Час бяжыць. Няма ўжо на свеце тых людзей, што вялі перапіску ў 70-я гады мінулага стагоддзя.
Але засталіся матэрыялы, засталася памяць: лісты, паштоўкі, экспанаты музейнай экспазіцыі. І зрэдку, перабіраючы архіўныя матэрыялы, трапляеш на цікавыя факты, што дазваляюць успомніць людзей, з якімі меў стасункі ў 90-я, калі фарміравалася кніга “Памяць” Дзятлаўскага раёна. Размова ідзе пра сям’ю Сцяпана Георгіевіча Караля, нашага знакамітага земляка з Дварца, генерал-лейтэнанта авіяцыі.
Перапіску з яго дачкой Рэнатай і сябрамі вёў Міхаіл Фёдаравіч Петрыкевіч, стваральнік і першы дырэктар нашага музея. Ён дамаўляўся пра тое, якія экспанаты будуць перададзены, запрашаў наведаць радзіму бацькі, віншаваў са святамі каляровымі паштоўкамі, як гэта было прынята тады. Усе стасункі вяліся праз перапіску, лісты.
Сувязь з сям’ёй Сцяпана Караля была наладжана ў сярэдзіне 70-х гадоў, калі самога генерала ўжо не было жывога, а ў кватэры на вуліцы Чырвонаармейскай у Кіеве жыла сям’я яго дачкі Рэнаты Сцяпанаўны. Яе і знайшоў Міхаіл Фёдаравіч. І напісаў ліст. Рэната Сцяпанаўна дала адказ на яго 27.07.1977 года.
“Паважаны Міхаіл Фёдаравіч! Вы не ўяўляеце, як я была ўсхвалявана, прачытаўшы радкі пра бацьку. Дзякуй Вам ад мяне і майго брата Радаміра Сцяпанавіча. Ён жыве ў Маскве, я яму прачытала па тэлефоне. Прабачце, што адказваю не адразу. У жніўні-верасні мы з мужам маем намер пайсці ў водпуск. У час водпуску хочам пад’ехаць на дзянёк у Дзятлава і прывезці тое, што ў нас ёсць. Спадзяюся, прыедзе адначасова і Радамір, мы з ім дамовіліся (Рэната Сцяпанаўна працавала на студыі дакументальнага кіно).
Што магло б зацікавіць музей? У нас ёсць скульптурны партрэт У. І. Леніна, які стаяў на пісьмовым стале бацькі. Ёсць даваенны фотаздымак, дзе бацька сядзіць за сталом, а побач гэта скульптура. У 1917-1918 гадах у Петраградзе Сцяпан Георгіевіч як прадстаўнік франтавога авіяатрада прысутнічаў на мітынгах, дзе выступаў У. І. Ленін. У час вайны мама вывезла статуэтку ў эвакуацыю, а пасля вайны яна зноў вярнулася на пісьмовы стол бацькі. Ёсць невялікая скрынка-падарунак, якую дарылі ветэранам на ўрачыстым пасяджэнні ў гонар вызвалення Кіева. У ёй ляжаць маленькія альбомы з фотаздымкамі ўсіх савецкіх рэспублік. Гэта сімвалізавала наступнае: на якім бы фронце ні змагаўся баец, ён бараніў свабоду ўсіх рэспублік. Ёсць альбом з фотаздымкамі Беларусі, а ў запісной кніжцы рукой бацькі запісаны тэлефон кагосьці з ветэранаў. Ёсць шынель, кіцель, фуражка.
Цяжэй за ўсё было разабрацца з фотаздымкамі. Я пайшла ў атэлье, каб іх перафатаграфаваць, павялічыць, а там сказалі, што будзе няякасна, таму што фотаздымкі старыя. А ў атэлье загрузка, выпускныя. Трэба чакаць. Цяпер яны, напэўна, скончылі рабіць альбомы для выпускнікоў, і я неяк давяду справу да канца, перафатаграфую старыя здымкі.
Я магла б звярнуцца да ветэранаў, сяброў бацькі, але будзе, відаць, самавіцей, калі звернуцца супрацоўнікі музея. Пішу Вам адрас брата і некаторых сяброў бацькі. Да сустрэчы, паважаны Міхаіл Фёдаравіч. Рэната Кароль”.
Міхаіл Фёдаравіч адказаў, што ўсё пералічанае музей з удзячнасцю прыме ў сваю экспазіцыю. Планавалася абнавіць яе да 60-годдзя Кастрычніцкай рэвалюцыі. Аднак на генеральскім шынялі Сцяпана Георгіевіча не хапала пятліц, і дачка пачала шукаць магчымасць іх набыць. Адказ музею дала толькі 05.10.1977 года.
“Паважаны Міхаіл Фёдаравіч! Паслала пятліцы. Аказваецца, іх нідзе не прадаюць у ваенторгу, нават па знаёмству, нават па распараджэнні, трэба пісаць у Маскву. Пашчасціла, знайшла ў знаёмых. Я зноў вымушана прасіць прабачэння за затрымку з адказам.
Міхаіл Фёдаравіч! Партрэт я падрыхтавала мінулы раз, але ў тлуме не перадала. Ён атрымаўся намнога лепшы, чым на фотаздымку, які я Вам пакінула мінулы раз.
Узнагароды ўсе замацаваны на адной планцы, я нават не ўмею іх разняць. Ды і шкада разнімаць. Я гатова перадаць Вам ордэны ўсе разам, толькі напішыце, ці трэба ў каго-небудзь прасіць дазволу. Паслала таксама лётную кніжку – здаецца, так яна называецца. З павагай Рэната Кароль”.
Работа з аднаўленнем экспазіцыі зацягвалася, на тое былі аб’ектыўныя прычыны. Перапіска працягвалася. І толькі ў сярэдзіне 1978 года ўдалося сабраць усе экспанаты, якія выстаўлены сёння ў музеі. Апошні ліст Рэната Сцяпанаўна напісала 20.04.1978 года.
“Паважаны Міхаіл Фёдаравіч! Прабачце, што замаўчала і не пісала. Сёлетняя зіма вельмі цяжкая для нашай сям’і: хваробы, грып, мой муж Канстанцін Васільевіч месяц праляжаў у бальніцы, нядаўна выйшаў. Самая вялікая мая віна: я не зрабіла фотаздымкі. У звычайных атэлье не бяруць, кажуць, будзе дрэнная якасць, звярталася ў цэх фотарэкламы – няма нейкай патрэбнай плёнкі, таму таксама не бяруць. Адзін фотааматар спрабаваў перазняць – выйшла дрэнна, не магу Вам такое паслаць. Знайшла кінааператара знаёмага, у яго ёсць гэта плёнка – дубль-негатыў называецца. Ён абяцаў зрабіць да першага мая. Гэта, канешне, позна, Вы пісалі, што абнаўленне экспазіцыі перанесена на пачатак мая. У Кіеўскім музеі Айчыннай вайны сказалі, что перадрукуюць, але арыгіналы пакінуць сабе. А я хачу асноўныя фотаздымкі пераслаць Вам, Міхаіл Фёдаравіч.
Я нядаўна даведалася, што выйшла распараджэнне перадаваць баявыя ўзнагароды ў музеі. Каб не пасылаць поштай, хачу знайсці магчымасць перадаць вашаму музею ўзнагароды бацькі і дакументы на іх. Вы, напэўна, ужо ведаеце пра такую пастанову. Радамір дамовіўся з канструктарскім бюро, дзе робяць макеты самалёта-знішчальніка. Нядаўна нам патэлефанаваў адзін лётчык, ён напісаў кнігу ўспамінаў, там ёсць матэрыял пра бацьку. Я вам яе перашлю. Кнігу напісаў А. Кандрат, называецца “Нам час дастаўся неспакойны”, яна на ўкраінскай мове. Кніга ў мяне, але аўтар хоча Вам асабіста падпісаць.
Дарагі Міхаіл Фёдаравіч! Жадаю Вам усяго найлепшага! І развітваюся да наступнага ліста, які дашлю днямі да 1 Мая. Прывітанне ад усёй маёй сям’і і ад Канстанціна Васільевіча. З павагай Рэната Кароль”.
Рэната Сцяпанаўна прыязджала з мужам у Дзятлаўскі музей і прывезла экспанаты. Яна асабіста сустракалася з Міхаілам Фёдаравічам, пра што сведчыць тэлеграма, адпраўленая 18.08.1978 года “Выязджаем 19 Кіева аўтамашынай. З павагай Кароль”.
Запрашаем наведаць экспазіцыю музея і паслухаць расказ пра нашага знакамітага земляка.
Алена АБРАМЧЫК,
старшы навуковы супрацоўнік Дятлаўскага гісторыка-краязнаўчага музея
Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup