Акцыя “Нашы дзеці”. Вялікай сям’і – карысныя падарункі

Галоўнае Грамадства Свежыя навіны

Рэспубліканская дабрачынная акцыя “Нашы дзеці” ўпэўнена крочыць па Дзятлаўшчыне.

30 снежня ў дзіцячы дом сямейнага тыпу Марыны і Аляксандра Шэлегаў з падарункамі і віншаваннямі наведаліся старшыня Дзятлаўскага раённага выканаўчага камітэта Аляксандр Дубовік, начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Наталля Белаус, галоўны спецыяліст аддзела Алена Чайкоўская.

Аляксандр Леанідавіч, Марына Генадзьеўна і дзеці гасцям заўсёды рады. Каб у доме адчуваўся святочны настрой, яны загадзя запалілі агеньчыкі на ёлцы, па-навагодняму ўпрыгожылі пакоі.

– Вы выдатная сям’я, з якой у нас на Дзятлаўшчыне можна ўпэўнена браць прыклад, – зазначыў, звяртаючыся да гаспадароў, Аляксандр Дубовік. Кіраўнік раёна павіншаваў дарослых і дзяцей са святамі, пажадаў здароўя, цёплых узаемаадносінаў, шчасця і дабрабыту. Да яго пажаданняў далучыліся Наталля Белаус і Алена Чайкоўская.

Дзятлаўскі раённы выканаўчы камітэт і аддзел адукацыі сёлета набылі для дзіцячага дома сямейнага тыпу вельмі патрэбныя ў быце падарункі – газонакасілку і набор каструляў. Гаспадары шчыра падзякавалі за клопат і падтрымку.

– Прыемна разумець, што ў такой важнай справе, як выхаванне дзяцей, у нас ёсць надзейныя дарадцы і памочнікі, – зазначыў Аляксандр Шэлег. – Дзякуючы вам і Божай дапамозе, мы не баімся цяжкасцяў. На памяць аб сустрэчы Аляксандр Леанідавіч падарыў гасцям календары на новы 2020 год.

Напрыканцы сям’я і госці разам сфатаграфаваліся каля ёлачкі.

 

Ірына СТЫРНІК



Теги: