Злачынствы ў сетцы Інтэрнэт

Важнае Здарэнні і бяспека Свежыя навіны

Расце колькасць фактаў супрацьпраўных дзеянняў у сетцы Інтэрнэт.

На Дзятлаўшчыне за 11 месяцаў 2019 года агульная колькасць зарэгістраваных у гэтай сферы злачынстваў павялічылася з 10 да 20. Зламыснікі ва ўсіх выпадках карыстаюцца залішняй даверлівасцю сваіх ахвяр.

У верасні гэтага года невядомая асоба ў час перапіскі ў сацыяльнай сетцы “Viber” з грамадзянкай Р. завалодала рэквізітамі яе банкаўскай карткі ААБ “Беларусбанк”. Гэта дазволіла злачынцы ўнесці ў камп’ютарную сістэму ілжывыя звесткі аб выкарыстанні карткі і скрасці з рахунка пацярпелай 201 рубель 50 капеек. Па факце крадзяжу ўзбуджана крымінальная справа.

У кастрычніку ўзбуджана яшчэ адна крымінальная справа. У час следства ўстаноўлена, што невядомы злачынца, скарыстаўшыся інтэрнэтам і неўстаноўленым банкаўскім абсталяваннем, змяніў інфармацыю банкаўскай пластыкавай карткі ААБ “Беларусбанк” і скраў 835 рублёў у грамадзянкі Ш.

Гэтыя дзве крымінальныя справы былі аб’яднаны ў адну вытворчасць. Да іх далучана аналагічная трэцяя крымінальная справа. У гэтым выпадку інтэрнэт-злачынца авалодаў чужымі грашамі выказаўшы намер купіць мэблю. У час перапіскі з грамадзянкай Б. зламыснік атрымаў рэквізіты доступу да інтэрнэт-банкінга ААБ “Беларусбанк” пацярпелай. З карт-рахунка жанчыны былі спісаны 210 беларускіх рублёў (без уліку камісіі).

У час расследавання крымінальнай справы ўстанавіць асобу, якая ўчыніла злачынствы, не было магчыма. Папярэдняе следства прыпынена да ўстанаўлення асобы, якую належыць прыцягнуць у якасці абвінавачанай.

Будзьце ўважлівымі ў сетцы Інтэрнэт, пільнасць і абачлівасць дапамогуць пазбегнуць праблем.

Алег ВЯЛІЧКА,
пракурор Дзятлаўскага раёна