15 лютага 1989 года савецкія войскі былі выведзены са шматпакутнай афганскай зямлі.
З таго часу мінае 31 год. Гэты дзень абвешчаны Днём памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў, і найперш памяці пра тых, хто загінуў у Афганістане.
19 сакавіка 1982 года – у гэты дзень памёр Аляксандр Шылаў, які напярэдадні ў баі атрымаў смяротнае раненне.
19 ліпеня 1983 года – у гэты дзень пры выкананні баявога задання загінуў Дзмітрый Лазовік.
Нашы землякі пасмяротна адзначаны ордэнамі Чырвонай Зоркі.
Кожны год у час мітынга-рэквіема памяць пра загінулых землякоў, пра тых воінаў-афганцаў, якія пайшлі з жыцця пасля афганскай вайны, ушаноўваецца хвілінай маўчання.
Маўчаць, прыгадваючы сваіх сяброў, якіх няма сёння побач, ссівелыя ветэраны той вайны.
Шмат за пяцьдзясят цяпер тым хлопцам, каму давялося ваяваць у Афганістане, хто з апошняй калонай пакідаў, пасля 10-гадовай вайны, гэту краіну.
Па даўняй традыцыі мітынгі-рэквіемы праходзяць каля помніка воінам-інтэрнацыяналістам у Дзятлаве, на могілках, дзе пахаваны Дзмітрый Лазовік і Аляксандр Шылаў, таксама былыя воіны-афганцы наведваюць месцы спачыну сваіх баявых сяброў на пасялковых і вясковых могілках.
Вось і сёлета напярэдадні 31-й гадавіны вываду савецкіх войск з Афганістана сабраліся на мітынг-рэквіем былыя воіны-інтэрнацыяналісты, прадстаўнікі раённага выканаўчага камітэта, ваеннага камісарыята, прадпрыемстваў, установаў, арганізацый горада, школьнікі.
Да прысутных звярнуўся старшыня раённага выканаўчага камітэта Аляксандр Дубовік. Ён, у прыватнасці, зазначыў:
— Паволі зажылі раны. Пастарэлі салдаты і афіцэры. Але памяць аб тых жорсткіх бітвах жывая. І сцерці падзеі не змогуць ні гады, ні адлегласці.
Шмат гора, бедаў і пакутаў прынесла нашаму народу вайна ў Афганістане. Для ўсіх маці, што страцілі сваіх дзяцей, якія выконвалі свой воінскі абавязак — няма тэрміну даўніны. Яны чакалі і чакаюць сваіх сыноў… І не толькі з той афганскай вайны, а з усіх гарачых кропак планеты.
Там, у далёкім Афганістане, воіны праявілі лепшыя чалавечыя якасці: мужнасць, стойкасць, высакароднасць. У цяжкіх умовах баявой жыцця, удалечыні ад дома, падвяргаючыся небяспецы, і нярэдка смяротнай, яны захавалі вернасць ваеннай прысязе, воінскаму і чалавечаму абавязку.
Удалечыні ад Радзімы савецкія воіны, у ліку якіх былі 130 нашых землякоў, з гонарам прайшлі суровую праверку вайной, зведалі горыч страт таварышаў па зброі.
Кожны час нараджае сваіх герояў. Але ратны гераізм салдат і афіцэраў заўсёды будзе стаяць на высокім маральным п’едэстале, вянчаючы сабой лепшыя якасці чалавека – грамадзяніна і патрыёта.
Жадаем вам моцнага здароўя, доўгіх гадоў жыцця, шчасця і дабрабыту вам, вашым сем’ям і блізкім.
Ад імя моладзі на мітынгу выступілі навучэнцы гімназіі № 1 горада Дзятлава, а педагог гэтай установы Святлана Андруніна выканала песню “Памяць”.
Ваенны камісар Дзятлаўскага раённага ваеннага камісарыята Генадзь Суравец заклікаў сённяшнюю моладзь, прысутных на мітынгу ушанаваць хвілінай маўчання памяць пра тых, хто прайшоў праз пекла афганскай вайны, хто загінуў, выконваючы свой воінскі абавязак.
Да помніка ўдзельнікі мерапрыемства ўсклалі гірлянды, вянкі, кветкі.
Мітынгі памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў Дзмітрыя Лазовіка і Аляксандра Шылава прайшлі на могілках, дзе яны пахаваны, у Дварцы і Наваельні.
На дварэцкіх могілках Дзмітрый Лазовік, 19-гадовы хлопец, спачывае побач з бацькам Уладзімірам Дзмітрыевічам і мамай Нінай Сцяпанаўнай.
Кожны год у жалобную дату магілу Дзмітрыя наведваюць былыя воіны-афганцы. Вось і сёлета прывезлі кветкі, папрысутнічалі на мітынгу.
Старшыня Дварэцкага сельвыканкама Канстанцін Вінцукевіч падзякаваў за тое, што помняць пра Дзіму і былыя воіны-інтэрнацыяналісты, і вучні Дварэцкай школы. Ён пажадаў усім мірнага неба над галавой: каб ніколі ніхто не зведаў жахаў вайны, каб ніколі матулям не давялося плакаць па загінулых сынах.
Настаяцель прыхода храма Пакроваў Прасвятой Багародзіцы Сергій Антошкаў адслужыў заўпакойную ліцію па ўсіх спачылых воінах-афганцах.
На гэтых могілках таксама пахаваны воін-інтэрнацыяналіст Юрый Бялятка, які з-за хваробы пайшоў з жыцця ў 39 гадоў.
На жаль, магіл, дзе спачываюць воіны-афганцы, становіцца больш. Вось і на наваельнянскіх могілках, акрамя Аляксандра Шылава, пахаваны яшчэ трое, хто прайшоў Афганістан, але памёр у мірны час. Гэта Аляксандр Слабко, Расціслаў Каспяровіч, Дзмітрый Гранкоўскі.
Прысутныя на мітынгу ў Наваельні воіны-афганцы, прадстаўнікі сельвыканкама, родныя памерлых, школьнікі ўсклалі кветкі да помнікаў, таксама ўшанавалі іх памяць хвілінай маўчання.
Інэса МІХАЙЛОЎСКАЯ
Фота, відэа Вольгі ЮШКЕВІЧ