17 лютага ў будынку Дзятлаўскага раённага выканаўчага камітэта прыём грамадзян правёў дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па Нёманскай выбарчай акрузе № 56 Уладзімір Сіняк.
Уладзіміру Аляксандравічу паступілі дзесяць зваротаў, некалькі з якіх былі тэлефоннымі. Жыхароў Дзятлаўшчыны хвалявалі пытанні якасці аказання медыцынскай дапамогі, працаўладкавання, замены вадзіцельскага пасведчання, газіфікацыі, парушэння правілаў утрымання і добраўпарадкавання месцаў пахавання на могілках горада Дзятлава, арганізацыі падвозу да амбулаторыі, арганізацыі гандлю ў сельскай мясцовасці. Найбольш актуальным у нашых землякоў было “дарожнае пытанне”: наконт дабраўпарадкавання дарог звярнуліся тры чалавекі.
Першай з дэпутатам сустрэлася жыхарка горада Дзятлава, якая нядаўна прайшла курс лячэння ў цэнтральнай раённай бальніцы. Жанчыну ўсё яшчэ непакоіць стан яе здароўя, таму Уладзіміра Аляксандравіча яна прасіла аказаць садзейнічанне ў атрыманні накіравання на лячэнне ў Мінску. Дэпутат паабяцаў аказаць дапамогу.
Яшчэ ў адной нашай зямлячкі ўзнікла праблема з працаўладкаваннем. Некалькі тыдняў таму жанчыну звольнілі за парушэнне працоўнай дысцыпліны, цяпер ёй цяжка знайсці работу самастойна. Начальнік упраўлення па працы, зянятасці і сацыяльнай абароне Алена Васкель расказала, што заяўніца адносіцца да асаблівай катэгорыі грамадзян і можа быць працаўладкавана па броні. Ёй ужо былі прапанаваны некалькі магчымых вакансій, ад якіх, спасылаючыся на аб’ектыўныя прычыны, беспрацоўная адмовілася. Яна і надалей будзе знаходзіцца на кантролі ў службе занятасці, пры адкрыцці прыдатнай вакансіі з ёй абавязкова звяжуцца. Дэпутат параіў заяўніцы больш не адмаўляцца ад прапановаў службы занятасці і таксама ўзяў праблему на кантроль.
Жыхар вуліцы Школьнай вёскі Пацаўшчына прасіў у дэпутата разгледзець магчымасць будаўніцтва аб’язной дарогі, каб з яе дапамогай “разгрузіць” вясковую вуліцу ад вялікагрузнага транспарту. Мужчына расказаў, што каля яго дома штодзень праязджаюць лесавозы, з-за чаго ўжо стары будынак дае ўсадку. Раней праблему вывучала міжведамасная камісія, якая прызнала стан дарогі здавальняючым, таксама на гэтым участку быў усталяваны знак абмежавання хуткасці да 40 кіламетраў у гадзіну. Уладзімір Сіняк паабяцаў заяўніку выехаць на месца і ацаніць сітуацыю, затым прымаць далейшае рашэнне.
Дапамагчы “ліквідаваць” вялікую лужыну, што ўзнікла на дарозе ў вёсцы Мядзвінавічы і стала сур’ёзнай перашкодай для вадзіцеляў, якія едуць у бок могілак, прасіў яшчэ адзін заяўнік. Лужына, як лічыць мужчына, адмоўна ўплывае і на якасць калодзежнай вады ў вёсцы. Дэпутат паабяцаў абмеркаваць праблему з раённымі ўладамі і знайсці магчымасць для падсыпкі праблемнага ўчастка гравіем.
Прыпазніўся з заменай вадзіцельскага пасведчання жыхар аграгарадка Хвінявічы. Усё жыццё ён адпрацаваў трактарыстам у гаспадарцы, мае допуск да работы на камбайне. Здавалася б, вадзіцелю са значным стажам можна не хвалявацца, калі едзеш на скутары. Але аказалася, што мужчына ўпусціў час, калі з вадзіцельскім пасведчаннем трактарыста можна было адкрыць адпаведную катэгорыю. Цяпер на яе трэба здаваць. Дэпутат паабяцаў высветліць “тонкасці” агучанага пытання, і калі на тое будуць законныя падставы, дапамагчы атрымаць новае пасведчанне.
У аграгарадку Данілавічы праходзіць газіфікацыя. Адзін з прэтэндэнтаў на выгоды цывілізацыі аказаўся ў складанай сітуацыі. Мужчына расказаў, што правесці “блакітнае паліва” вырашылі гаспадары васьмі домаўладанняў. Яго хата знаходзіцца воддаль ад астатніх, і паўстала пытанне аб дадатковай значнай аплаце. Уладзімір Аляксандравіч патлумачыў заяўніку, што ў нашай краіне пры газіфікацыі выкарыстоўваецца адзіная практыка: “ствалавы” газаправод датуецца дзяржавай на 70 %, астатнія 30 % аплачваюць у роўных долях уласнікі домаўладанняў, а ўжо за ўвод газу – кожны гаспадар плаціць сам. Дэпутат паабяцаў пагутарыць аб вырашэнні пытання са старшынямі Данілавіцкага сельвыканкама і мясцовай гаспадаркі, а таксама з начальнікам Дзятлаўскага раёна газазабеспячэння.
Жыхарка вёскі Горка патэлефанавала Уладзіміру Сіняку з просьбай арганізаваць падвоз да Раготнаўскай амбулаторыі, а жыхары вёскі Скіпоравічы скардзіліся, што не працуе мясцовы магазін, які знаходзіцца на балансе Дзятлаўскага філіяла Гродзенскага аблспажыўтаварыства. Дэпутат узяў на кантроль усе звароты, якія паступілі ў час прыёму, па некаторых з іх паабяцаў разабрацца з выездам на месца.
Ірына СТЫРНІК