Турыстычны “Оскар” знайшоў сваіх уладальнікаў

Важнае Грамадства Свежыя навіны

На пачатку верасня з ініцыятывы Міністэрства спорту і турызму, а таксама Нацыянальнага агенцтва па турызму стартаваў 17-ы рэспубліканскі турыстычны конкурс “Спазнай Беларусь”.

Сёлета конкурс праводзіўся па 10 намінацыях сярод прафесіяналаў турызму і аматараў падарожжаў. І вось 19 снежня былі агучаны яго вынікі.

Запрашэнне на цырымонію ўзнагароджання, якая праходзіла ў мінскім “Прэзідэнт-атэлі”, атрымала і рэдакцыя газеты “Перамога”. Выданне заахвочана прысутнасцю ў якасці “экспертаў” за актыўнае асвятленне на старонках газеты турыстычных мерапрыемстваў, папулярызацыю здаровага ладу жыцця.

Варта зазначыць, што арганізатары конкурсу і цырымоніі ўзнагароджання паклапаціліся, каб былі адзначаны ўзнагародамі прадстаўнікі самых розных накірункаў турыстычнай дзейнасці: лепшыя экскурсаводы, турыстычныя кампаніі, гасцініцы рознай камфортнасці, аграэкасядзібы, музеі, санаторыі. Таксама падведзны вынікі ў намінацыях на лепшае фота і аповед пра малую радзіму.

Як зазначыў намеснік міністра па спорту і турызму Міхаіл Партны, гэты конкурс і цырымонія ўзнагароджання, якая падобна да ўручэння “Оскара”, закліканы садзейнічаць развіццю ўнутранага і ўязнога турызму, заахвочваць дасягненні турыстынай індустрыі нашай краіны.

Конкурс будзе праводзіцца і ў 2020 годзе. А паўдзельнічаць у ім можа кожны жадаючы. Перамагчы – складана, але рэальна. Для аматараў падарожжаў па нашай краіне ёсць две намінацыі “Фотаздымак года” і “Я спазнаю Беларусь”.

Перамагае ў намінацыі “Я спазнаю Беларусь” аўтар самай вялікай колькасці фотаздымкаў на фоне беларускіх славутасцяў, спіс якіх складзены спецыялістамі Нацыянальнага агенства па турызму. У ім значацца 670 аб’ектаў. Фотаздымкі трэба размяшчаць у сацыяльных сетках пад хаштэгамі “познайбеларусь” і “diskaverbelarus”. Сёлета было роўна 100 заявак на ўдзел. А перамагла Дар’я Бараноўская з Кобрына, якая зрабіла 295 сэлфі. Дарэчы, леташні рэкорд – 339 фотаздымкаў.

Таксама самай актыўнай намінацыяй сёлета аказалася “Фота года”. Прыгожыя і цікавыя мясціны Беларусі здымалі не толькі жыхары нашай краіны. Некалькі прызоў накіруюцца ў Італію, Венгрыю і нават Паўднёвую Афрыканскую Рэспубліку. Усяго за перамогу змагаліся 234 фотааматары. А вось самым “класным” фота прызнана работа Алены Рамашка з Міншчыны. Дарэчы, як прызналася ўладальніца турыстычнага “Оскара”, здымала яна на смартфон. Проста змагла разгледзець незвычайнае у паўсядзённым. Так што з новым годам пачынаецца і новы сезон вандровак, цікавых фота, новых уражананняў. Дзяліцеся імі і з “Перамогай”: мы ў наступным годзе мяркуем і надалей даваць слова на старонках выдання аматарам падарожжаў, друкаваць цікавыя фотаздымкі. Падарожнічайце і перамагайце!

Іна ЯЎСЕЙЧЫК
Фота СБ, Владимир Нестерович



Теги: