Барцы-чэмпіёны з Жукоўшчыны

Важнае Свежыя навіны Спорт і турызм

Ужо некалькі гадоў запар вучні  Жукоўшчынскага дзіцячага сада-базавай школы становяцца прызёрамі міжраённых і абласных спаборніцтваў па вольнай і грэка-рымскай барацьбе.

Не стаў выключэннем і сёлетні навучальны год, з пачатку якога жукоўшчынскімі спартсменамі заваяваны восем  прызавых месцаў. Пераможцамі па вольнай і грэка-рымскай барацьбе сталі вучань чацвёртага класа Данііл Раянок, вучні сёмага класа Мілана Балакір і Дзмітрый Якшэвіч, вучаніцы восьмага класа Дар’я Балакір, Карына Тадарэнка і Марына Тадарэнка.

Дарэчы, Марына Тадарэнка заваявала два дыпломы І ступені, а Дар’я Балакір атрымала дыпломы І і ІІІ ступеняў.

Вынікова выступілі спартсменкі  Жукоўшчынскага дзіцячага сада-базавай школы і на спартакіядзе ДЮСШ Гродзенскай вобласці па вольнай барацьбе. У асабістым заліку трэцяе месца занялі Карына Тадарэнка і Дар’я Балакір. Марына Тадарэнка стала чацвёртай, Мілана Балакір і Анастасія Штэйзель атрымалі пятае месца. У агульнакамандным заліку ў дзяўчынак чацвёртае месца сярод ДЮСШ Гродзенскай вобласці.

Барцы Жукоўшчынскага дзіцячага сада-базавай школы паказалі добры вынік, улічваючы тое, што каманда была адзінай з сельскіх школ.

Наперадзе ў нашых юных спартсменаў яшчэ шмат розных спаборніцтваў, будзем спадзявацца, што і яны таксама будуць паспяховымі.

Віктар ШАЛЕСНЫ,
настаўнік фізічнай культуры і здароўя Жукоўшчынскага дзіцячага сада-базавай школы