Рэалізацыя Дэкрэта № 18. Каб жыццё не зрабіла круты паварот

Важнае Здарэнні і бяспека Свежыя навіны

На чарговым пасяджэнні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама разгледжаны хадайніцтвы ўстановаў адукацыі аб прыняцці мераў да навучэнцаў; пытанне аб магчымасці вяртання дзіцяці, прызнанага маючым патрэбу ў дзяржаўнай абароне; адміністрацыйны пратакол; таксама была прааналізавана сітуацыя з сем’ямі раёна, дзе гадуюцца дзеці, у адносінах якіх адменены статус знаходжання ў сацыяльна небяспечным становішчы.

Такія сем’і па-ранейшаму на кантролі. Пры пагаршэнні сітуацыі ў іх будуць праводзіцца сацыяльныя расследаванні, прымацца адпаведныя меры.

Урок перад дарослым жыццём

З гэтым маладым чалавекам члены камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама сустрэліся першы і апошні раз. Раней юнак не прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці. Правапарушэнне ўчыніў напярэдадні васямнаццацігоддзя: піў піва на адной з вуліц райцэнтра. З ім, ужо паўналетнім, на пасяджэнні правялі прафілактычную гутарку менавіта за гэты ўчынак. Юнаку патлумачылі, што за падобныя паводзіны для дарослых людзей адміністрацыйным кодэксам прадугледжана пакаранне аж да адміністрацыйнага арышту. Паколькі хлопец учыніў правапарушэнне да паўналецця, яго на першы раз папярэдзілі, аднак падкрэслілі, што паўторны такі ўчынак на працягу года будзе карацца значнай сумай штрафу.

З-за пропускаў атэставаць немагчыма

На адрас камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама паступіла хадайніцтва са Слонімскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа. Педагогі не ведаюць, як быць з навучэнцам, які рэгулярна прапускае заняткі і не можа быць атэставаны па асноўных дысцыплінах.

Дарэчы, на пасяджэнне камісіі падлетак не прыйшоў – былі толькі яго бацькі, якія патлумачылі, што сын знаходзіцца ў Слоніме, але на тэлефонныя званкі не адказвае.

Дарослых папярэдзілі, што ў сітуацыі, якая склалася, ёсць два магчымыя рашэнні: калі хлопец не навярстае ўпушчанае ў вучобе, яго могуць або накіраваць у навучальную ўстанову закрытага тыпу, (на рахунку ёсць адміністрацыйныя пратаколы), або прызнаць маючым патрэбу ў дзяржаўнай абароне.

Кропка ў справе яшчэ не пастаўлена, бо нядаўна гора-навучэнец “зарабіў” чарговы адміністрацыйны пратакол, і яго паводзіны будуць разглядаць на пасяджэнні камісіі па справах непаўналетніх. Тады і запытаюць, ці збіраецца ён прадоўжыць вучобу.

Другое хадайніцтва, ужо з Лідскага каледжа, тычылася жыхаркі нашага раёна, таксама навучэнкі другога курса, якая збіраецца добраахвотна забраць дакументы з навучальнай установы. Справа ў тым, што дзяўчына сёлета шмат хварэла, у яе праблемы са здароўем і прапушчана значная колькасць заняткаў. Хоць пропускі пацверджаны медыцынскімі даведкамі, да сесіі навучэнку не дапусцілі. Яна мяркуе, што вывучыць няпройдзены матэрыял пры кепскім самаадчуванні не зможа. Дзяўчына пажадала вярнуцца ў школу. На пасяджэнні камісіі па справах непаўналетніх такое рашэнне падтрымалі – каледж даў згоду на адлічэнне нашай зямлячкі.

За тры месяцы не ўсвядоміла

Тры месяцы таму дзіця прызналі маючым патрэбу ў дзяржаўнай абароне, а маці стала абавязанай асобай. Аднак вырашаць сямейныя праблемы жанчына не спяшаецца. Пры наведванні па месцы жыхарства спецыялісты службаў прафілактыкі засталі яе п’янай, а літаральна праз некалькі дзён яна знаходзілася нецвярозай на працоўным месцы.

На пасяджэнне камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама жанчына не прыйшла. Акрамя праблемаў з алкаголем у гора-маці ёсць запазычанасці па крэдыце, выканаўчых лістах, за дзіцячы садок на агульную суму больш за тры тысячы рублёў. Педагогі і спецыялісты службаў прафілактыкі сцвярджаюць, што размаўляць з ёй вельмі цяжка, бо часта грубіць у адказ.

Зразумела, што вяртаць дзіця ў сям’ю немэтазгодна. Калі маці і далей будзе так сябе паводзіць, у суд будуць накіраваны дакументы на пазбаўленне яе бацькоўскіх правоў.

 

Святлана ЗАЛУЧАН, намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама
Віктар ПЕТРУКЕВІЧ, начальнік інспекцыі па справах непаўналетніх АУС Дзятлаўскага райвыканкама
Ірына СТЫРНІК, карэспандэнтка газеты “Перамога”, член камісіі

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup