З уключэннем ёлачных ілюмінацый на Дзятлаўшчыне дадзены старт навагоднім мерапрыемствам.
Сваімі ўражаннямі ад першага дня навагодніх урачыстасцяў падзяліліся жыхары і госці Дзятлава.
Святлана Урбан:
– Настрой цудоўны, святочны, нягледзячы на тое, што надвор’е крыху падвяло. Уразіла шэсце Дзядоў Марозаў, Снягурачак і казачных герояў. Вялікім дапаўненнем стала суправаджэнне духавога аркестра. Праграма навагодніх святаў абяцае быць насычанай і разнастайнай, таму пастараюся наведаць як мага больш мерапрыемстваў.
Дзед Мароз з сяброўкамі з Круцілавіцкага дзіцячага сада-сярэдняй школы:
– Спадабалася прадстаўленне каля ёлкі. Шмат казачных герояў, усе вясёлыя, шумныя. Навагодняя красуня-ёлка кожны год радуе сваім убранствам: сняжынкі, гірлянды.
Вясёлая каманда КСУП “Жукоўшчына”:
– Святочны настрой адчуваем з пачатку снежня, калі паступова ўключаліся навагоднія агні ва ўпрыгожаных школах, магазінах, прадпрыемствах. З сённяшняга дня адчуванне пераднавагодніх святаў яшчэ большае: зазіхацела ёлка, і ўключылі ўсю ілюмінацыю на плошчы, вакол гучыць музыка.
Казачныя героі з Дзятлаўскага сырзавода:
– Мы заўсёды прамаем удзел у традыцыйным шэсці Дзядоў Марозаў і Снягурачак. Гэта цудоўнае свята для нас і нашых дзяцей. Атрымалі зарад станоўчых эмоцый. Напярэдадні навагодніх святаў усім жадаем моцнага здароўя і вясёлага настрою.
Сям’я Конан:
– Мы ўсёй сям’ёй прыйшлі сёння на цэнтральную плошчу горада, каб разам убачыць, як запальваюцца агні на навагодняй ёлцы. Тут весела і цікава. Вельмі спадабалася канцэртная праграма і роставыя лялькі. Наша дачка Маргарыта з імі сфатаграфавалася.
Вера Грачова з унучкай:
– Настрой цудоўны. Атрымалася сапраўднае свята і для дзяцей, і для дарослых. Атрымалі зарад станоўчых эмоцый. Жадаю ўсім дзятлаўчанам весела сустрэць Новы год і Каляды.
Таццяна ГРЫЦУК