Сёлета наша краіна адзначае 75-годдзе Вялікай Перамогі.
На жаль, усё менш побач з намі застаецца ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, жывых сведак ваеннага ліхалецця. Біяграфіі бацькоў захоўваюць іх дзеці, унукі, праўнукі. Яны гатовы дзяліцца ўспамінамі пра подзвігі, дасягненні, пасляваеннае жыццё родных людзей.
Гэту гісторыю расказала Лізавета Намярэнка, дачка Ізраіла Айзікавіча Лома, якога мы можам упэўнена назваць сваім земляком, бо значную частку жыцця былы франтавік і партызан пражыў у гарадскім пасёлку Наваельня. Яго ваенныя ўспаміны па шматлікіх аповедах занатаваў зяць ветэрана Віктар Жданюк. Нарадзіўся Ізраіл Лом 14 верасня 1914 года ў мястэчку Скідзель. У 1940 годзе яго прызвалі ў Чырвоную армію. 84-ы стралковы полк, у які трапіў малады чалавек, дыслацыраваўся ў раёне расійскага горада Арла, дзе вайскоўцы і прынялі баявое хрышчэнне на пачатку Вялікай Айчыннай вайны.
Тым часам, у родным Скідзелі заставаліся маці і сястра Ізраіла. Яны працавалі ў мясцовай бальніцы: маці – доктарам, сястра – медыцынскай сястрой. Фашысты, якія захапілі мястэчка, па-зверску спалілі бальніцу. У агні загінулі родныя юнака. У іх гонар Лізай і Фаінай Ізраіл Лом праз шмат гадоў назаве ўласных дачок, такім чынам ушанаваўшы памяць аб блізкіх людзях.
Ужо ў першыя месяцы вайны Ізраілу Айзікавічу давялося ўдзельнічаць у крывавых баях за горад Арол. Самае страшнае, як пасля ўсё жыццё ўспамінаў ветэран, было ўстаць у поўны рост і з крыкамі “Ура!” або, часцей, “За Радзіму! За Сталіна!” ісці ў атаку на ворага. Шмат баявых таварышаў палегла ў такіх атаках. У ходзе баявых дзеянняў часць, дзе служыў юнак, трапіла ў акружэнне. Вялікая група байцоў і камандзіраў не змагла выйсці з яго і ў верасні 1941 аказалася ў варожым палоне. Ваеннапалонных чырвонаармейцаў накіравалі ў канцэнтрацыйны лагер у горад Крычаў Магілёўскай вобласці.
У нямецкай няволі Ізраіл Айзікавіч выконваў розныя работы. У хуткім часе яму даверылі рамонт і шкленне аконных рамаў, бо па спецыяльнасці быў цесляром. Выходзіць у горад для такіх работ даводзілася амаль кожны дзень, і вязня суправаджаў нязменны немец-канваір. Вясной 1942 года “па лагерным тэлеграфе” прыйшла вестка, што фашысты масава знішчаюць яўрэяў і ўжо зацікавіліся асобай Ізраіла, які, трапіўшы ў палон, выдаў сябе за каўказца. Чакаць развязкі было небяспечна, таму Ізраіл Айзікавіч рашыўся на ўцёкі. Яны ўдаліся. Шансаў выжыць у акупіраваным горадзе ў ваеннапалоннага было няшмат, але знайшлася добрая душа – жанчына, якая не пабаялася расстрэлу і схавала вязня-ўцекача ў сябе на паддашку. Шчаслівае ўратаванне адбылося 5 мая 1942 года. На працягу ўсяго жыцця Ізраіл Лом святкаваў гэту дату як другі дзень нараджэння.
Праз некаторы час горад удалося пакінуць. Уцякач падаўся ў лес у пошуках партызан. Два тыдні бадзянняў скончыліся для абяссіленага Ізраіла доўгачаканай сустрэчай з партызанскім патрулём. Безумоўна, у атрад яго ўзялі не адразу. Паўтара месяца цягнуліся праверкі асобага аддзела. Толькі пасля іх баец трапіў ва ўзвод падрыўнікоў, якім камандаваў Іван Сцяпанавіч Жолудзеў. Гэты ўзвод дзейнічаў пры партызанскім атрадзе № 345 пад камандаваннем С. А. Яроцкага.
Жыццё партызан было нялёгкім. Ужо летам 1942 года вораг пачаў карніцкую аперацыю па знішчэнні народных мсціўцаў. Амаль месяц фашысты прачэсвалі і падпальвалі лес, бамбілі яго з самалётаў, абстрэльвалі з танкаў і гармат. Партызанам давялося ўступіць у бой з праціўнікам, які доўжыўся некалькі дзён, і лясныя мсціўцы змаглі-такі ліквідаваць фашыстаў.
Неўзабаве па заданні Беларускага штаба партызанскага руху атрад Яроцкага ажыццявіў 600-кіламетровы пераход па занятай фашыстамі тэрыторыі і ўліўся ў склад Брэсцкага партызанскага злучэння. У снежні 1943 года партызаны прыйшлі ў Бярозаўскі раён. Тут дыверсійны ўзвод Жолудзева стаў сур’ёзнай пагрозай для немцаў. Партызаны ўзвода выводзілі са строю чыгуначныя шляхі і шашэйныя дарогі, падрывалі масты, знішчалі лініі сувязі. Па сем-дзесяць дзён байцы знаходзіліся на заданнях, вярталіся пераважна для кароткага адпачынку і папаўнення запасаў толу. Галоўным аб’ектам іх дыверсій, безумоўна, была чыгунка. У жорсткіх і небяспечных умовах, калі смерць заглядала ў вочы і кожны дзень мог стаць для чалавека апошнім, мацнела ваеннае сяброўства, якое браты па зброі пазней пранясуць праз усё сваё жыццё.
У час адной з дыверсійных аперацый, пасля падрыву чарговага чыгуначнага састава праціўніка, групе партызан, у складзе якой быў Ізраіл Лом, давялося ўцякаць ад нямецкай аблавы. Ворагі ў час перастрэлкі выкарысталі мінамёт. Асколкам міны Ізраіл Айзікавіч быў сур’ёзна паранены ў нагу. Сябры дапамаглі вярнуцца ў атрад, але нашаму земляку давялося яшчэ доўга лячыць раненне.
У ліпені 1944 года адбылася доўгачаканая сустрэча партызанскага атрада з байцамі Чырвонай арміі.
За заслугі перад Айчынай Ізраіл Айзікавіч Лом быў неаднаразова адзначаны ўзнагародамі, сярод якіх ордэн Вялікай Айчыннай вайны другой ступені, медаль “За баявыя заслугі”, шматлікія юбілейныя ўзнагароды.
Пасля заканчэння Вялікай Айчыннай вайны Ізраіла Лома чакалі працоўныя рубяжы. Вызваленую ад фашыстаў краіну неабходна было адбудоўваць і карміць. І былы партызан прыступіў ужо да мірнага задання: стаў кіраўніком участка нарыхтоўкі жывёлы Бярозаўскага райкаапгандлю. На такіх жа пасадах працаваў на Іўеўшчыне і Лідчыне, пакуль не быў пераведзены ў Дзятлаўскі раён. Тут Ізраіл Айзікавіч стаў дырэктарам адкормачнага пункта ў Наваельні, а пасля яго рэарганізацыі ў саўгас “Наваельнянскі” – дырэктарам саўгаса, затым быў намеснікам дырэктара па нарыхтоўках і збыце жывёлы саўгасаў “Наваельнянскі”, “Парэчча”. На працоўным “фронце” ён заўсёды заставаўся ў ліку перадавікоў, аб чым сведчаць шматлікія граматы і ўзнагароды, сярод якіх – ордэн “Знак пашаны”, атрыманы ў красавіку 1971 года. Такі ордэн прысвойвалі лепшым працаўнікам за высокія вытворчыя паказчыкі ў розных галінах народнай гаспадаркі СССР. У 1960-х гадах Ізраіла Айзікавіча неаднаразова выбіралі дэпутатам: спачатку па Талкуноўскай, затым па Мензыгурскай выбарчых акругах Наваельнянскага пасялковага савета.
А яшчэ Ізраіл Лом быў добрым сем’янінам, гасцінным гаспадаром: дзверы яго хаты заўсёды былі адчынены для сяброў і былых баявых таварышаў, з якімі рэгулярна сустракаліся не толькі на Дзятлаўшчыне. Памяць аб гэтых сустрэчах захоўваюць фотаздымкі. Неаднаразова ў Наваельню да Ізраіла Айзікавіча з горада Бярозы Брэсцкай вобласці прыязджаў яго камандзір Іван Жолудзеў.
Ізраіл Лом разам з жонкай Аленай Іларыёнаўнай выгадаваў трох дзяцей: Лізавету, Фаіну, Мікалая.
Вось што расказвае пра бацьку Лізавета Ізраілаўна Намярэнка:
– Тата пастаянна прападаў на рабоце, а любую вольную хвілінку прысвячаў сустрэчам з сябрамі, якіх у яго было вельмі шмат. Да нас прыязджалі, каб схадзіць на рыбалку і паляванне. Тата заўжды імкнуўся дапамагаць людзям. Калі зона абслугоўвання Наваяльненскай нарыхтоўчай канторы пашырылася і ўключыла ўчастак Ведравічы, ён сам нараўне з іншымі пайшоў будаваць там жыллё і клуб. Пазней у новым клубе ладзіліся вечары самадзейнасці. Выступаць у Ведравічы прыязджалі работнікі шклозавода “Нёман”, з якімі сябраваў калектыў нарыхтоўчай канторы. Часта выступленні для работнікаў і вяскоўцаў рыхтавалі навучэнцы Новаяльнянскай школы.
Нас, сваіх дзяцей, тата заўсёды вучыў не трымаць на людзей зла, паважаць іх, дапамагаць. Нягледзячы на тое, што бацька памёр у 1996 годзе, многія землякі і сёння ўзгадваюць яго як як добрага чалавека.
Ірына СТЫРНІК
Фота з сямейнага архіву Л. Намярэнка
Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup