Танцавальны сюрпрыз ад Свавольніка Бубы

Галоўнае Культура і адпачынак Свежыя навіны

Раённае мерапрыемства для дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, прайшло 26 снежня ў рамках рэспубліканскай дабрачыннай навагодняй акцыі “Нашы дзеці” ў Дзятлаўскім раённым цэнтры культуры і народнай творчасці.

З падарункамі і віншаваннямі на ранішнік завіталі госці. Намеснік старшыні Дзятлаўскага райвыканкама, старшыня раённай арганізацыі ГА “Белая Русь” Ігар Кухарэвіч пажадаў здзяйснення ўсіх запаветных мараў у новым годзе і паспяховай вучобы юным удзельнікам свята; цярпення, бадзёрасці духу, плёну ва ўсіх справах – дарослым. Эстафету віншаванняў перанялі намеснік начальніка аддзела адукацыі райвыканкама, старшыня раённай арганізацыі ГА “Беларускі саюз жанчын” Алена Жадзейка, галоўны спецыяліст аддзела адукацыі райвыканкама, намеснік старшыні раённага аддзялення Беларускага дзіцячага фонду Алена Чайкоўская, намеснік дырэктара ЦБУ № 407 горада Дзятлава ААТ “ААБ Беларусбанк” Святлана Кончык. Падтрымаць дзетак у час ранішніка прыйшлі намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама Святлана Залучан, дырэктар сацыяльна-педагагічнага цэнтра горада Дзятлава Ала Жэгалік, метадыст аддзела адукацыі райвыканкама Таццяна Сіўко.

Цікавую, багатую на танцы, рухомыя гульні і забавы праграму для ўдзельнікаў сустрэчы падрыхтаваў Беларускі гульнёвы тэатр роставых лялек “Dolls4All” і яго кіраўнік Іван Каско. Спачатку казачныя героі запрасілі юных гарэзаў на танцавальны флэш-моб.

Потым і ўвогуле не давалі прысесці: заклікалі ў навагодні карагод, пазнаёмілі з вясёлым клоўнам і Свавольнікам Бубам. Усе разам скакалі, паўтаралі розныя рухі, спявалі. Не абышлося і без вядомых мультыплікацыйных герояў, якія папрасілі дзяцей таксама прынялі ўдзел у здымках новых серый мультфільмаў. За цікавымі заняткамі дачакаліся Снягурачку, якая прапанавала паклікаць Дзядулю Мароза. Навагодні чараўнік расказаў дзецям, што ўвесь гэты час назіраў за іх забавамі па скайпе, пахваліў танцораў за актыўнасць і весялосць. Затым усе жадаючыя пачыталі Дзядулі Марозу навагоднія вершы, за што атрымалі ад Снягурачкі салодкія прызы.

Нарэшце настаў самы жаданы і доўгачаканы момант – уручэння падарункаў і традыцыйных фотаздымкаў з казачнымі героямі каля ёлкі. Для дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў салодкія падарункі былі набыты за кошт бютжэтных сродкаў. Спонсарам раённага свята стаў таксама ЦБУ № 407 горада Дзятлава ААТ “ААБ Беларусбанк”.

Ірына КАЎКЕЛЬ



Теги: