Пастаянныя спонсары сацыяльна-педагагічнага цэнтра горада Дзятлава – адміністрацыя і пасяленцы папраўчай калоніі-пасялення № 26 – у час зімовых святаў вырашылі наведаць сацыяльны прытулак.
Для дзяцей, якія трапілі ў складаную жыццёвую сітуацыю і часова жывуць у прытулку, госці ў рамках дабрачыннай навагодняй акцыі “Нашы дзеці” прывезлі цацкі і салодкія падарункі.
Начальнік атрада Ягор Скібіцкі павіншаваў калектыў установы і дзетак са святамі, пажадаў, каб у кожнага з іх ажыццявілася самае запаветнае жаданне. Дырэктар цэнтра Ала Жэгалік перадала падзяку за дапамогу і плённае супрацоўніцтва на працягу года начальніку калоніі-пасялення Мікалаю Марозу.
Дзеці з радасцю ўключыліся ў размову, прапанавалі гасцям разам адкрыць рознакаляровыя ўпакоўкі і пачаць гульню. Лёша здзіўляўся, што яму дастаўся танк на радыёкіраванні: напярэдадні ён якраз прасіў у Дзеда Мароза машынку з пультам. Валерыя з захапленнем разглядвала лялечны домік. Артур пачаў нешта збіраць з канструктара. Гледзячы на дзяцей было зразумела, што радасць падарыць проста, калі ёсць жаданне дапамагаць.
Ірына СТЫРНІК