На пачатку кастрычніка ў Новаяльнянскім доме культуры пачалі збірацца аматары лячэбнай гімнастыкі і бальных танцаў.
Сваё аб’яднанне па інтарэсах яны назвалі “Эпатажны блюз”.
І вось ужо 28 снежня зладзілі сапраўдны баль з рамантычнай назвай “Пад музыку Вівальдзі…”.
Чым вызначаюцца балі? Бляскам, строгім этыкетам, пэўным парадкам. Усё гэта прысутнічала. На баль удзельніцы прыйшлі ў доўгіх прыгожых сукенках, і адкрыўся ён паланэзам – самым строгім афіцыйным танцам. Яго яшчэ называюць “танцец-шэсце”.
Пад час мерапрыемства ад вядучых прысутныя пачулі шмат карыснай інфармацыі: адкуль паходзіць вальс, полька, кракавяк. Гэтыя танцы таксама асвоілі наведвальнікі аб’яднання па інтарэсах “Эпатажны блюз” і станцавалі на балі.
Дарэчы, днямі была агучана ідэя правесці ў сакавіку 2020 года ў Дзятлаве “Радзівілаўскі баль”. Да такога балю, можна сказаць, дамы з Наваельні гатовы. Застаецца ўгаварыць кавалераў, і фурор забяспечаны!
Такое адметнае баўленне часу, як заняткі аздараўленчай гімнастыкай, бальнымі танцамі, з’явілася ў Новаяльнянскім доме культуры дзякуючы паразуменню кіраўніцтва ўстановы і мясцовага энтузіяста Анатоля Аляксандравіча Кардаша. Аб’яднанне “Эпатажны блюз” набыло і набывае сваіх верных прыхільнікаў, яго ўжо наведваюць больш за 20 жанчын.
Гэты год “эпатажнікі” завяршылі прыемнай, незвычайнай сустрэчай, і ў новым годзе іх будзе нямала, бо ў кіраўніка шмат планаў і задумак.
Іна ЯЎСЕЙЧЫК