Галасуюць жыхары сельскіх саветаў

Грамадства Свежыя навіны

Актыўна праходзілі выбары ў Казлоўшчыне.

Усяго на ўчастку, што размясціўся ў сельвыканкаме, 2035 выбаршчыкаў, з іх 27 тых, хто галасуе ўпершыню. Старшыня выбарчай камісіі Ігар Ціхан расказаў, што людзі ідуць галасаваць цэлы дзень: і пенсіянеры, і моладзь, многія сем’ямі прыходзяць.

Чаго чакаюць ад дзейнасці новаабраных дэпутатаў, падзяліліся жыхары гарадскога пасёлка.

Вольга Гушча:

– Голас аддавала за кандыдата, пра якога ведаю больш, загадзя цікавілася яго дзейнасцю. Лічу, што галасаваць неабходна за таго, хто здольны сапраўды дапамагчы, ведае і разумее праблемы простых людзей. Ад новага дэпутата чакаю зменаў у жыцці ў лепшы бок, менавіта для свайго пасёлка хочацца нейкіх пераўтварэнняў, падтрымкі моладзі.

Яўгенія Мармыш:

– Хочацца, каб дэпутаты былі актыўныя, дапамагалі людзям, для гэтага мы іх і выбіраем. На нашай вуліцы, напрыклад, неабходна зрабіць дарогу. Кандыдат, за якога я галасавала, лічу, вельмі дастойны, абавязкова нам дапаможа.

На выбарчым участку ў Гезгалах, які знаходзіцца ў мясцовай школе, таксама адзначаюць актыўнасць выбаршчыкаў. Усяго галасуючых тут 1055 чалавек, больш за сорак працэнтаў з іх прагаласавалі датэрмінова. Цікавімся, з якім настроем жыхары Гезгалаў ідуць на выбары і чаго чакаюць ад новых прадстаўнікоў у Парламенце.

Дзмітрый Абрамчык:

– Лічу, што кожны беларус павінен скарыстацца сваім правам і прагаласаваць. Менавіта я чакаю, што дэпутаты, якіх выберуць, павінны садзейнічаць росту дабрабыту і паляпшэння якасці жыцця, медыцынскіх паслугаў, удасканалення пенсійнага заканадаўства.

Іна Кулеш:

– Як і многім выбаршчыкам, мне хочацца, каб дзейнасць дэпутатаў была скіравана на паляпшэнне жыцця людзей, у прыватнасці, у нашым населеным пункце. Хочацца новых ідэй, новых дзеянняў. Спадзяюся, што я зрабіла правільны выбар.

Святлана ГРЫШЫНА
Вольга ЮШКЕВІЧ



Теги: