Аддзел ЗАГС не толькі рэгіструе заключэнне шлюбу, як лічаць многія.
Нараджэнне дзіцяці, ушанаванне юбіляраў сямейнага жыцця, перамена імя і, на жаль, адыход з жыцця – усе гэтыя і іншыя падзеі – і шчаслівыя, і сумныя – звязаны з гэтай установай. Аб выніках работы аддзела ЗАГС Дзятлаўскага райвыканкама за мінулы год расказала яго начальнік Вольга Бародзіч.
– Колькі пар у Дзятлаўскім раёне ў 2019 годзе захацелі афіцыйна аформіць свае адносіны?
– Усяго летась зарэгістравалі шлюб 126 пар, з іх 74 – у аддзеле ЗАГС Дзятлаўскага райвыканкама. У сельскай мясцовасці найбольш зарэгістраваных актавых запісаў па шлюбах у Казлоўшчынскім (23) і Жукоўшчынскім (12) сельвыканкамах.
– Цікава, у якім узросце часцей становяцца жаніхамі і нявестамі?
– Сярэдні ўзрост нявестаў – 30 гадоў, а жаніхоў – 32. Летась тром самым маладым нявестам і аднаму жаніху яшчэ не споўнілася 18 гадоў, а тром жаніхам і адной нявесце было больш за 60 гадоў.
– Вольга Вацлаваўна, пэўна, многім будзе цікава, колькі ж дзетак нарадзілася ў мінулым годзе?
– У раёне зарэгістравана нараджэнне 174 немаўлят. З іх 83 хлопчыкі і 91 дзяўчынка.
– Ці былі двойні, тройні?
– Тройняў у мінулым годзе не нарадзілася, а вось двайное шчасце з’явілася ў адной сям’і.
– Пэўна, найбольш першынцаў?
– Не, найбольш дзетак нарадзіліся другімі ў сям’і – 63, першынцаў было 53. Статус шматдзетных набылі 58 сем’яў: у іх нарадзілася па трэцім і больш дзяцей. У мінулым годзе былі нават дзве сям’і, у якіх нарадзіліся па сёмым і восьмым дзіцяці.
– Цікава, а бацькі – усе беларусы?
– Чацвёра татаў былі з Малдовы, Расіі і Украіны, а вось матуляў-іншаземак – пяць: адна латышка і чытыры ўкраінкі.
– У якім узросце найчасцей станавіліся бацькамі?
– Калі падлічыць сярэдні ўзрост, то для матуляў гэта 29 гадоў, а для татаў – 31. Самай маладой маме было менш за 18 гадоў, а самым маладым татам – больш за 20 гадоў.
– Пэўна ж, бацькамі станавіліся і старэйшыя людзі?
– Так, шэсць жанчын сталі матулямі пасля 40 гадоў, а чатыром татам было больш за 50 гадоў.
– Цікава, як часцей за ўсё называлі дзетак у 2019 годзе?
– Самымі папулярнымі імёнамі для дзяўчынак сталі Вікторыя, Мілана, Валерыя, Ксенія, Марыя, а для хлопчыкаў – Мацвей, Аляксандр, Арсеній, Дзмітрый, Ягор.
– А ці выбіралі бацькі для сваіх немаўлятак якія-небудзь рэдкія імёны?
– Многія бацькі цяпер стараюцца назваць дзяцей незвычайнымі і арыгінальнымі імёнамі. Напрыклад, дзяўчынак летась называлі Амалія, Дарына, Каміла, Міраслава, Саміра, а хлопчыкаў – Васіль, Леў, Міраслаў, Назар, Канстанцін.
Дарэчы, цікавая статыстыка па імёнах за апошнія дзесяць гадоў. Часцей за ўсё дзяўчынкам давалі імёны Дар’я, Анастасія, Ксенія, Аляксандра, Вікторыя, а хлопчыкаў называлі Максім, Мацвей, Арцём, Уладзіслаў, Кірыл. Даволі шмат у нашым раёна сустракалася за гэты час і рэдкіх імёнаў, напрыклад, Аўгусціна, Герда, Лэйла, Нона, Сандра, Саяна, Эрыка, Гардзей, Еўдакім, Мілан, Халіл, Назарый, Ерафей, Эльмерас-Сандэр.
– Бывае, што звяртаюцца да вас дзятлаўчане, якія не задаволены сваім іменем і хочуць яго памяняць?
– Ёсць такія жадаючыя. У мінулым годзе адзін чалавек захацеў змяніць імя і два чалавекі – прозвішча. Але для гэтага павінны быць падставы, неабходна прадаставіць пэўныя дакументы.
– На жаль, прысутнічае ў вашых працоўных буднях і сумная статыстыка.
– Так, нам прыходзіцца рэгістраваць не толькі такія прыемныя моманты ў жыцці людзей, як рэгістрацыі шлюбаў і нараджэнні дзяцей, але і смерці. Сёлета ў Дзятлаўскім раёне памерла 512 чалавек. У большасці выпадкаў – а гэта 480 – прычынай смерці стала хвароба.
– Што пажадаеце дзятлаўчанам у новым годзе?
– Берагчы і ўмацоўваць свае сем’і, клапаціцца адзін аб адным і ва ўсім падтрымліваць. А дзеткі каб раслі здаровымі і вясёлымі, радавалі бацькоў і былі іх гонарам.
Святлана ГРЫШЫНА
Фота Вольгі ЮШКЕВІЧ
Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup