31 студзеня 2020 года першы намеснік старшыні Камітэта дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь Васіль Герасімаў правёў асабісты прыём грамадзян і прамую тэлефонную лінію ў Дзятлаўскім раённым выканаўчым камітэце.
Удзел у іх таксама прыняў старшыня камітэта дзяржкантролю Гродзенскай вобласці Анатоль Дарожка.
На прыём прыйшлі дзве дзятлаўчанкі, яшчэ чатыры жыхары раёна патэлефанавалі Васілю Герасімаву, каб расказаць аб сваіх праблемах.
Пытанні, з якімі людзі звярталіся да першага намесніка кіраўніка кантрольнага ведамства краіны, тычыліся аховы здароўя, якасці медыцынскага абслугоўвання, парушэння правілаў утрымання і добраўпарадкавання месцаў пахавання на могілках горада Дзятлава, выдалення і пасадкі дрэваў, работы вулічнага асвятлення, прадастаўлення ўчастка пад выпас жывёлы, кампенсацыі шкоды пасля смерці мужа і дачкі, якасці пітной вады, капітальнага рамонту дома № 39-А па вуліцы Чырвонаармейскай у Наваельні.
Так, жыхарка горада Дзятлава расказала, што нядаўна прайшла курс лячэння ў бальніцы, цяпер хоча трапіць на кансультацыю да доктара, які працуе ў стацыянары. Ёй паабяцалі, што адразу пасля прыёму грамадзян арганізуюць такую кансультацыю, а таксама яе агледзіць доктар, які вядзе прыём у паліклініцы. Яшчэ жанчына скардзілася Васілю Герасімаву, што побач з яе домам растуць клёны, насенне і лісце з якіх восенню ляцяць на ўчастак, праўда, зграбаць гэта смецце дапамагаюць школьнікі. Васіль Мікалаевіч даў даручэнне абследаваць дрэвы, а практыку шэфства школьнікаў над пенсіянеркай – прадоўжыць.
Жыхар аграгарадка Дварэц тэлефанаваў на прамую лінію з падобнай праблемай. Ён расказаў, што на адным з участкаў растуць аварыйныя дрэвы, якія даўно варта спілаваць, а таксама зазначыў, што ў аграгарадку бываюць праблемы з вулічным асвятленнем. Васіль Герасімаў паабяцаў мужчыну, што кампетэнтныя спецыялісты вывучаць агучаныя праблемы і прымуць адпаведныя меры.
На прамую тэлефонную лінію звярнулася жыхарка аграгарадка Ведравічы па пытанні ранейшага выдалення ў вёсцы старых дрэваў, якія палічылі аварыйнымі, і паабяцалі замяніць маладымі. Другая праблема, якая цікавіла гэтую ж грамадзянку, – прадастаўленне ўчастка пад выпас жывёлы. Васіль Герасімаў паабяцаў жанчыне, што яе пытанні будуць дэталёва вывучаны.
Васілю Мікалаевічу патэлефанавалі адразу дзве жыхаркі вуліцы Чырвонаармейскай, 39А гарадскога пасёлка Наваельня. Абедзвюх жанчын хвалявала якасць водаправоднай вады і магчымасць перабудовы даху іх шматкватэрнага дома ў двухскатны пры капітальным рамонце. Ваду, якая цячэ з-пад крана па гэтым адрасе, ужо ўзялі на аналіз, цяпер чакаюць яго вынікаў. Згодна з перспектыўным планам капітальнага рамонту жылфонду Дзятлаўскага раёна, дом 39А па вуліцы Чырвонаармейскай у Наваельні ўключаны ў план на 2020 год з поўнай заменай водаправоднай сеткі, што павінна пелепшыць якасць вады. А вось пабудова двухскатнага даху адносіцца да мадэрнізацыі будынка і ў пералік работ па капрамонце не ўваходзіць.
Адну з новаяльнянак цікавіла яшчэ і пытанне атрымання кампенсацыі за смерць мужа і дачкі, якія, як лічыць заяўніца, памерлі ад прафесійнага захворвання. З гэтай праблемай жанчына неаднаразова звярталася на прыёмы і прамыя лініі, вырашала яе ў судзе. Васіль Герасімаў зазначыў, што Камітэт дзяржаўнага кантролю не правярае рашэнняў суда, але даручыў пісьмова патлумачыць заяўніцы, як яна можа запісацца на прыём да генеральнага пракурора.
Усе пытанні, якія паступілі першаму намесніку старшыні Камітэта дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь Васілю Герасімаву ад жыхароў Дзятлаўшчыны, узяты ім на кантроль. Пэўныя даручэнні атрымалі спецыялісты адпаведных службаў раёна.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup