Адзіны дзень інфармавання. Ад перспектываў развіцця – да ўласнай бяспекі

Галоўнае Свежыя навіны Улада

20 лютага на Дзятлаўшчыне прайшоў Адзіны дзень інфармавання насельніцтва па тэмах: “Транспартны комплекс Рэспублікі Беларусь: стан і перспектывы яго развіцця”, “Аб выніках сацыяльна-эканамічнага развіцця Гродзенскай вобласці ў 2019 годзе і перспектывах развіцця ў 2020 годзе”, “Прафілактыка кіберзлачынстваў, адказнасць грамадзян за іх здзяйсненне”, “Прафілактыка гвалту ў дачыненні да непаўналетніх”.

Дадаткова ў парадак дня была ўключана актуальная для Дзятлаўскага раёна тэма “Сітуацыя па ўзнікненні пажараў на тэрыторыі раёна”.

У раёне працавалі некалькі інфармацыйных груп, якія правялі сустрэчы з працоўнымі калектывамі раёна і грамадзянамі па месцы жыхарства. У склад кожнай з інфармацыйна-прапагандысцкай групы  ўваходзілі спецыялісты розных сфераў дзейнасці раёна і лідары раённых грамадскіх аб’яднанняў.

Абласную інфармацыйную групу ўзначаліў галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры  і па справах моладзі Дзятлаўскага райвыканкама Аляксей Якаўчык.

У рамках Адзінага дня інфармавання абласная група правяла сустрэчу з калектывам работнікаў ДЛГУ “Дзятлаўскі лясгас”, затым на базе Раклевіцкага дома культуры прайшла інфармацыйная сустрэча па месцы жыхарства з насельніцтвам Дзятлаўскага сельсавета.

Раённая інфармацыйна-прапагандысцкая група на чале са старшынёй Дзятлаўскага райвыканкама Аляксандрам Дубовікам сустрэлася з работнікамі Дзятлаўскай сельгастэхнікі.

Асноўным на парадку сустрэч стаяла пытанне “Транспартны комплекс Рэспублікі Беларусь: стан і перспектывы яго развіцця”.

У ходзе яго разгляду вялікая ўвага была нададзена развіццю транспартнага комплексу краіны, прыдарожнага сэрвісу на аўтамабільных дарогах рэспубліканскага значэння, перспектывам будаўніцтва і рэканструкцыі чыгуначнай інфраструктуры, развіццю інфраструктуры на пунктах пропуску праз дзяржаўную мяжу на чыгуначных станцыях, мадэрнізацыі дарог, а таксама перспектывам развіцця аўтамабільнага транспарту.

Акрамя гэтага, звернута ўвага на прычыны падзення аб’ёму перавозак пасажыраў, рэгуляванне тарыфаў на перавозкі пасажыраў усімі відамі транспарту, асваенне сродкаў, атрыманых за карыстанне платнымі дарогамі.

Супрацоўнікі АУС Дзятлаўскага райвыканкама засяродзілі ўвагу  на пытаннях прафілактыкі кіберзлачынстваў і адказнасці грамадзян за іх учыненне.

Праваахоўнікі зазначылі, што на сёння самымі распаўсюджанымі супрацьпраўнымі дзеяннямі, якія ўчыняюцца супраць фізічных асобаў, з’яўляюцца злачынствы па завалоданні грашовымі сродкамі з карт-рахункаў уласнікаў банкаўскіх карт.

Каб пазбегнуць кіберінцыдэнтаў, супрацоўнікі праваахоўных органаў заклікалі праяўляць пільнасць і не ствараць сваімі дзеяннямі ўмовы для здзяйснення такіх злачынстваў, далі рэкамендацыі па бяспечным карыстанні банкаўскімі картамі, растлумачылі небяспечнасць правядзення грашовых аперацый пры ажыццяўленні інтэрнэт-пакупак.

Праваахоўнікі звярнулі пільную ўвагу на праблему гвалту ў дачыненні да непаўналетніх. Было растлумачана, якія меры прымаюцца для выяўлення злачынстваў, іх папярэджання і недапушчэння.

Пра сітуацыю па ўзнікненні пажараў на тэрыторыі раёна паведамілі супрацоўнікі Дзятлаўскага РАНС. Яны прывялі статыстычныя даныя аб пажарах, якія адбыліся ў раёне з пачатку новага года, расказалі аб асноўных прычынах узнікнення пажараў і тым, якія меры неабходна прадпрымаць, каб засцерагчы сябе, сваіх блізкіх і ўласную нерухомасць ад  бяды.

Супрацоўнікі РАНС заклікалі насельніцтва сачыць за спраўнасцю  электраправодкі ў жылых памяшканнях, пячнога ацяплення,  быць пільнымі пры распальванні вогнішчаў. Прагучалі прапановы па своечасовым усталяванні аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў.

Па заканчэнні інфармацыйнага мерапрыемства спецыялісты адказалі на пытанні грамадзян, далі парады і канкрэтныя рэкамендацыі па іх вырашэнні. Асобныя пытанні, якія патрабуюць грунтоўнага разгляду, былі ўзяты на кантроль.

Аксана АНДАЛЮКЕВІЧ 

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup



Теги: