нарада па тэме “Вопыт узаемадзеяння органаў улады з рэлігійнымі арганізацыямі па выхаванні ў насельніцтва духоўна-маральных каштоўнасцяў”.

На пачатку мерапрыемства ўдзельнікаў семінара-нарады павітаў намеснік старшыні Дзятлаўскага райвыканкама Ігар Кухарэвіч. Ён засяродзіў увагу прысутных на самых надзённых пытаннях, у вырашэнні якіх патрабуецца дапамога прадстаўнікоў духавенства, выказаў спадзяванне, што гэтая сустрэча будзе плённая, паспрыяе далейнаму супрацоўніцтву органаў улады са святарствам Дзятлаўшчыны.

З інфармацыяй пра стан этнаканфесійных адносінаў у Дзятлаўскім раёне і шляхах удасканалення сістэмы ўзаемаадносін органаў улады і рэлігійных арганізацый выступіла начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Наталля Калодка.

Яна падзякавала святарам за тое, што прыйшлі на традыцыйную сустрэчу, у час якой ёсць магчымасць абмяняцца думкамі, падзяліцца вопытам, напрацоўкамі, выказаць заўвагі і пажаданні, атрымаць адказы на пытанні.

Удзельнікі семінара-нарады наведалі Дзятлаўскі цэнтр культуры і народнай творчасці, дзе ім было прапанавана пазнаёміцца з дзейнасцю агітбрыгады. У яе ўваходзяць Наталля Маліноўская, Ала Чарняўская, Марына Варган, Марына Шаўчук, Вікторыя Кончык. Тэма выступлення вельмі актуальная   –  за жыццё, супраць суіцыдаў.

У Дзятлаўскай раённай бібліятэцы адбылася сустрэча з супрацоўнікамі гэтай установы культуры. Дырэктар бібліятэкі Вольга Бойка расказала, як тут рэалізуецца праграма “На шляху да духоўнасці”, якая прадугледжвае шматлікія мерапрыемствы духоўна-маральнай скіраванасці.  Варта таксама зазначыць, што сёння бібліятэчны фонд духоўнай літаратуры налічвае больш за 4 000 экзэмпляраў. У час наведвання ўстановы паступіла прапанова ад святароў перадаць яшчэ шэраг кніг для раённай бібліятэкі.

Пра супрацоўніцтва Беларускай Праваслаўнай Царквы і аддзела адукацыі Дзятлаўскага райвыканкама расказала галоўны спецыяліст аддзела адукацыі, спорту і турызму Алена Гарановіч. Яна агучыла тыя накірункі  ўзаемадзеяння, якія найбольш запатрабаваны цяпер: індывідуальныя і групавыя гутаркі святарства з бацькамі і дзецьмі, валанцёрская дзейнасць, турысцка-экскурсійная, праз якую вядзецца знаёмства са святынямі, і новы накірунак – паломніцтва.

У час наведвання Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна ўдзельнікі семінара-нарады мелі магчымасць даведацца, якую сацыяльную падтрымку маюць найменш абароненыя жыхары раёна.  Пра магчымасці прыцягнення замежнай дабрачыннай дапамогі расказала дырэктар гэтай установы Таццяна Нікіпорчык. Яна адказала на пытанні прысутных, прапанавала дапамогу ў ажыццяўленні актуальных праектаў.

Таксама да ўдзелу ў семінары былі запрошаны прадстаўнікі пажарнай службы, міліцыі, медыцыны, якія далі слушныя парады.

Напрыканцы семінара-нарады выказалі свае меркаванні пра мерапрыемства, якое прайшло ў новым фармаце – з наведваннем установаў, святары. Ксёндз Здзіслаў Пікула, айцец Валерый Мануйла, пастыр Аляксандр Шэлег падзякавалі за магчымасць абмеркаваць актуальныя пытанні, за дыялог, карысны для абодвух бакоў.

Інэса МІХАЙЛОЎСКАЯ
Фота Вольга ЮШКЕВІЧ

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup



Теги: