На Дзятлаўшчыне абмеркавалі вынікі работы ўстановаў культуры раёна

Важнае Культура і адпачынак Свежыя навіны

На Дзятлаўшчыне абмеркавалі вынікі работы ўстановаў культуры раёна ў 2019 годзе і акрэслілі задачы на 2020 год.

Выніковае пасяджэнне савета аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама прайшло ў актавай зале Дзятлаўскай дзіцячай школы мастацтваў 14 лютага. Удзел у сустрэчы прымалі намеснік начальніка ўпраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама Сняжана Куратчык, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Дзятлаўскага райвыканкама Наталля Калодка, яе намеснік Васіль Шыцько, прадстаўнікі ўстановаў клубнага тыпу, бібліятэк, музычных школ раёна.

Вынікі работы за мінулы год падвяла і акрэсліла задачы на сёлетні год Наталля Калодка. У прыватнасці зазначыла, што 2019-ы быў Годам малой радзімы, 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, 100-годдзя ўтварэння БССР, 30-годдзя вываду савецкіх войскаў з Афганістана, яшчэ адна значная падзея мінулага года – выбары дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, таму асноўная частка мерапрыемстваў у раёне была прымеркавана да гэтых датаў і падзей.

Значная ўвага надавалася замацаванню ў галіне культуры маладых спецыялістаў, аказанню платных паслугаў, папаўненню музейнага фонду і матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстановаў, павелічэнню колькасці наведвальнікаў установаў культуры, якасці культурных паслугаў, павышэнню кваліфікацыі спецыялістаў.

У 2019 годзе быў пачаты рамонт Вензавецкага дома культуры, дзвюх залаў Дзятлаўскага гісторыка-краязнаўчага музея, выкананы частковы бягучы рамонт Войневіцкай сельскай бібліятэкі-клуба, Гезгалаўскага дома культуры, у Гезгалаўскім, Раклевіцкім, Дварэцкім дамах культуры ўстаноўлена сістэма відэаназірання, у Дзятлаўскую дзіцячую школу мастацтваў набылі мэблю, харэаграфічны станок, музычнае абсталяванне і інструменты, камп’ютарную тэхніку. У 2020 годзе неабходна ажыццявіць капітальны рамонт будынка Вензавецкага дома культуры, рэканструкцыю будынка ў гарпасёлку Казлоўшчына (аб’ект уключаны ў інвестыцыйную праграму), скончыць рамонт залаў Дзятлаўскага музея, актавай залы Дварэцкага дома культуры, вырашыць пытанне функцыянавання Раготнаўскай бібліятэкі. Пачата работа па распрацоўцы праектаў зон аховы на помнікі археалогіі. З Міністэрствам культуры ўзгоднена праектна-каштарысная дакументацыя на рэстаўрацыю ў 2020 годзе алтара Дзятлаўскага касцёла. Палац Радзівілаў у Дзятлаве ўнесены ў графік увядзення ў гаспадарчы абарот шляхам продажу праз аукцыён.

Дзейнасць 13 бібліятэк раёна летась была скіравана на прывабліванне чытачоў, папаўненне кніжнага фонду, актыўную работу з юнымі чытачамі ў летні час, работу з пажылымі людзьмі, у тым ліку ў рамках абласнога творчага праекта “Залатая восень жыцця”. Для павышэння даступнасці паслугаў 80 населеных пунктаў раёна абслугоўваў бібліёбус. Найбольш паспяхова летась спрацавалі Дзятлаўская, Казлоўшчынская, Гезгалаўская бібліятэкі.

Сярод культурных мерапрыемстваў, праведзеных у 2019 годзе ў раёне, папулярнасцю карысталіся 3-і фестываль сямейнага адпачынку “Зецельскі фэст”; адкрыты рэгіянальны фестываль-карнавал роставых лялек і лялечных тэатраў “Дасканалы свет казкі”; паспяхова рэалізоўваўся раённы сельскагаспадарчы праект “Дбайных людзей славім – весела час бавім”; упершыню быў дадзены старт раённаму тэматычнаму праекту “75 дзён да Перамогі”, які сёлета плануецца прадоўжыць і зрабіць добрай традыцыяй. Паспяхова прадаўжалі сваю работу 16 творчых калектываў раёна са званнямі “народны” і “ўзорны”. Праводзіліся тэатралізаваныя святы і абрады. Установы культуры і калектывы аматарскай творчасці паўдзельнічалі ў 17 конкурсах рознага ўзроўню, заваявалі 7 прызавых месцаў.

У 2020-м годзе Наталля Калодка заклікала работнікаў установаў культуры раёна задзейнічаць невыкарыстаныя рэзервы. У ліку асноўных задач назвала павышэнне якасці падрыхтоўкі да ўдзелу ў конкурсах, неабходнасць выкарыстання новых формаў работы з насельніцтвам розных узроставых катэгорый, пашырэнне спектра платных паслугаў, наладжванне прафарыентацыйнай работы сярод навучэнцаў і замацаванне маладых спецыялістаў у галіне культуры, удзел у праграмах трансмежнага супрацоўніцтва і прыцягненне замежнай грашовай дапамогі на культурныя праекты.

Вынікамі работы за 2019 год і планамі на 2020-ы таксама падзяліліся дырэктар Новаяльнянскай дзіцячай школы мастацтваў Таццяна Шэнаева, загадчыца аддзела па правядзенні культурна-масавых мерапрыемстваў Дзятлаўскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Наталля Маліноўская, загадчыца Казлоўшчынскай гарпасялковай бібліятэкі-цэнтра грамадскай інфармацыі Людміла Хілімончык.

Вынікі сустрэчы падвяла Сняжана Куратчык. Яна заклікала сёлета пераглядзець падыходы да работы, бо для ўстановаў культуры прыспеў час самім зарабляць грошы. Для гэтага ў іх ёсць і творчы патэнцыял, і матэрыяльна-тэхнічная база. Цяпер варта стварыць такія ўмовы, каб людзям хацелася прыходзіць на мерапрыемствы. Сняжана Віктараўна падзякавала ўдзельнікам пасяджэння за работу ў 2019 годзе і пажадала далейшых поспехаў.

Прыемным момантам стала ўручэнне ўзнагародаў і падарункаў. Сняжана Куратчык уручыла ўзнагароды дыпламантам абласнога агляду-конкурсу аматарскіх аб’яднанняў “Свет захапленняў” дыпломам у намінацыі за “Лепшы грамадска-культурны клуб” адзначана аб’яднанне “Нам гады не бяда” Данілавіцкага дома культуры (загадчыца Святлана Грос), у гэтай жа конкурснай намінацыі дыпломам другой ступені ўзнагароджаны клуб пажылых людзей “Мудрыя сэрцы” сектара пазастацыянарнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці (загадчыца Ганна Харлінская), дыпломам першай ступені – клуб пажылых людзей “У коле сяброў” Дварэцкага дома культуры (загадчыца Ірына Цяцерына). Граматы аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама лепшым работнікам уручыла Наталля Калодка.

Ірына СТЫРНІК