Служба з векавым стажам

Галоўнае Грамадства Свежыя навіны

Пятага студзеня сваё прафесійнае свята адзначаюць работнікі сацыяльнай абароны.

Напярэдадні ўрачыстай даты на Дзятлаўшчыне ўшанавалі лепшых у прафесіі і ўручылі ім заслужаныя ўзнагароды.

Са словамі віншавання да тых, хто кожны дзень прыходзіць на дапамогу адзінокім пажылым людзям і інвалідам, звярнулася начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Дзятлаўскага райвыканкама Алена Васкель:

– Наша служба перасягнула стагоддзе свайго існавання. Па-ранейшаму яна запатрабавана і неабходна для грамадства. Неацэнны ваш асабісты ўклад у агульную справу падтрымкі і дапамогі пажылым людзям. Гэта асаблівыя падапечныя: са сваімі поглядамі на жыццё, з устойлівым меркаваннем. З імі нялёгка, але вы сваёй працай даказалі, што можна дастойна даглядаць такіх грамадзян. У сістэме сацыяльнай абароны працуюць неабыякавыя людзі, якія ўспрымаюць сваю справу, як заклік душы. Трэба быць вельмі чулымі і душэўнымі, каб узяць на сябе цяжар клопатаў пра іншых. Ад раённага выканаўчага камітэта і сябе асабіста дзякую вам за прафесіяналізм і старанне, жадаю моцнага здароўя, мудрасці, каб у вашых сем’ях панавалі шчасце і дабрабыт, а вашы падапечныя былі ўдзячнымі людзьмі.

Словы пажаданняў адрасавала сацыяльным работніцам дырэктар Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна Таццяна Нікіпорчык:

– Вы сапраўдныя прафесіяналы і выдатна разумееце, што наша галоўная задача – падоўжыць жыццё пажылых людзей, зрабіць іх быт камфортным і ўтульным, прагнаць адзіноту. Калі нашы падапечныя гавораць, што любяць сацыяльных работнікаў як уласных дзяцей, для нашай службы гэта вышэйшая ўзнагарода.

Жадаю вам бадзёрасці духу і каб справы на карысць людзей прыносілі толькі радасць.

Падзячнымі пісьмамі Дзятлаўскага раённага выканаўчага камітэта “за шматгадовую добрасумленную працу ў сістэме сацыяльнай абароны і абслугоўвання насельніцтва, узорнае выкананне працоўных абавязкаў і ў сувязі з прафесійным святам” былі адзначаны сацыяльныя работніцы Святлана Шыбаева, Анжаліка Літвіненка, Алена Радзько, Таццяна Каско, Марыя Касцюк.

Падзячнае пісьмо “за значны асабісты ўклад у дзейнасць сістэмы сацыяльнай абароны і абслугоўвання насельніцтва раёна і ў сувязі з перамогай у рэспубліканскім конкурсе “Святло міласэрнасці” атрымала дырэктар Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна Таццяна Нікіпорчык.

Напрыканцы сустрэчы сацыяльныя работніцы расказалі, за што любяць сваю справу. Напрыклад, Алена Радзько, якая 19 гадоў працуе ў сацыяльнай сферы, успрымае сваіх падапечных як блізкіх людзей і глыбока ўдзячна ім за жыццёвую мудрасць, радасць і надзею, з якой яе сустракаюць на парозе. Марыя Касцюк сёлета дасягне пенсійнага ўзросту, але абяцае прадоўжыць работу, бо не можа падвесці сваіх падапечных, якія да яе прывыклі і спадзяюцца, што сацыяльная работніца іх дагледзіць. Гэта і натхняе жанчыну на далейшую працу. Анжаліка Літвіненка любіць сваю прафесію за тое, што навучыла мудрасці і ўменню адшукаць кампраміс у любой жыццёвай сітуацыі. Сацработніца з дваццацігадовым стажам Таццяна Каско шчыра зычыць пажылым людзям і сваім калегам здароўя і светлага розуму, а астатняе, лічыць жанчына, можна займець, старанна працуючы. Святлана Шыбаева, якая аддала рабоце 23 гады, адзначае, што заўсёды адчувала ўпэўненасць у заўтрашнім дні і ўласных сілах, дзякуючы адносінам кіраўніцтва. Усе апытаныя пажадалі работнікам сацыяльнай абароны моцнага здароўя, працоўных поспехаў і шчырай любові да справы, якой служаць.

 

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup