Як зацікавіць маладое пакаленне кнігай і прывіць любоў да чытання?
Гэта пытанне ў наш час даволі актуальнае.
Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі прапанаваў правесці конкурс буктрэйлераў “Кніга з экрана”. Буктрэйлер уяўляе сабой кароткі відэаролік, які ў адвольнай мастацкай форме расказвае пра якую-небудзь кнігу. Ён з’яўляецца своеасаблівым анонсам літаратурнага твора ў відэафармаце. Асноўная задача роліка – зацікавіць і заінтрыгаваць чытача, каб і яму захацелася пазнаёміцца з кнігай.
Моладзевы праект адобрыла і падтрымала Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь.
Разам з Беларускім рэспубліканскім саюзам моладзі і Міністэрствам інфармацыі арганізатарамі конкурсу выступілі Нацыянальная бібліятэка пры садзейнічанні Саюза пісьменнікаў Беларусі і Нацыянальная кінастудыя “Беларусьфільм”.
Моладзевы конкурс буктрэйлераў “Кніга з экрана” стартаваў 27 студзеня 2020 года. Першы яго этап прысвечаны 75-годдзю Вялікай Перамогі і вызваленню Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Удзельнічаць у ім могуць ролікі катэгорыі “Кнігі аб Вялікай Айчыннай вайне”. Дасылаць іх у раённы камітэт ГА “БРСМ” моладзь можа да 28 лютага.
Другі конкурсны этап прысвячаецца Году малой радзімы. На раённым узроўні ён будзе праходзіць з 11 мая па 11 чэрвеня 2020 года. Буктрэйлеры можна рыхтаваць у катэгорыі “Сучасная беларуская літаратура”.
Першы сакратар Дзятлаўскага раённага камітэта ГА “БРСМ” Кацярына Хілімончык патлумачыла, што да ўдзелу ў конкурсе “Кніга з экрана” запрашаюцца хлопцы і дзяўчаты, якія з’яўляюцца членамі БРСМ, ва ўзросце 14 – 31 гадоў. Максімальная колькасць работ ад аднаго ўдзельніка – тры буктрэйлеры, знятыя па трох розных літаратурных творах. Па больш падрабязную інфармацыю можна звяртацца па тэлефоне 2-52-63.
Дзятлаўскі раённы камітэт ГА “БРСМ” чакае вашы заяўкі і яркія творчыя работы. Кожны можа адкрыць у сабе таленавітага сцэнарыста, а галоўнае – уключыцца ў працэс.
Ірына КАЎКЕЛЬ
Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup