Знаёмцеся: Аляксандр Юргілевіч

Важнае Грамадства Свежыя навіны

Пэўная частка нашых чытачоў з Аляксандрам знаёма.

Па школе, працы ў райвыканкаме, спартыўных і турысцкіх спаборніцтвах. Цяпер – па рабоце ў страхавой кампаніі “Прамтрансінвест”.

-Аляксандр, каторы раз сустракаеце прафесійнае свята, ці святочны настрой?

-Са жніўня 2015 года працую ў страхавой кампаніі “Прамтрансінвест”. Так што гэта — пятае свята, пяты Дзень страхавых работнікаў. Ці святочны настрой? Чаму і не, калі план па страхаванні на 2019 год мы выканалі 6 лістапада.

Але варта зазначыць, что планы вельмі напружаныя. Пастаянна прыходзяць да нас новыя страхавацелі – як фізічныя асобы, так і арганізацыі. Аб’ёмы страхавання растуць з кожным годам.

-Калі параўнаць першыя дні працы і дзень сённяшні, што змянілася?

-Набыты значны вопыт. І ўсё больш людзей звяртаецца па кансультацыі: і тыя, хто ўжо застрахаваны, і хто толькі збіраецца гэта зрабіць.

-Ці часта даводзіцца чуць словы падзякі?

— Зразумела, што падзяка заўсёды прыемная. Выказваюць яе і мне асабіста, і маім падначаленым. У тым ліку і праз газету “Перамога”. Нярэдка звяртаюцца людзі, застрахаваныя ў іншых кампаніях, такіх як “ТАСК”, “Белнафтастрах”.

Нам вельмі ўдзячная была жанчына, якой дапамаглі атрымаць страхавую кампенсацыю, пра якую яна не ведала. У іншым выпадку — аказалі дапамогу ў адстойванні права страхавацеля ў Эканамічным судзе. Таму мне падабаецца працаваць з людзьмі, дапамагаць ім у розных жыццёвых сітуацыях.

-Я разумею так: страхавы выпадак можа здарыцца ў любы час. У вас праца ад “званка” да “званка” ці па сітуацыі?

-Нагрузка вельмі вялікая. Нашымі страхавымі агентамі штодзень заключаюцца каля 20 дагавораў страхавання. З імі знаходжуся пастаянна на сувязі, даю неабходныя кансультацыі да заключэння дагавароў. Затым усе заключаныя дагаворы паступаюць да мяне, я іх апрацоўваю. Па пятніцах мой рабочы дзень, паводле графіка, павінен заканчвацца ў 16.15, аднак сыходжу з работы ў 19 ці 20 гадзін. Працуем без абеда.

Справа ў тым, што вельмі шмат даводзіцца кансультаваць па тэлефоне, нярэдка даваць кансультацыі зусім незнаёмым людзям.

-Наколькі ведаю, ў нашым раёне страхаваннем заняты некалькі кампаній. Ва ўмовах канкурэнцыі працаваць складана?

-Наяўнасць некалькіх кампаній дае кліентам-страхавацелям права выбіраць. Этычнасць і павага – нашы галоўныя прыярытэты ў адносінах да канкурэнтаў. Спадзяёмся на такія ж адносіны і да нас.

-Аляксандра Юргілевіча ведаюць, як спартсмена. Ездзіце на судзейства. А якому віду спорта аддаяце перавагу?

-Я шмат катаюся на веласіпедзе, на ролікавых каньках. Хаджу плаваць у басейн. А сёлета асабліва захапіўся бегам. Упершыню

прыняў удзел у Мінскім марафоне. Прабег 11 кіламетраў. На наступны год паспрабую адолець паўмарафон – 21 кіламетр.

-Як удаецца сумяшчаць працу, трэніроўкі, спаборніцтвы?

-Спортам займаюся пасля работы і ў выхадныя дні. Найлепшы адпачынак – прабежка на 10-12 кіламетраў. Для таго, каб бегаць патрэбны толькі спартыўны абутак і жаданне. Магу з’ездзіць на веласіпедзе ў Навагрудак і назад, на ролікавых каньках праехаць 3-10 кіламетраў па гарадскім стадыёне, праплыць 1000 метраў у басейне. На працягу дня знайсці 40-50 вольных хвілін не цяжка. Пытанне ў іншым: на што іх патраціць?

-А ёсць сябры-знаёмыя, хто падтрымлівае, падзяляе з вамі спартыўныя захапленні?

-Сваім настаўнікам і аднадумцам лічу Юрыя Скрабца. Вельмі ўдзячны яму за падтрымку. Юрый сам вядзе здаровы лад жыцця і навучыў гэтаму многіх, у тым ліку і мяне. Таксама прыкладам для мяне з’яўляецца Міхаіл Бельскі: як чалавек адносіцца да свайго здароўя, як умее падахвоціць да заняткаў іншых. Менавіта Юрый і Міхаіл прымусілі мяне паверыць у тое, што першапачаткова здавалася немагчымым.

-У вас, паколькі з заданнем справіліся, можна лічыць, надышоў новы год. Які ён быў асабіста для вас і што чакаеце ад новага?

-Па-праўдзе, гэты год быў вельмі напружаны: былі даведзены высокія планавыя паказчыкі. Але, дзякуючы людзям, якія са мной працуюць, удаецца паспяхова спраўляцца з пастаўленымі задачамі. Таму, карыстаючыся магчымасцю, дзякую Аксане Шлыковіч, Жанне Ерамейчык, Вользе Скрундзь, Ірыне Станіславовіч, Анжэліцы Грыб, Алене Латушка – за іх уменне аказваць страхавыя паслугі, паспяхова працаваць з кліентамі.

Віншую ўсіх са святам, і няхай нам спадарожнічаюць удача, дабрабыт і людская ўдзячнасць.

Іна ЯЎСЕЙЧЫК
Фота з асабістага архіву А. ЮРГІЛЕВІЧА