Ці смачна кормяць сейбітаў? Як забяспечаны яны дэзсродкамі?

Важнае Эканоміка і сельская гаспадарка

Гэта высвятлялі карэспандэнты газеты “Перамога” разам са старшынёй райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу  Уладзімірам Казаком у КСУП “Хвінявічы”.

Напачатку наведалі сталовую гаспадаркі ў Хвінявічах. Загадчыца сталовай і яна ж повар Алена Глубокая паведаміла, што толькі-толькі адышла машына, якая развозіць абеды працаўнікам.

– Цяпер гатуем на чалавек 30-40, якія заняты на вясновых палявых работах, – расказала Алена Вікенцьеўна. – Самая вялікая нагрузка прыпадае на восень, калі капаюць бульбу: тады трэба накарміць 100-120 чалавек. Але спраўляемся! У мяне добрая памочніца – Таіса Грынцэвіч.

– Гатуюць у нас смачна, – зазначыў намеснік дырэктара КСУП “Хвінявічы” Іван Ступчык. – Абедамі нашы працаўнікі задаволены. Алена Вікенцьеўна працаўнік вопытны. Мае адпаведную адукацыю: вучылася на повара ў Баранавічах. Мае 30 гадоў поварскага стажу.

Нядаўна разам з прадстаўнікамі раённага Цэнтра гігіены і эпідэміялогіі  старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Уладзімір Казак быў тут з праверкай: парушэнняў не выявілі, усе правілы выконваюцца. Але не лішнім было яшчэ раз нагадаць строга захоўваць санітарна-гігіенічныя патрабаванні, пастаянна карыстацца дэзрастворамі.  Уладзімір Фёдаравіч прывёз дэзсродкі і папоўніў іх запас у сталовай.

У час вяснова-палявых работ прадстаўнікі прафсаюза работнікаў АПК праводзяць маніторынг умоваў гарачага харчавання працаўнікоў сельгаспрадпрыемстваў. Уладзімір Казак ужо наведаў сталовыя сельгаспрадпрыемстваў  “Русь-Агра”,  “Слава працы”, цяпер вось – КСУП “Хвінявічы”.

Пагутарыўшы з загадчыцай сталовай, накіраваліся ва ўрочышча “Язоўчык”. Туды павезлі абеды для працаўнікоў гаспадаркі, якія заняты ачысткай палеткаў ад камянёў.

Невялікай машыне, якую ў народзе завуць жартоўна “таблеткай”, штодня даводзіцца прабягаць каля сотні кіламетраў, каб даставіць гарачыя абеды ва ўсе куткі вялікай гаспадаркі.

Сёння Таіса Грынцэвіч прывезла на абед расольнік, адвараную бульбу і катлеты, кісель, хлеб і пірог.

Хуценька вынеслі столік, крэселкі, а тым часам працаўнікі, старанна вымыўшы рукі і апрацаваўшы іх дэзрастворам, дружна запрацавалі лыжкамі.

Старшыня райкама прафсаюза Уладзімір Казак і тут папоўніў запасы дэзсродкаў.

– Як апетыт, як абед, ці смачны ён сёння? – пытаемся ў механізатара Віктара Каско.

– Добра кормяць! Праўду кажу! Свае ж повары вараць, – адказвае ён.

Падтрымліваюць яго і калегі за абедзенным столікам Юрый Васько, Марына Юргель, Віктар Касцоў.

– Дзякуй! – цяпер гэтае слова найчасцей чуюць Таіса Грынцэвіч і Алена Глубокая.

Інэса МІХАЙЛОЎСКАЯ
Фота Вольгі ЮШКЕВІЧ