Да 75-годдзя Вялікай Перамогі. Ёсць такая справа – вяртаць імёны загінулых

Галоўнае Грамадства Свежыя навіны

Нягледзячы, на значны адрэзак часу, які аддзяляе нас ад падзеяў Вялікай Айчыннай вайны, яшчэ не ўсе таямніцы ваеннага ліхалецця разгаданы, не ўсе імёны загінулых і зніклых без вестак устаноўлены, і пошукавая работа мае неацэннае значэнне ў справе ўвекавечання памяці герояў, якія адстаялі для нас мірнае жыццё.

На Дзятлаўшчыне на працягу многіх гадоў пошукавую работу каардынуе вядучы спецыяліст ваеннага камісарыята Дзятлаўскага раёна Валянцін Абухаў. Яго старанні не засталіся па-за ўвагай. Згодна з загадам міністра абароны Рэспублікі Беларусь Валянцін Аляксеевіч адзначаны нагрудным знакам “За актыўны пошук”. Узнагароду яму ўручыў ваенны камісар Гродзенскай вобласці Вячаслаў Раманенка.

– У Беларусі шмат увагі надаецца ўвекавечанню памяці загінулых у гады Вялікай Айчыннай вайны, – зазначыў Вячаслаў Раманенка. – У нашай краіне першы на паслясавецкай прасторы быў створаны 52-і асобны спецыяльны пошукавы батальён, які ўвайшоў у склад Узброеных Сіл Беларусі. На працягу больш чым 20 гадоў ён праводзіць работы па пошуку, перапахаванні загінулых, устанаўленні іх імён. На тэрыторыі Гродзеншчыны знаходзіцца больш за 740 воінскіх пахаванняў. Штогод па інфармацыйных лістах, якія паступаюць з ваенных камісарыятаў, арганізоўваюцца новыя пошукавыя работы. На Дзятлаўшчыне таксама праводзіцца значная работа ў гэтым кірунку. У 2019 годзе тут на няўлічаных воінскіх пахаваннях працаваў не толькі беларускі пошукавы батальён, але і прадстаўнікі Расійскай Федэрацыі.

З узнагародай Валянціна Абухава павіншавалі яго калегі.

Я папрасіла Валянціна Аляксеевіча больш падрабязна расказаць пра сваю дзейнасць і планы надалей.

– Пошукавай работай, а дакладней яе каардынацыяй на Дзятлаўшчыне, я пачаў займацца ў 2001 годзе, калі стаў ваенным камісарам. Найбольш значнай падзеяй у гэтым кірунку лічу перапахаванне астанкаў Ёскеля Атласа. Прыкладна з таго ж перыяду шукаем магілу яшчэ аднаго яўрэйскага доктара – Маркуса Шлёмы. З дапамогай нераўнадушных людзей знойдзены хутар Русіна, атрымана дадатковае дакументальнае пацвярджэнне факта гібелі гэтага чалавека. З’явілася версія, дзе знаходзяцца яго астанкі.

Ажыццяўляецца работа па ўдакладненні імёнаў байцоў, пахаваных у Казлоўшчыне, на воінскіх могілках гарадскога пасёлка Наваельня. Працуючы з аб’яднанай базай даных “Мемарыял”, я ўстанавіў імёны 25 ваеннаслужачых, якія па розных спісах пахаваных не значыліся. Цяпер праз базу “Мемарыял” удакладняем асабістыя даныя воінаў і партызан, загінулых на тэрыторыі нашага раёна.

Яшчэ адзін значны накірунак работы – партызанскі рух на Дзятлаўшчыне. І калі па загінулых вайскоўцах ёсць база даных “Мемарыял”, то па партызанах Беларусі яна толькі ствараецца. Пошукавая работа вядзецца са спісамі ўліку беззваротных страт партызан. Адшукваюцца дакументальныя пацвярджэнні гібелі і пахавання людзей на тэрыторыі раёна, каб пазней унесці гэтыя звесткі ў агульную базу ўліку. Ёсць цікавая інфармацыя аб дзейнасці партызанскіх брыгад на Дзятлаўшчыне. За садзейнічанне ў пошуках шчырыя словы падзякі хачу выказаць на адрас нераўнадушнага чалавека – краязнаўцы і энтузіяста Міхаіла Лук’янчыка. Ён дапамагае ў пошуках людзей, якія дзеляцца важнымі ўспамінамі. У 2019 годзе мы дакладна ўстанавілі месца партызанскага шпіталя ў пушчы Ліпічанскай. Ёсць прыкметы пахавання там чатырох партызан. У 2020 годзе плануецца правесці пошукавыя работы з раскопкамі. Пры рабоце са спісамі беззваротных страт Ленінскай партызанскай брыгады я высветліў тры імені загінулых ад ран і пахаваных на тэрыторыі шпіталя. Мяркуецца, што гэта іх магілы.

Была атрымана інфармацыя і аб партызанскіх могілках у пушчы Ліпічанскай, аднак ёсць звесткі, што астанкі былі таксама перапахаваны спачатку ў Дзям’янаўцах, затым у Жалудку. У спісах беззваротных страт можна будзе адшукаць імёны загінулых.

Яшчэ з Міхаілам Лук’янчыкам устанаўліваем імёны людзей, спаленых ва ўрочышчы Цагельня. Ужо высветлілі 39 прозвішчаў, а ўсяго загінулых там каля 300 чалавек.

Вядуцца і пошукі камандзіра спецатрада НКУС “Храбрацы” Грачова. Па ўспамінах людзей, у 1944 годзе атрад ажыццявіў дыверсію ў раёне вёскі Дварэц. Байцы загінулі, а камандзір быў паранены. Каб карнікі не знішчылі мірных жыхароў, ён здаўся. Далейшы лёс афіцэра невядомы, як і месца пахавання байцоў атрада.

Стараемся знайсці і астанкі чырвонаармейцаў, якія загінулі ў першыя дні вайны на полі паміж горадам Дзятлава і вёскай Хадзяўляны. У 2019 годзе атрымалі звесткі аб месцах пахавання чырвонаармейцаў. Летась у нас працавалі прадстаўнікі грамадскіх аб’яднанняў: Мінскай пошукавай арганізацыі “Бацькаўшчына” і Казанскай пошукавай “Отечество”. Яны адшукалі астанкі трох чырвонаармейцаў і павінны зноў сюды вярнуцца прадоўжыць работу.

У 2019 годзе мы аформілі 11 інфармацыйных лістоў па адзіночных і масавых пахаваннях. За супрацоўніцтва ў пошуках вельмі ўдзячны жыхарам раёна, вёсак Вялікая Воля, Руда Яварская, Дзям’янаўцы, Чырвоны Бор, якія адгукваліся на артыкулы ў газеце, дзяліліся інфармацыяй. Будзем і надалей прадаўжаць пошукі, вызначаць імёны загінулых. Лічу, што кожны баец, які аддаў жыццё за Радзіму, павінен быць пахаваны па хрысціянскім звычаі з воінскімі ўшанаваннямі.

Для актывізацыі пошукавай работы на Дзятлаўшчыне мяркуем стварыць пошукавую групу ці атрад на базе гімназіі № 1 горада Дзятлава і Новаяльнянскай сярэдняй школы. Ідэя гэта пакуль знаходзіцца на стадыі распрацоўкі.

Карыстаючыся выпадкам, хачу звярнуцца з просьбай да чытачоў газеты: калі ў вас ёсць інфармацыя аб невядомых пахаваннях воінаў і партызан, загінулых у гады вайны на тэрыторыі раёна, прашу паведаміць аб гэтым у Дзятлаўскі ваенны камісарыят па тэлефоне 2-15-03.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup