Цеплаэфектыўнасць – дамам, камфорт – у рэгіёны

Галоўнае Свежыя навіны Улада

21 лістапада ў раёне прайшоў Адзіны дзень інфармавання насельніцтва.

Яго тэмы: “Развіццё сацыяльнай інфраструктуры рэгіёнаў Беларусі ў інтарэсах камфортнага жыцця грамадзян”; “Аб выніках сацыяльна-эканамічнага развіцця Гродзенскай вобласці за 9 месяцаў 2019 года”; “Аб адказнасці бацькоў за выхаванне дзяцей, забеспячэнне іх бяспекі”; “Прафілактыка ВІЧ-інфекцый на прамысловых прадпрыемствах. Тэсціраванне на ВІЧ. Ведай свой ВІЧ-статус”; “Аб павышэнні энергаэфектыўнасці шматкватэрных жылых дамоў”.

Інфармацыйная група старшыні Дзятлаўскага райвыканкама Аляксандра Дубовіка пабыла ў Парэцкім сельскім савеце, абласная інфармацыйна-прапагандысцкая група наведала Белтэлекам і Дварэцкі льнозавод, інфармацыйная група старшыні Дзятлаўскага раённага Савета дэпутатаў Аляксандра Бараноўскага выступіла перад жыхарамі аграгарадка Таркачы.

Тэма стварэння ўмоваў для камфортнага жыцця ў кожным кутку краіны чырвонай ніткай праходзіла праз абмеркаванне задачы развіцця сацыяльнай інфраструктуры рэгіёнаў. Дзятлаўчане даведаліся, якія ўстановы аховы здароўя, адукацыі, культуры, спорту і турызму адкрыліся ці адкрыюцца ў бліжэйшы час на Гродзеншчыне, а таксама ў іншых абласцях рэспублікі, колькі ўвагі надаецца забеспячэнню рэгіёнаў кадрамі, укараненню новых паслуг і формаў работы з насельніцвам, выкананню дзяржаўных стандартаў у сферы аховы здароўя, культуры, адукацыі, спорту.

Абмеркавалі актуальную праблему адказнасці бацькоў за выхаванне дзяцей, іх бяспеку. Адпаведна закону, бацькі павінны забяспечваць асноўныя патрэбы сваіх дзяцей, не дапускаць гвалту ў сям’і. Калі дарослыя гэта забываюць, непаўналетніх прызнаюць у сацыяльна небяспечным становішчы, за ненадзейнымі сем’ямі сочаць суб’екты прафілактыкі. Дзятлаўчанам расказалі, што ў 2019 годзе змяніўся парадак прызнання дзяцей у сацыяльна небяспечным становішчы, патлумачылі, за што дарослыя могуць быць прыцягнуты да адміністрацыйнай, крымінальнай, грамадзянска-прававой адказнасці, пры якіх абставінах могуць быць пазбаўлены бацькоўскіх правоў ці абмежаваны ў іх.

1 снежня – Сусветны дзень барацьбы са СНІДам. Напярэдадні гэтай даты нашым землякам нагадалі, чым небяспечна хвароба, як яна перадаецца, чаму неабходна прайсці тэст на ВІЧ, якія экспрэс-тэсты існуюць для выяўлення ВІЧ-статусу, колькі інфіцыраваных жывуць у Гродзенскай вобласці.

Карысна было даведацца, што адпаведна даручэнню Прэзідэнта, у нашай краіне прыняты Указ ад 4 верасня 2019 года № 327 “Аб павышэнні энергаэфектыўнасці шматкватэрных жылых дамоў”. Гэты нарматыўны акт вызначае механізм зніжэння цепласпажывання жылога дома, дазваляе павысіць камфортнасць жыцця грамадзян, дае ім фінансавую падтрымку. Грамадзяне на агульным сходзе добраахвотна прымаюць рашэнне аб удзеле ў энергаэфектыўных мерапрыемствах. Прынятае рашэнне з’яўляецца абавязковым для ўсіх уласнікаў кватэр. Дзяржава выканае работы за кошт бюджэтных сродкаў, пасля чаго частку кошту (да 50 %) размяркуе паміж грамадзянамі на 10 гадоў роўнымі штомесячнымі плацяжамі. Калі сем’ям, напрыклад, малазабяспечаным або шматдзетным, а таксама пенсіянерам падобная растэрміноўка будзе не па сілах, па рашэнні выканкама выплаты можна падоўжыць да 15 гадоў. Акрамя гэтага, гэтыя выплаты будуць улічвацца пры налічэнні безнаяўных жыллёвых субсідый, адпаведна, сума агульных камунальных плацяжоў з улікам плацяжу за цеплавую мадэрнізацыю не перавысіць вызначанага законам парога ў 15-20 % (вёска-горад) ад сукупнага даходу сям’і.

 

Ірына СТЫРНІК



Теги: