Уявім сабе, што такіх турыстаў будзе шмат летам, у самы сезон турыстычных вандровак.
Пешых, на сваім транспарце і тых, хто прыедзе цягніком ці аўтобусам. Сапраўды, што паказаць, на Дзятлаўшчыне ж шмат месцаў і пабудоў, якія варта ўбачыць. А трэба, напрыклад, выбраць толькі пяць: час абмежаваны. Давайце павандруем па маіх любімых мясцінах!
Першы прыпынак, безумоўна, Дзятлава. Касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі, пабудаваны Сапегамі, знакамітым Львом Сапегам, Вялікім Канцлерам Літоўскім, і яго сынам Казімірам, самы стары будынак нашага горада, наш гонар. Шмат таямніц прыхавана ў гісторыі будынка, і адна з іх – сэрца Радзівіла.
Напэўна, не кожны дзятлаўчанін ведае, што ў нашым касцёле захоўваецца сэрца аднаго з уладальнікаў Дзятлава – Мікалая Фаўстына Радзівіла. Некаторыя лічаць гэты факт легендай, але ў кожнай легендзе ёсць доля ісціны. Хто ж такі Мікалай Фаўстын Радзівіл і чаму яго цела захоўваецца ў Нясвіжскім замку, а сэрца ў Дзятлаве?
Князь Мікалай Фаўстын Радзівіл нарадзіўся 21 мая 1688 года ў Дзятлаве. Ён дзяржаўны дзеяч Вялікага Княства Літоўскага, мечнік вялікі літоўскі, пазней – ваявода наваградскі (1729-1746), генерал-лейтэнант (1725).
Пасля пажару 1743 года ім адбудаваны ў Дзятлаве касцёл. Пасля смерці мужа скончыла працу яго жонка ў 1751 годзе.
Быў чалавекам адукаваным і начытаным. Аўтар некалькіх прац па гісторыі свету і народаў Еўропы, публіцыстычных твораў. Радзівіл памёр у Дзятлаве 2 лютага 1746 года і быў урачыста пахаваны ў радавой пахавальні ў Нясвіжы, а яго сэрца – у Дзятлаўскім касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі. Захаваўся вельмі рэдкі ўзор надмагільнага партрэта, які змешчаны на тарцы труны. Напісаны алеем на метале каля 1746 года. Радзівіл намаляваны па пояс, у панцыры і плашчы, падбітым гарнастаем, з ордэнскім крыжом.
Згодна з інфармацыяй, прадстаўленай Нясвіжскім музеем-запаведнікам, згадка пра тое, што сэрца Мікалая Фаўстына Радзівіла знаходзіцца ў Дзятловском касцёле, знойдзена ў «Польскім слоўніку біяграфічным» Эвы Шклярскай, а таксама ў кнізе А.Т.Федарука «Старадаўнія сядзібы Гродзеншчыны» (Мінск, “Беларусь”, 2014 год), дзе гаворыцца пра тое, што сэрца М.Ф.Радзівіла, а таксама яго сына Ежы было змешчана ў спецыяльны шкляны посуд і знаходзілася ў нішы касцёла, дзе меўся надпіс і партрэт М.Ф.Радзівіла.
У касцёле ёсць знакаміты арган, якія стаў героем мастацкага фільма “Паланэз Агінаскага” і замураваны падземны ход, які некалі выводзіў на могілкі, да капліцы.
А яшчэ абавязкова паехала б у Дварэц, дзе таксама ёсць што паглядзець. Дварэц упамінаецца ўпершыню ў 15 стагоддзя. Валодамі ім знакамітыя магнаты Вялікага Княства Літоўскага Свідрыгайлы, Кезгайлы, Завішы. На прыкладзе Дварца можна скласці ўяўленне пра ціхае патрыярхальнае мястэчка пачатку 20 стагоддзя, дзе былі царква, шыкоўны каталіцкі храм Божага Цела, сапраўдны шэдэўр архітэктуры, вадзяны млын, рэшткі якога можна ўбачыць і зарад, і местачковая планіроўка тых гадоў, бо мястэчка было яўрэйскім. У Дварцы турыстаў можна пазнаёміць са знакамітымі землякамі – генералам-лейтэнантам авіяцыі С.Г.Каралём, акадэмікам АН РБ А.І.Лакоткам і многімі іншыхмі Але найбольш праславіўся Дварэц сваёй містычнай гісторыяй пра анёла князёў Пратасевічаў на дварэцкіх могілках. Мясцовыя жыхары лічылі, што на свята Божага Нараджэння анёл тры разы аблятае Дварэц і бласлаўляе яго. У часы савецкай улады мясцовыя камсамольцы скінулі скульптуру з пастамента, але на наступную раніцу яна зноў стаяла на сваім месцы. Колькі яны ні справавалі паўтарыць свавольства, нічога у іх не атрымалася, анёл і сёння стаіць на сваім месцы.
З Дварца пакіруем да Горкі, дзе шмат стагоддзяў ляжаць свяшчэнныя камяні-валуны. На могілках у в. Горка на ўзвышшы ў лясным масіве ляжаць камяні-валуны. Тры велізарныя камяні ўтварылі арку. А ў радыусе двух метраў ад аркі ляжыць чацвёрты камень-валун. У народзе яе ахрысцілі «каменныя вароты» або «паклонныя камяні». Прыгледзеўшыся, можна ўбачыць, што ў іх круглаватыя згладжаныя формы, не вельмі роўная паверхня. Вышыня камянёў 2 метры 46 сантыметраў, шырыня 3 метры. Камяні пакрытыя мохам.
Мясцовае насельніцтва лічыць камяні святымі. Ллегенды і паданні распавядаюць, што спакон веку прыходзяць людзі да камянёў, каб вылечыцца ад хвароб. Пройдзеш пад «каменнымі варотамі» – і хвароба сыдзе. Праўда, лечаць камяні толькі прыстойных людзей і тых, хто прыйшоў з верай у вяртанне да жыцця. А з-за дрэнных людзей камяні кожны раз ўрастаюць на некалькі сантыметраў у зямлю.
У свой час «каменныя вароты» былі настолькі высокімі, што пад імі мог свабодна праехаць вершнік. Даўней у Юр’еў дзень тут ладзілі шматлюдныя святы з коннымі спаборніцтвамі. Вершнікі, якія збіраліся з усёй ваколіцы, павінны былі праскочыць праз вароты. Традыцыя гэтая ўзыходзіць да часоў Паўночнай вайны, калі Пётр I праязджаў пад каменнымі варотамі на карэце.
Існуе легенда аб тым, што камяні былі варотамі старой царквы. Аднойчы пан вырашыў вылечыць свайго сляпога сабаку. Ён тройчы праехаў на кані пад камянямі, а за ім бег яго сабака. Так ён абразіў святыя камяні, пасля чаго яны сталі асядаць у зямлю. Ад некалі велічнай брамы застаўся толькі невялікі праём, дзе можна хіба што прапаўзці.
Яшчэ адна цудоўная ўласцівасць «каменных варот» — часам з камянёў пачынае прасочвацца вада. Людзі кажуць: «Камяні плачуць». Сабраную ваду людзі выкарыстоўваюць для лячэння розных хвароб.
“Паклонныя камяні” ўключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь.
Быць на Дзятлаўшчыне і не наведацца да гаспадароў аграсядзібы “Каля дуба” таксама мемагчыма. Гасціннасць, ветлівасць, шчодрасць сям’і Калпінскіх прываблівае гасцей з розных куткоў Беларусі ды і з-за мяжы. Цудоўная прырода, добраўпарадкаваная тэрыторыя, стыльны ландшафтны дызайн – усё для гасцей. А яшчэ разнастаўная кухня, у тым ліку прысмакі. Адсюль нікому не захочацца ад’язджаць.
Ну а ў якасці пятага прыпынку прапаную Накрышкі (можна па дарозе заехаць таксама і ў Міроўшчыну, паглядзець рэшткі пабудоў і парку). Гэта сядзібы, дзе жылі знакамітыя Стравінскія, сваякі вядомага рускага кампазітара Ігара Стравінскага. Мелі некалькі маёнткаў, гаспадарылі, па сведчаннях мясцовых доўгажыхароў, удала, пабудавалі ў Накрышках каменную царкву, якая стаіць да нашага часу і прымае праваслаўных вернікаў. Шкада, праўда, што маёнткі іх не захаваліся, але нічога не зробіш – вайна шмат што зруйнавала.
І, канешне, у час вандровак на нашым раёне варта звяртаць увагу гасцей на прыгажосць прыроды: сасновыя бары, рэчачкі, узгоркі, з якіх адкрывацца цудоўныя краявіды – адна асалода.
Можна паказаць яшчэ шмат чаго: Раготна з яе шматвекавой гісторыяй, Жыбартоўшчына, санаторыі “Радон” і “Альфа-Радон”, Дзікае возера. Усяго не пералічыш. Багатыя мы, дзятлаўчане, толькі ці ўмеем берагчы і шанаваць сваё багацце?
Алена АБРАМЧЫК