Дзятлаўчане сустракалі Новы год

Важнае Культура і адпачынак Свежыя навіны

Самыя непаседлівыя, загартаваныя, азартныя дзятлаўчане прыйшлі напярэдадні Новага года на галоўную плошчу горада, да ёлкі, каб пабачыць тэатралізаванае прадстаўленне, паслухаць песні, выпрабаваць удачу ў навагодняй латарэі.

Іх не спалохаў вецер з дажджом, які налятаў і хацеў разагнаць па хатах.

Пад вясёлую музыку і скокі роставых лялек – Бабы Ягі і Лясуна дарослыя і дзеці ахвотна набывалі латарэйныя білеты. А кіраўнік тэатра роставых лялек, ён жа капельмайстар у тэатралізаванай дзеі, Іван Каско ўмела падаграваў цікавасць да латарэі наяўнасцю галоўнага прыза – пыласоса.

Варта зазначыць, што роставыя лялькі заўсёды выклікаюць інтарэс і дзіцячае захапленне. І ў гэты раз малыя ахвотна станавіліся ў карагод са “страшнымі” лялькамі ці фатаграфаваліся з імі.

Зусім не злавалася дзятва на Бабу Ягу і Лясуна за выкраданне Снягуркі і імкненне падпсаваць свята. Яны ж такія вясёлыя: і “цыганачку” прапанавалі станцаваць, і ў рэшце рэшт Дядулю Мароза прывялі са Снягуркай.

А дапамаглі Івану Каско, кіраўніку тэатра лялек, наладзіць тэатралізаваную дзею Наталля Бузук, Аксана Кашляк, Ксенія Каско, а таксама студэнты Мінскага каледжа мастацтваў Марыя Трухан і Данііл Каско. Песеннымі нумарамі падтрымалі “лялечнікаў” мясцовыя артысты.

Пад час тэатралізаванай дзеі былі агучаны вынікі конкурсаў, якія праводзіліся напярэдадні навагодніх і калядных святаў.

Названы калектывы, якія сталі пераможцамі і прызёрамі навагодняга касцюмаванага шэсця і навагодніх віншаванняў.

Па выніках удзелу ў святочным навагоднім шэсці першае месца журы прысудзіла ТАА “Ізакам”, другое – санаторыю “Радон” ААТ “Белаграздраўніца”, трэцяе – ААТ “Дзятлаўскі сыраробны завод”.

Пераможцай у конкурсе на лепшае навагодняе віншаванне стала СШ № 1 горада Дзятлава, другое месца прысуджана КСУП “Жукоўшчына”, трэцяе – КСУП “Хвінявічы”.

Віншаванні і ўзнагароды прымалі таксама дбайныя гаспадары сядзібаў, чые дамы і падворкі найлепш упрыгожаны да навагодніх і калядных святаў. Пераможцамі і прызёрамі конкурса на лепшае святочнае афармленне сталі сем’і: Камянецкай (Гагарына, 45), Ляпешка (Кабяка, 10), Кажала (Кабяка, 15). Таксама адзначаны калектывы, якія парупіліся пра ўпрыгожанне сваіх будынкаў і тэрыторый. А самым умелым у гэтай справе камісія прызнала раённае ўнітарнае прадпрыемства жыллёва-камунальнай гаспадаркі.

Пераможцы і прызёры адзначаны дыпломамі і грашовымі прэміямі. Дзядуля Мароз і Снягурка выканалі прыемную місію. І не толькі гэтую: уручылі таксама шматлікія прызы ўдзельнікам навагодняй латарэі.

А пасля апоўначы гэтым казачным героям спачываць не давялося. Ля галоўнай ёлкі раёна прадоўжыліся конкурсы, розыгрышы, віншаванні, танцавальная праграма.

Іна ЯЎСЕЙЧЫК