Да 75-годдзя Вялікай Перамогі. Вячаслаў Калодка – мірнага жыцця будаўнік

Важнае Хто крылы расправіў на роднай зямлі

У час Вялікай Айчыннай вайны сотні тысяч беларусаў спазналі нягоды нямецкага палону і рабскай працы на тэрыторыі Польшчы, Прусіі, Аўстрыі, Германіі, іншых краін.

Яшчэ больш нашых суайчыннікаў прайшло праз фашысцкія канцлагеры. Сярод ахвяраў вайны былі і дзеці – малалетнія вязні.

Вячаслаў Уладзіміравіч Калодка пра сваё дзяцінства ведае пераважна са словаў бацькоў. Ваенны перыяд жыцця ён узгадвае неахвотна, бо давялося шмат чаго перацярпець. Нарадзіўся Вячаслаў 29 лістапада 1942 гола ў вёсцы Зачарляны, пад Беластокам. Яго бацькоў, Уладзіміра Сяменавіча і Лідзію Канстанцінаўну Калодкаў, разам з дзецьмі немцы вывезлі на работы ў Германію, прымусілі працаваць у сельскай гаспадарцы на памешчыцкіх землях недалёка ад горада Кёнігсберга. Там у 1944 годзе памёр сямігадовы брат Юра.

Пасля Перамогі над фашысцкай Германіяй у маі 1945 года сям’я Калодкаў вярнулася на Беласточчыну ў родную вёску, але ў 1946-ым была праведзена дэпартацыя беларусаў з тэрыторыі Польшчы. Першым прыпынкам на дзятлаўскай зямлі стала вёска Яцвезь. Затым пераехалі ў Дзятлава ў выдзеленую для сям’і хату на цяперашняй вуліцы Чапаева. Вячаслаў закончыў 10 класаў Дзятлаўскай школы, паступіў у ПТВ № 11 горада Друя Віцебскай вобласці. Пасля атрымання ў 1962 годзе спецыяльнасці машыніста дызельных экскаватараў праходзіў практыку ў Скідзельскім БМУ меліярацыі. Адтуль быў прызваны ў рады Савецкай арміі. Служыў планшэцістам у авіяцыйным палку знішчальнай авіяцыі на тэрыторыі Украіны ў горадзе Луцку. У званні сяржанта з узнагародай (медалем “20 гадоў Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне”) вярнуўся на Дзятлаўшчыну.

Першым і адзіным (аж да выхаду на пенсію) месцам работы Вячаслава Калодкі стала МПМК-69, дзе ён працаваў машыністам экскаватара і на аўтамабільным кране. Таксама з’яўляўся камсамольскім і прафсаюзным актывістам. З тых часоў у Вячаслава Уладзіміравіча захоўваюцца ўзнагароды: ганаровы знак Усесаюзнага цэнтральгага савета прафесійных саюзаў “За актыўную работу”, Ганаровая грамата Гродзенскага абкама камсамола. На розных участках работ не толькі ў Дзятлаўскім раёне, але і за яго межамі Вячаслава Уладзіміравіча адзначалі як лепшага кранаўшчыка, неаднаразова прызнавалі і лепшым будаўніком. Самая дарагая ўзнагарода, якою ганарыцца не толькі ён сам, але і дзеці з ўнукамі – Ганаровая грамата Вярхоўнага Савета БССР за подпісам С. В. Прытыцкага. Гэтую грамату атрымаў у верасні 1970 года. Сёння ў сямейным альбоме Калодкаў захоўваецца больш за 10 ганаровых грамат рознага ўзроўню – ад раённых да абласных, а ў 1971 годзе Вячаслаў Уладзіміравіч перамог у раённым конкурсе прафесійнага майстэрства.

Для паспяховай працы былі неабходны пэўныя веды, таму ў 1979 годзе Вячаслаў Калодка закончыў курсы павышэння кваліфікацыі. Працуючы на розных аб’ектах будоўлі, ён якасна выконваў даведзеныя заданні, а часцей – перавыконваў планавыя паказчыкі. За поспехі атрымаў званне “Ударнік працы”.

Перамогі на фронце мірнай будоўлі адбываліся ў многім дзякуючы надзейнаму тылу – сям’і. З жонкай, Марыяй Канстанцінаўнай, распісаліся ў кастрычніку 1967 года. На працягу сямі гадоў будавалі ўласны дом, дзе жывуць і цяпер. У гэтай зладжанай, гарманічнай сям’і выраслі двое дзяцей, падрастаюць трое ўнукаў. Старэйшая дачка Алена – выхавальніца вышэйшай катэгорыі ў адным з дзіцячых садкоў горада Ліды, сын Юрый выбраў прафесію ўслед за бацькам і пэўны час працаваў поруч з ім. Марыя Канстацінаўна шчырая працаўніца сістэмы грамадскага харчавання – выдатнік працы спажывецкай кааперацыі, ударнік камуністычнай працы.

Аб ліхалецці Вялікай Айчыннай вайны Вячаславу Калодку нагадвае нагрудны знак “Вязень нацызму”. З павагай блізкія адносяцца да дзевяці медалёў, якімі адзначаны Вячаслаў Уладзіміравіч, а ў 2019 годзе ён быў ушанаваны юбілейным медалем “75 гадоў вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў”. Штогод на адрас непаўналетняга вязня прыходзяць віншаванні з Днём Перамогі і вызваленнем Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў за подпісам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі.

На заслужаны адпачынак Вячаслаў Калодка мог выйсці ў 2000 годзе, аднак яшчэ больш за пяць гадоў перадаваў сваё майстэрства маладому пакаленню. Цяпер вельмі любіць працаваць на прысядзібным участку, а ў вольны час захапляецца рыбалкай.

У юбілей Вялікай Перамогі варта пажадаць Вячаславу Уладзіміравічу моцнага здароўя, бадзёрага настрою, аптымізму на доўгія гады, няхай кожны дзень будзе шчаслівы і побач знаходзяцца родныя людзі.

Міхаіл ЛУК’ЯНЧЫК,
краязнаўца

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup

 



Теги: