Адбыўся прэс-тур і прэс-канферэнцыя для журналістаў вобласці

Важнае Грамадства Свежыя навіны

5 сакавіка першую прэс-канферэнцыю ў гэтым годзе старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Краўцоў правёў на Смаргоншчыне.

Перш чым сустрэцца з журналістамі і адказаць на іх пытанні, старшыня аблвыканкама правёў у Смаргоні прыём грамадзян. А журналісты да пачатку прэс-канферэнцыі мелі магчымасць праз прэс-тур пазнаёміцца з адметнасцямі Смаргоншчыны.

Удзельнікі прэс-тура на пачатку наведалі мемарыяльны комплекс па лініі супрацьстаяння ў Першую сусветную вайну 1915-1917 гадоў, які знаходзіцца на ўскраіне Смаргоні, і ўсклалі да яго чырвоныя гваздзікі.

У гады Першай сусветнай вайны пад Смаргонню ішлі вельмі жорсткія баі. 15 верасня 1915 года пасля васьмігадзіннага бою немцы захапілі паселішча, але праз некалькі дзён рускія войскі адбілі гарадок. Так пачалося супрацьстаянне, якое расцягнулася на 810 дзён. Смаргонь стаў адзіным горадам на фронце ад Балтыйскага да Чорнага мора, за які так доўга і жорстка змагалася руская армія.

Журналістам была прапанавана магчымасць пазнаёміцца з ААТ “Белагратэрмінал”, лясным гадавальнікам ДЛГУ “Смаргонскі вопытны лясгас”, паляўнічым комплексам “Арэхаўка”, музеем-сядзібай у Залессі, якая належала палітыку і кампазітару Міхаілу Клеафасу Агінскаму. Вядомы ён нам найбольш як аўтар паланэза “Развітанне з радзімай”.

У актавай зале музея-сядзібы М. К. Агінскага і адбылася прэс-канферэнцыя, у час якой былі ўзняты многія актуальныя пытанні, на якія старшыня аблвыканкама даў адказы.

Так, журналісты цікавіліся, як ідзе падрыхтоўка да III Форума рэгіёнаў Беларусі і Украіны. Яна  пройдзе ў Гродне ў пачатку кастрычніка. Цяпер на ўзроўні ўрада ўжо зацверджаны план правядзення, канцэпцыя і асноўныя элементы праграмы форуму. Вядома, што асноўнымі мерапрыемствамі стануць пленарнае пасяджэнне з удзелам кіраўнікоў дзяржаў, сустрэча кіраўнікоў рэгіёнаў Украіны і Беларусі, таксама пройдзе пасяджэнне двухбаковага Кансультатыўнага савета дзелавога супрацоўніцтва. У праграму ўвойдуць таксама тэматычныя мерапрыемствы і пасяджэнні двухбаковых рабочых груп па лініі міністэрстваў і ведамстваў, універсальная выстава і кірмаш вырабаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва прадпрыемстваў дзвюх краін і канцэрт дружбы.

Цікавіліся таксама “сакрэтамі” XIII Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур, які пройдзе ў Гродне 5-6 чэрвеня. Дэталі праграмы свята пакуль прапрацоўваюцца, паведаміў Уладзімір Краўцоў.  Рыхтуюцца канцэрты, выставы, пленэры, акцыі, кінапаказы і конкурсы, да ўдзелу запрашаюцца творчыя калектывы з іншых краін. Горад павінен сустрэць гасцей у годным выглядзе.

У Гродне працягнуць будаваць жылыя раёны на тэрыторыях былых ваенных часцей у гарадской мяжы.

“Неўзабаве пачнецца забудова часткі былога ваеннага гарадка Фолюш. Тут у бліжэйшы час з’явіцца раён на 185 тысяч квадратных метраў жылля, а гэта каля 2 тысяч кватэр”, – адзначыў Уладзімір Краўцоў.

У мінулым годзе па ўсёй вобласці было ўведзена ў эксплуатацыю каля чатырох сотняў арэндных кватэр.

Абстаноўка з каранавірусам сёння адна з актуальных тэм. Сітуацыя, як падкрэсліў Уладзімір Краўцоў, знаходзіцца на пастаянным кантролі. Тыя, хто прыбывае з Кітая, Італіі, Ірана, Паўднёвай Карэі ў пунктах пропуску праходзяць праз паглыблены санітарна-каранцінны кантроль. Медыкі працуюць у рэжыме павышанай гатоўнасці. Дактары назіраюць за тымі, хто прыбыў з-за мяжы на працягу 14 дзён.

Журналістаў цікавіла, калі ў Гродне пабудуюць палац гульнявых відаў спорту. Цяпер вядзецца перадпраектная работа. Па словах старшыні аблвыканкама, у Гродне ўжо ў бліжэйшы час пачнуць будаваць комплекс тэнісных кортаў, у тым ліку і крытых у раёне “Аквацэнтра”. Вясной у абласным цэнтры адкрыецца зала для настольнага тэніса па вуліцы Пестрака.

Удасканальваецца спартыўная інфраструктура і ў раёнах вобласці. У Смаргоні завяршаецца рэканструкцыя басейна, у Навагрудку да мая здадуць шматфункцыянальны спартыўна-аздараўленчы комплекс. Аналагічны комплекс у пачатку 2020 года адкрыўся ў Астраўцы. Сярод іншых значных аб’ектаў – абнаўленне стадыёна ў Ваўкавыску і будаўніцтва сучаснага спартыўнага комплексу ў Слоніме.

Паколькі ў час прэс-тура журналісты наведвалі лясную гаспадарку, то было закранута пытанне эканамічна апраўданага, ашчаднага выкарыстання лясных багаццяў.

У рэгіёне больш за сотню прадпрыемстваў займаецца перапрацоўкай драўніны, але, нягледзячы на гэта, плошча лясных угоддзяў штогод павялічваецца ў сярэднім на 20 тысяч гектараў. Так, лясныя рэсурсы, па словах Уладзіміра Краўцова, трэба выкарыстоўваць разумна і эканомна. У вобласці створана дзевяць базісных гадавальнікаў, дзе вырошчваюцца саджанцы для папаўнення лясных багаццяў. Кожны год у краіне праходзіць рэспубліканская акцыя “Тыдзень лесу”. У Смаргоні і Навагрудку будуюцца два пелетныя заводы, дзе будзе перапрацоўвацца нізкагатунковая драўніна.

Пасля заканчэння прэс-канферэнцыі журналісты мелі магчымасць больш дэталёва пазнаёміцца з наваколлем сядзібы Агінскіх.

Інэса МІХАЙЛОЎСКАЯ

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup