Апошні шматдзённы пост у годзе – Калядны. Ён пачаўся 28 лістапада і працягнецца да 7 студзеня.
Посцячыся цялесна, неабходна памятаць, што галоўнае — пост духоўны. Таму калі чалавек абмяжоўвае сябе ў ежы, але пры гэтым не наведвае храм, удзельнічае ў якіх-небудзь забавах, то адчувальнай карысці яго пост не прынясе, стане чымсьці накшталт своеасаблівай “дыеты”, не больш за тое. Без малітвы за набажэнствам унутраны сэнс поста наогул зразумець немагчыма.
Постам добра сесці, падумаць і разабрацца: што ў маім паўсядзённым жыцці шкодзіць душы? Чаго я мог бы не рабіць ці рабіць значна менш? Карыстацца інтэрнэтам без канкрэтнай мэты, тэлевізар глядзець, злавацца, зласловіць.
Каб пасціцца, неабходна “плыць супраць агульнай плыні”. Можна сказаць яшчэ дакладней: для таго і неабходны пост, каб навучыцца плыць такім чынам. У сучасным хрысціяніне далёка не заўсёды з першага погляду можна распазнаць верніка. Занадта мала тых адрозненняў, якія павінны ў яго жыцці прысутнічаць. Напрыклад, хрысціянін павінен адрознівацца тым, што ён не хлусіць, не асуджае, не гневаецца, не карысталюбівы, не прывязаны да выгодаў гэтага свету… а на самой справе мы ўсе да гэтага свету вельмі прывязаныя. Пост даецца цяжка не столькі арганізму, колькі яшчэ не падужэлай душы. Але менавіта пераадольваючы цяжкасці, душа становіцца мацнейшай. Гэта значыць тое, што з’яўляецца складанасцю посту, складае яго сутнасць. І называецца словам “подзвіг”.
Пост не толькі час пасільнага аскетычнага подзвігу, але і час спакусаў. Выяўляецца такая духоўная заканамернасць: пачынаючы спрабаваць жыць больш сабрана, чалавек выходзіць на лінію барацьбы. На яго паўстаюць тыя сілы, якія супрацівяцца ўсяму добраму ў нашым жыцці. Але гэта адбываецца не без волі Божай.
А часцей за ўсё спакусы постам выяўляюцца ў абвастрэнні існуючых канфліктаў ці ўзнікненні новых. Наогул, чалавек, які трымае пост, на жаль, становіцца часам значна больш раздражняльным, нервовым. Але ведаючы загадзя пра тое, што пост — час спакусаў, можна лепш рыхтавацца да іх і пераносіць іх больш дабрадушна. Галоўным чынам у гэтым павінна дапамагаць малітва. Постам вернікі звычайна павялічваюць сваё малітоўнае правіла: чытаюць Псалтыр, кладуць зямныя паклоны, імкнуцца не дапускаць у правіле нейкіх недаглядаў або скарачэнняў.
Тады і дзень свята, як вянок яго посту, становіцца для яго днём сапраўднай радасці, сапраўднай духоўнай урачыстасці.
Святар СЕРГІЙ,
настаяцель прыхода храма Пакрова Прасвятой Багародзіцы аграгарадка Дварэц