Да 75-годдзя Вялікай Перамогі. Іх імёнамі названы вуліцы раёна

Важнае Грамадства Свежыя навіны

Вуліцы Дзятлава, названыя імёнамі герояў і ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны

Вуліца Пятрова. Названа ў гонар Героя Савецкага Саюза гвардыі палкоўніка Паўла Гаўрылавіча Пятрова, намесніка камандзіра 120-й гвардзейскай Рагачоўскай стралковай дывізіі, якая ў ліпені 1944 года вызваляла Дзятлаўскі раён.

Вуліца Вахоніна. Названа ў гонар Мікалая Рыгоравіча Вахоніна, камандзіра атрада “Барацьба” Ленінскай партызанскай брыгады (1942-1944 гг.).

Вуліца Белуша. Названа ў гонар Міхаіла Андрэевіча Белуша, партызана, падрыўніка атрада “Кастрычнік” Першамайскай партызанскай брыгады Гродзенскай вобласці. 16 чэрвеня 1944 года ў баі каля вёскі Купіск Навагрудскага раёна грудзьмі закрыў амбразуру варожага дзота. Узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны I ступені (пасмяротна).

Вуліца К. Заслонава. Названа ў гонар Канстанціна Сяргеевіча Заслонава. У кастрычніку 1941 года па ўласнай просьбе быў адпраўлены ў тыл ворага ў складзе групы чыгуначнікаў. Партызанскі псеўданім – “дзядзька Косця”. Стварыў падпольную групу, удзельнікі якой шляхам прымянення “вугальных мін” (міны, замаскіраваныя пад каменны вугаль) за тры месяцы падарвалі 93 нямецкія паравозы.

Вуліца Жолабава. Названа ў гонар Івана Аляксеевіча Жолабава, удзельніка Вялікай Айчыннай вайны, камандзіра партызанскага атрада “Дружба”.

Вуліца Булата. Названа ў гонар Барыса Адамавіча Булата, Героя Савецкага Саюза, камандзіра партызанскай брыгады “Наперад” Баранавіцкай і Мінскай абласцей.

Вуліца Макарава. Названа ў гонар Пятра Кузьміча Макарава, камандзіра партызанскай брыгады імя К. Я. Варашылава.

Брыгада дзейнічала на акупіраванай тэрыторыі Дзятлаўскага, Казлоўшчынскага, Жалудоцкага, Лідскага, Шчучынскага раёнаў Баранавіцкай вобласці.

Вуліца Біцько. Названа ў гонар Валянціна Сцяпанавіча Біцько, удзельніка Вялікай Айчыннай вайны. Камандаваў партызанскай групай, ротай. Стаў адным з арганізатараў партызанскага атрада “Арлянскі”, які дзейнічаў на тэрыторыі Дзятлаўскага раёна, потым быў начальнікам штаба ў атрадах “Барацьба”, “Перамога”. З ліпеня 1943 года – камандзір Ленінскага партызанскага атрада.

Вуліца Матросава. Названа ў гонар Аляксандра Мацвеевіча Матросава, Героя Савецкага Саюза, чырвонаармейца, стралка-аўтаматчыка. Загінуў у 19 гадоў, засланіўшы сваімі грудзьмі амбразуру нямецкага дзота, даўшы магчымасць байцам свайго ўзвода здзейсніць атаку апорнага пункта.

Вуліца Пішчуліна. Названа ў гонар Васіля Іванавіча Пішчуліна, партызана Ленінскай партызанскай брыгады, якая дзейнічала на тэрыторыі Дзятлаўскага раёна ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

Вуліца Фогеля. Названа ў гонар Яна Янавіча Фогеля, Героя Савецкага Саюза, савецкага военачальніка, удзельніка Вялікай Айчыннай вайны. Вызваляў Дзятлаўшчыну.

Вуліца Філідовіча. Названа ў гонар Іосіфа Юр’евіча Філідовіча, які ў час Вялікай Айчыннай вайны быў сувязным Ленінскай брыгады, што дзейнічала на тэрыторыі Гродзеншчыны. Ратуючы партызанскі шпіталь, ён паўтарыў подзвіг вядомага рускага патрыёта XVII стагоддзя Івана Сусаніна.

Вуліца Русіна. Названа ў гонар Георгія Паўлавіча Русіна, старшыні Дзятлаўскага раённага падпольнага антыфашысцкага камітэта. Ён быў забіты нямецка-фашысцкімі захопнікамі 1 чэрвеня 1944 года.

Вуліца Фурсенкі (г. п. Наваельня). Названа ў гонар Івана Сямёнавіча Фурсенкі, Героя Савецкага Саюза, камандзіра 2012-га зенітнага артылерыйскага палка 49-й зенітнай артылерыйскай дывізіі 49-й арміі 2-га Беларускага фронту.

Вуліца Снітко (г. п. Наваельня). Названа ў гонар капітана Чырвонай арміі, удзельніка Вялікай Айчыннай вайны Івана Мікітавіча Снітко, які пасмяротна быў удастоены высокага звання Героя Савецкага Саюза. Таксама быў узнагароджаны ордэнамі Леніна і Аляксандра Неўскага, медалямі.

Вуліца Валькова (г. п. Казлоўшчына). Названа ў гонар Н. І. Валькова, камісара Чырвонай арміі. Загінуў у пачатку Вялікай Айчыннай вайны пад Казлоўшчынай.

Алена АБРАМЧЫК,
старшы навуковы супрацоўнік Дзятлаўскага гісторыка-краязнаўчага музея

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup

 



Теги: