ВІЧ-інфекцыя – хранічнае інфекцыйнае захворванне, выкліканае вірусам імунадэфіцыту чалавека.
Вызначыць па знешнім выглядзе чалавека ВІЧ-інфекцыю немагчыма. Выключных сімптомаў, характэрных толькі для дадзенага захворвання, няма. Чалавек здольны перадаваць ВІЧ-інфекцыю з таго моманту, як вірус трапіў у яго арганізм. У гэтым і заключаецца небяспека хваробы.
ВІЧ можа трапіць у арганізм чалавека пры неабароненым сэксуальным кантакце з ВІЧ-станоўчым партнёрам; праз кроў (пераважна пры ін’екцыйным увядзенні наркотыкаў); ад ВІЧ-станоўчай жанчыны будучаму дзіцяці пры адсутнасці адпаведнага лячэння.
У нашай краіне толькі 73 працэнты людзей, якія жывуць з ВІЧ, ведаюць аб сваім ВІЧ-статусе. Адной з прычын з’яўляецца недастатковы ўзровень інфармаванасці насельніцтва аб неабходнасці тэсціравання.
Чаму ранняя дыягностыка і лячэнне такія важныя?
Ранняя дыягностыка дазваляе людзям пачаць лячэнне ВІЧ-інфекцыі раней, што, у сваю чаргу, павялічвае іх шансы на доўгае і паўнавартаснае жыццё. Своечасова пастаўлены дыягназ і своечасова пачатае лячэнне з’яўляюцца дзейснымі мерамі ў барацьбе з хваробай.
Людзі, якія прымаюць антырэтравірусную тэрапію, у выніку якой зніжаецца вірусная нагрузка (г. зн. колькасць вірусу ў крыві) да ўзроўню, калі ВІЧ не вызначаецца, з меншай доляй верагоднасці могуць перадаць вірус партнёру, што дае рэальны шанс спыніць распаўсюджванне хваробы.
Лячэнне ВІЧ-інфекцыі – гэта магутны фактар падвойнага дзеяння, які не толькі падаўжае жыццё, але і прадухіляе новыя выпадкі інфіцыравання. Іншымі словамі, ранняе лячэнне зніжае рызыку:
— перадачы ВІЧ (пры невызначальнай віруснай нагрузцы вірус з меншай доляй верагоднасці можа перадавацца іншым людзям);
— развіцця СНІДу – канчатковай стадыі ВІЧ-інфекцыі;
— заражэння і (або) развіцця туберкулёзу, найбольш распаўсюджанага захворвання, частай прычыны смерці ад СНІДу.
ВІЧ-інфекцыя з’яўляецца пакуль невылечным захворваннем, але пры своечасовым звароце па медыцынскую дапамогу і правядзенні неабходнага лячэння інфіцыраваны чалавек можа пражыць доўгае жыццё. Трэба разумець, што тэст на ВІЧ – гэта адзіны спосаб своечасова выявіць захворванне і пачаць лячэнне. Атрымаць кансультацыю і прайсці дыягностыку можна ў любой медыцынскай установе, якая мае працэдурны кабінет. Інфармацыя аб вашым ВІЧ-статусе з’яўляецца строга канфідэнцыйнай.
Самым папулярным экспрэс-тэстам на ВІЧ з’яўляецца тэст па ўзоры сліны. Вынік будзе гатовы ўжо праз 20 хвілін.
Пры атрыманні станоўчага рэзультату экспрэс-тэста неабходна звярнуцца ў медыцынскую ўстанову і прайсці паўторнае абследаванне для ўдакладнення дыягназу.
Вольга ЮШКЕВІЧ