У сярэдняй школе № 1 горада Дзятлава ў рамках падрыхтоўкі да 75-годдзя Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне прайшоў конкурс-фестываль дзіцячага мастацтва “Памяць сэрца”.
На працягу месяца навучэнцы школы з першага па адзінаццаты класс пад кіраўніцтвам педагогаў рыхтавалі нумары для намінацый: “Вершы пра вайну”, “Песні ваенных гадоў”, “Мы малюем вайну”, “Тэатральная замалёўка”. У фестывалі прынялі ўдзел 36 навучэнцаў 1-4 класаў і 37 навучэнцаў 5-11 класаў.
На сцэне вучні ўзгадалі падзеі Вялікай Айчыннай вайны, чыталі вершы, спявалі песні, а першакласнікі нават станцавалі. Вучаніца 4 “А” класа Ксенія Валяк прадставіла пашуковую работу “Чалавек, які пакінуў пасля сябе светлую памяць”. Яна расказала пра подзвіг свайго прадзеда, святара Івана Комара. Самымі актыўнымі ўдзельнікамі свята сталі навучэнцы 1 “А” і 1 “Б”, 7 “Б”, 9 “А” класаў.
Кампетэнтнае журы, у склад якога ўвайшлі прадстаўнікі адміністрацыі і вучнеўскага самакіравання, не змагло адразу падвесці вынікі конкурсу, але ўзнагародзіла ўсіх удзельнікаў фестывалю памятнымі сувенірамі. Пасля доўгага абмеркавання пераможцамі конкурсу-фестывалю “Памяць сэрца” прызнаны: у намінацыі “Вершы пра вайну” – Іван Урбановіч (4 “Б” кл.), Аляксандр Рэдзецкі (11 “А” кл.), Сямён Муха ( 11 “Б” кл.) – 1 месца, Лізавета Юргель (3 “А” кл.), Лізавета Якубоўская (3 “А” клас), Караліна Мудрая (10 кл.) – 2 месца, Максім Лаўрэнцьеў (2 кл.), Дар’я Мясаед (9 “А” кл.) – 3 месца ; у намінацыі “песні венных гадоў” лепшымі сталі Дар’я Іода (6 “А” кл.), Ангеліна Любарчык (6 “Б” кл.), Дар’я Бурдун (4 “А” кл.), Вольга Глацько (2 кл.); у намінацыі “Мы малюем вайну” – Павел Крывулька ( 7 “А” кл.), Анастасія Дарашкевіч (10 кл.), Анастасія Юргель (7 “Б” кл.),Вадзім Зарубін (7 “Б” кл.), Маргарыта Дораш (7 “Б” кл.), Ганна Лаўрэнцьева (4 “Б”кл.).
Напрыканцы свята дырэктар школы Аксана Пацыновіч падзякавала ўсім дзецям і педагогам за актыўны ўдзел у конкурсе-фестывалі, пажадала творчых поспехаў і нагадала, што памяць пра падзеі Вялікай Айчыннай вайны павінна жыць у сэрцы кожнага чалавека. Кожны з нас павінен імкнуцца жыць у міры і згодзе, як з самім сабою, так і з іншымі людзьмі. І заўсёды трэба памятаць пра тых, дзякуючы каму сёння мы можам жыць пад мірным небам, вучыцца, марыць, здзяйсняць пастаўленыя мэты.
Аляксей Пацыновіч,
навучэнец сярэдняй школы № 1 г. Дзятлава