Што змянілася ў працоўным заканадаўстве?

Важнае Свежыя навіны Эканоміка і сельская гаспадарка

З 28 студзеня ў Беларусі ўступіў у сілу абноўлены Працоўны кодэкс.

Якія асноўныя змены ў ім адбыліся і на якія важныя пытанні варта звярнуць увагу, расказала начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Алена Васкель.

 

Кантракты – па максімуме

– Змены, у першую чаргу, закранулі падаўжэнне кантрактаў, – зазначае Алена Раманаўна. – Пасля ўступлення ў сілу змяненняў у Працоўным кодэксе, з работнікамі, якія не дапускаюць парушэнняў працоўнай і выканальніцкай дысцыпліны, па пагадненні бакоў кантракт павінен падаўжацца на тэрмін – да заканчэння яго максімальнага тэрміну дзеяння. На меншы тэрмін кантракт можа быць падоўжаны з пісьмовай згоды работніка. У далейшым, па заканчэнні максімальнага тэрміну дзеяння кантракта, з работнікам, які не дапускае парушэнняў працоўнай і выканальніцкай дысцыпліны, кантракт заключаецца на тэрмін не менш за тры гады або з пісьмовай згоды работніка на меншы тэрмін, але не меншы за адзін год. Названыя тэрміны падаўжэння кантракта выкарыстоўваюцца ў выпадку, калі бакі прынялі рашэнне аб працягу працоўных адносінаў. Калі ж наймальнікам будзе прынята рашэнне аб спыненні працоўных адносінаў у сувязі з заканчэннем тэрміну дзеяння кантракта, работнік не будзе мець права патрабаваць іх падаўжэння.

Водпуск для татаў немаўлят

У новым Працоўным кодэксе прадугледжаны адпачынак для татаў. Цяпер наймальнікі абавязаны пры нараджэнні дзіцяці і выхаванні яго ў сям’і прадаставіць бацьку (айчыму) па яго жаданні адпачынак без захавання заработнай платы працягласцю не больш за 14 каляндарных дзён. Калектыўным дагаворам можа быць прадугледжана іншая працягласць водпуску (або аплата) пры нараджэнні дзіцяці. Такі водпуск прадастаўляецца адзін раз па пісьмовай заяве бацькі (айчыма) на працягу шасці месяцаў з даты нараджэння дзіцяці.

Гарантыі пры аддаленай працы

З развіццём інфармацыйных тэхналогій многія работнікі выконваюць сваю працу аддалена ад наймальніка, працуюць дыстанцыйна.

Цяпер работнікам, якія заключылі працоўны дагавор, у якім пазначана, што іх работа дыстанцыйная, прадаставяць усе сацыяльна-працоўныя гарантыі, прадугледжаныя працоўным заканадаўствам. Такі від работы змогуць ажыццяўляць юрысты, перакладчыкі, журналісты, дызайнеры, праграмісты і іншыя – тыя, хто зможа перадаваць вынікі сваёй працы з дапамогай інтэрнэту і іншых інфармацыйных тэхналогій.

Аб істотных умовах – у месячны тэрмін

Змяненні ў працоўным кодэксе закранулі таксама істотныя ўмовы працы. Цяпер наймальнік павінен паведаміляць работніку аб змяненні істотных умоваў працы ў месячны тэрмін. Дарэчы, змяненнямі істотных умоваў працы прызнаецца, у тым ліку, прапанова аб заключэнні кантракта з работнікам, які працуе па працоўным дагаворы, заключаным на нявызначаны тэрмін.

Выхадная дапамога

Павялічаны памер выхадной дапамогі ў выпадку звальнення работніка па прычыне адмовы ад прадаўжэння работы ў сувязі са змяненнем істотных умоваў працы, якія праявіліся ў выглядзе ўсталявання для работніка няпоўнага працоўнага часу (менш за палову нармальнай працягласці працоўнага часу). Памер выхадной дапамогі складзе не менш за адзін сярэднямесячны заробак работніка.

Часовы перавод

Наймальнік цяпер можа часова перавесці работніка на іншую працу, у тым ліку ў іншую мясцовасць. Раней гэта ажыццяўлялася толькі ў выпадку вытворчай неабходнасці або прастою. Цяпер работніка можна будзе перавесці на тэрмін да шасці месяцаў у каляндарным годзе на іншую працу, а з пісьмовай згоды работніка – і да іншага наймальніка.

Матэрыяльная адказнасць работнiкаў

Цяпер яна не будзе залежаць ад таго, што заключана з работнікам: працоўны дагавор ці кантракт. Шкоду ў памеры да трох сярэднямесячных заробкаў наймальнік мае права вылічыць з зарплаты работніка, а ў астатніх выпадках кампенсацыя шкоды ажыццяўляецца па рашэнні суда.

Сумяшчальніцтва

З уступленнем у сілу новага Працоўнага кодэкса работнік зможа пры жаданні працаваць да 40 гадзін у тыдзень у перыяд працоўнага водпуску па асноўным месцы працы.

Дадатковыя гарантыі маладым спецыялістам

У новым Працоўным кодэксе замацаваны гарантыі па захаванні ранейшых працоўных месцаў за маладымі спецыялістамі, якія праходзілі вайсковую ці альтэрнатыўную службу. Пасля заканчэння службы яны маюць права паступіць на ранейшую працу.

З работнiкамi, якiя прымаюцца на працу ў сувязі з прызывам работнікаў з ліку маладых спецыялістаў (рабочых) на ваенную службу, прадугледжана заключэнне тэрміновых працоўных дагавораў.

Гарантыі працы жанчын

Цяпер можна будзе прыцягваць да звышурочных работ, а таксама да працы ў дзяржаўныя святы і святочныя дні, выхадныя, накіроўваць у службовую камандзіроўку жанчын, якія маюць дзяцей ва ўзросце да 14 гадоў (дзяцей-інвалідаў – да 18 гадоў), але толькі з іх пісьмовай згоды . У новым Працоўным кодэксе удакладнены падставы, па якіх не дапускаецца скасаванне працоўнага дагавора па ініцыятыве наймальніка з маці і адзінокімі бацькамі.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup