У Дзятлаве прайшло чарговае пасяджэнне камісіі па справах непаўналетніх

Важнае Грамадства Свежыя навіны

На чарговым пасяджэнні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама разгледжаны хадайніцтвы ўстановаў адукацыі аб прыняцці мераў да навучэнцаў і пытанні аб магчымасці вяртання бацькам дзяцей, прызных маючымі патрэбу ў дзяржаўнай абароне.

Жыццёвы ўрок засвоіла

У верасні маленькую дзяўчынку прызналі маючай патрэбу ў дзяржаўнай абароне і забралі ў маці. Адбылося гэта таму, што жанчына падвяргала жыццё немаўляці небяспецы. На Дзятлаўшчыну яна прыехала з іншага раёна, бо мае тут аднапакаёвую кватэру. Паколькі дзіця было нованароджаным, у нашым раёне сям’ю адразу ўзялі на кантроль, і нездарма. У хуткім часе пачалі выяўляцца прыкметы сямейнага недабрабыту, якія пацвердзіла праведзенае сацыяльнае расследаванне. Каардынацыйны савет райвыканкама прызнаў немаўля ў сацыяльна небяспечным становішчы, маці патлумачылі адказнасць, згодна з патрабаваннямі Дэкрэта № 18. Аднак ужо праз некалькі дзён медыцынская сястра, якая прыйшла на патранаж дзіцяці, не змагла трапіць у кватэру. З-за зачыненых дзвярэй чуўся плач. Праз некаторы час гора-маці прыйшла нецвярозая з суседняга пад’езда. На шчасце, з дзяўчынкай за час яе адсутнасці не здарылася бяды.

Пасля адабрання дзіцяці жанчына ўсвядоміла сваю памылку і рабіла ўсё магчымае, каб вярнуць дачку. Яна была працаўладкавана ў адну з гаспадарак раёна жывёлаводам, бездакорна выконвала працоўныя абавязкі, не дапускала прагулаў. Ва ўжыванні спіртнога не была заўважана. Рэгулярна тэлефанавала ў Гродзенскі дом дзіцяці, каб даведацца пра дачку, шмат разоў яе наведвала.

Члены камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама ацанілі станоўчыя перамены ў жыцці маці і прынялі рашэнне вярнуць ёй дзіця. Аднак жанчыну папярэдзілі, што сям’я па-ранейшаму будзе знаходзіцца пад увагай спецыялістаў службаў прафілактыкі.

Не ў прафесію, а ў дзясяты клас

З хадайніцтвам у камісію па справах непаўналетніх звярнуліся педагогі Лідскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя, дзе вучыцца наш юны зямляк. Як высветлілася, хлопец адвучыўся там паўгода, а цяпер пажадаў забраць дакументы і вярнуцца ў дзясяты клас. Сваё рашэнне ён матывуе тым, што абраная спецыяльнасць не спадабалася.

У школе непаўналетняга гатовы прыняць і даць яму магчымасць скончыць адзінаццаць класаў, заадно ў хлопца з’явіцца час на роздум і больш узважанае рашэнне, кім стаць у дарослым жыцці.

На пасяджэнні камісіі па справах непаўналетніх такое рашэнне падтрымалі – даць ліцэю згоду на адлічэнне нашага земляка.

Адолеў “зялёны змій”

Трое дзяцей з ненадзейнай сям’і ў снежні былі прызнаны маючымі патрэбу ў дзяржаўнай абароне. Нагодай для гэтага стала сяброўства абодвух бацькоў з алкаголем і сямейныя сваркі. Пасля адабрання непаўналетніх дарослыя выказалі жаданне як мага хутчэй вярнуць іх назад. Самастойна яны прайшлі лячэнне ад алкагольнай залежнасці, прычым, бацька зрабіў гэта паўторна. На працягу месяца сітуацыя ў сям’і стабілізавалася, жыццё пайшло на лад. Дарослыя працавалі, не дапускалі прагулаў, наведвалі дзяцей у сацыяльным прытулку. На жаль, радавацца за сям’ю спецыялістам службаў прафілактыкі давялося нядоўга. У хуткім часе пры візітах дзверы кватэры ўжо ніхто не адчыняў, хаця было чуваць, што ўнутры знаходзяцца людзі. У адзін з рабочых дзён бацьку праверылі на алкаголь – аказалася, што мужчына пачаў ужываць спіртное. Дома за гэтым заняткам яго застаў супрацоўнік міліцыі. Стала зразумела: мужчына “сарваўся” і перастаў сябе кантраляваць. А вось маці прадаўжала трымаць сябе ў руках і рабіла ўсё, што ад яе залежыць, каб вярнуць дзетак. Раззлаваўшыся на мужа, жанчына падала на развод і выказала жаданне жыць з дзецьмі асобна ад бацькі.

На жаль, пры такіх абставінах вяртаць непаўналетніх у сям’ю пакуль немэтазгодна, што і патлумачылі члены камісіі па справах непаўналетніх гора-бацькам. Дарослым расказалі, што ў іх распараджэнні яшчэ тры з паловай месяцы, каб прааналізаваць галоўныя праблемы і прыняць адпаведныя рашэнні. Бацьку параілі прайсці лячэнне ў стацыянары наркалагічнай клінікі. Маці – падумаць, разводзіцца з мужам ці даць яму яшчэ адзін шанц, бо дзецям лепш гадавацца ў поўнай сям’і. Што будуць рабіць дарослыя, пакажа час, але ад іх дзеянняў напрамую залежаць лёсы трох дзяцей.

Як варыянт – пераезд у Баранавічы

У лістападзе маленькага хлопчыка прызналі маючым патрэбу ў дзяржаўнай абароне. Здарылася гэта з-за сяброўства яго маці з алкаголем. Раней жанчына неаднаразова была асуджана, пазбаўлена бацькоўскіх правоў на старэйшае дзіця. Жыццёвы ўрок не пайшоў ёй на карысць, і злоўжыванне спіртнымі напоямі прадоўжылася. У адзін з дзён малодшага сына экстрана адабралі ў п’янай маці, змясцілі ў бальніцу, а пазней накіравалі ў Гродзенскі дом дзіцяці.

На той час сужыцель жанчыны выказаў гатоўнасць юрыдычна ўстанавіць бацькоўства, каб мець магчымасць гадаваць сына. Мужчыну станоўча характарызуюць па месцы працы ў Баранавічах. На пасяджэнні камісіі па справах непаўналетніх біялагічны бацька ўжо выказаў жаданне забраць з сабой і сужыцельку, якая прайшла кадзіроўку, працаўладкавалася, не дапускае прагулаў.

Члены камісіі патлумачылі, якім чынам дарослыя могуць дзейнічаць далей, каб вярнуць дзіця. Маці можа пераводам аформіцца на працу ў Баранавічы. Калі ж яны з сужыцелем афіцыйна заключаць шлюб, то змогуць прэтэндаваць на пакой у сямейным інтэрнаце па месцы работы мужчыны, каб было куды вяртаць непаўналетняга.

Такі варыянт прыйшоўся даспадобы дарослым, хочацца спадзявацца, што яны зробяць усё, што ад іх залежыць, каб даказаць, што самі здольны гадаваць сына.

Аляксандр ЮРКЕВІЧ,
намеснік пракурора Дзятлаўскага раёна
Святлана ЗАЛУЧАН,
намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама
Ірына СТЫРНІК,
карэспандэнтка газеты “Перамога”, член камісіі

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup