Усё далей адыходзяць ад нас падзеі Афганскай вайны, старэйшымі становяцца яе ўдзельнікі і сведкі.
А памяць застаецца. Яна нагадвае, што больш за 13 тысяч беларусаў выконвалі свой інтэрнацыянальны абавязак у той далёкай краіне. На жаль, не ўсе матулі дачакаліся сваіх сыноў. Сярод тых, хто загінуў, і наш зямляк, ураджэнец пасёлка Наваельня, Аляксандр Шылаў. Ён загінуў у няроўным баі ў афганскай правінцыі Герат і ўзнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі.
У г.п. Наваельня шануюць памяць пра свайго мужнага земляка: яго імя прысвоена піянерскай дружыне, а напярэдадні Дня памяці воінаў-афганцаў ладзіцца валейбольны турнір.
14 лютага ў спартыўнай зале Новаяльнянскай сярэдняй школы ў чарговы раз сустрэліся 5 пасялковых валейбольных каманд: каманда ААТ “Новаяльнянскі КХП”, Новаяльнянскага лясніцтва, Рэспубліканскай туберкулезнай бальніцы, Новаяльнянскай сярэдняй школы і Новаяльнянскага участка РУП ЖКХ. Галоўны суддзя спаборніцтваў – А. Кардаш , настаўнік фізічнай культуры Новаяльнянскай сярэдняй школы.
Ён адзначыў, што спаборніцтвы прайшлі ў дружалюбнай атмасферы і дазволілі ўсім ігракам праявіць свае лепшыя якасці.
Лепшым іграком названы Анушкевіч Арцём (каманда ААТ “Новаяльнянскі КХП”).
Па выніках турніру каманда ААТ “Новаяльнянскі КХП” заняла I месца, на II месцы каманда валейбалістаў Новаяльнянскай сярэдняй школы, на III – каманда Рэспубліканскай туберкулезнай бальніцы, на IV і V месцы каманды Новаяльнянскага лясніцтва і Новаяльнянскага участка РУП ЖКХ. Пераможцы ўзнагароджаны каштоўнымі падарункамі ад спонсараў, якімі выступілі ГА “Белая Русь” і раённы камітэт ГА “БРСМ”.
Марына Сіневіч, Ульяна Баброўская,
аб’яднанне па інтарэсах “Юны журналіст”,
ЦТДіМ г. Дзятлава